Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве і Літве адрэагавалі на ініцыятыву ЗША зьмякчыць санкцыі супраць беларускага калію

Прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота
Прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што Кіеў не падтрымлівае ідэю зьмякчэньня санкцыяў супраць Беларусі, у тым ліку на пастаўкі беларускага калію.

«Не павінна быць ілюзіяў, што праз саступкі ці паслабленьне абмежаваньняў хтосьці можа вывесьці Беларусь з сфэры ўплыву Расеі. Гэта не спрацуе — яна занадта глыбока інтэграваная», — сказаў Андрэй Сыбіга пасьля сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай, паведаміла агенцтва Reuters.

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у інтэрвію выданьню LRT заявіў, што да канца лютага 2027 году няма падставаў пераглядаць санкцыі супраць беларускага калію.

«Магу пацьвердзіць, што мы размаўляем з ЗША на гэтую тэму. Гэтае пытаньне ёсьць у парадку дня, мы ўлічваем розныя меркаваньні. Аднак я хацеў бы адзначыць, што да наступнага году — да канца лютага 2027 году — у дачыненьні да Беларусі дзейнічаюць санкцыі на калійныя ўгнаеньні, і няма ніякіх спосабаў, сродкаў або падставаў для перагляду нечага на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу. Гэта ня толькі пазыцыя Літвы, гэта эўрапейская пазыцыя. Калі будуць такія дыскусіі або калі будуць абмяркоўвацца пытаньні працягу санкцыяў, мы, вядома ж, улічым усе меркаваньні нашых партнэраў», — сказаў Кястуціс Будрыс.

Аднак ён адмовіўся камэнтаваць атрыманьне адпаведнага ліста Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

Што папярэднічала

22 траўня стала вядома, што Злучаныя Штаты папрасілі Літву, Польшчу і Ўкраіну зьняць санкцыі зь беларускага калію, каб дазволіць транзыт гэтай прадукцыі празь іхную тэрыторыю. Адпаведны нефармальны зварот Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША накіраваў на адрас трох сталіц.

20 траўня некалькі замежных агенцтваў паведамілі, што Злучаныя Штаты Амэрыкі падштурхоўваюць Украіну скасаваць абмежаваньні на імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і заклікалі Кіеў паўплываць на эўрапейскіх хаўрусьнікаў, каб яны зрабілі тое ж самае.

Вашынгтон нібыта аргумэнтаваў сваю просьбу тым, што скасаваньне санкцыяў на імпарт ключавога пажыўнага рэчыва для глебы можа дапамагчы Беларусі дыстанцыявацца ад Расеі і адчыніць дзьверы паляпшэньню дачыненьняў зь Менскам.

Эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць працягнутыя.

Лукашэнка заяўляў, што санкцыі не перашкаджаюць экспарту калію

18 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягвае пастаўляць мінэральныя ўгнаеньня на замежныя рынкі насуперак уведзеным міжнародным санкцыям.

«Мы прыставаліся да іх (санкцыяў. — РС), і ў нас сёньня лішніх мінэральных угнаеньняў няма. Усё, што мы некалі пастаўлялі, і нават больш — па цэнах і па аб’ёмах — мы прадаём на міжнародных ранках», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі Дзянісам Пасьлерам і прапанаваў яму пры патрэбе дапамагчы зь мінэральнымі ўгнаеньнямі.

У той жа час Лукашэнка з пачатку дыялёгу з ЗША ня раз абмяркоўваў тэму скасаваньня санкцыяў на пастаўкі беларускіх мінэральных угнаеньняў, у тым ліку праз морскі порт у Літве.

У 2022 годзе Літва спыніла транзыт праз сваю тэрыторыю прадукцыі «Беларуськалію», другога па велічыні ў сьвеце вытворцы сельскагаспадарчых угнаеньняў, пасьля таго як дзяржаўная беларуская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША ў адказ на рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.

Беларусь выкарыстоўвала Клайпедзкі порт Літвы для экспарту калію, буйной крыніцы прыбытку для краіны. Угнаеньні куплялі многія дзяржавы сьвету, у тым ліку такія вялікія, як Індыя, Кітай і Бразылія.

Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі супраць беларускага калію ў 2022 годзе ў адказ на дапамогу Лукашэнкі Расеі пры яе ўварваньні ва Ўкраіну.

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій сёлета ў сакавіку, калі Беларусь вызваліла 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Але эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць працягнутыя.

У сакавіку пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл заявіў літоўскаму нацыянальнаму трансьлятару LRT, што аднаўленьне экспарту калійных угнаеньняў празь Літву будзе выгадным для Злучаных Штатаў. Літоўскія ўлады доўга адмаўлялі які-кольвечы ціск з боку амэрыканцаў у гэтай справе.

15 траўня стала вядома, што міністар замежных справаў Літвы непублічна прызнаў ціск ЗША ў справе транзыту беларускіх угнаеньняў.

Цяпер экспарт беларускіх угнаеньняў цалкам залежыць ад Расеі і яе магчымасьцяў. У той жа час сама меней два з расейскіх морскіх партоў, якія працуюць пераважна зь беларускай прадукцыяй, істотна пацярпелі ад украінскіх удараў. Апроч таго, праз супольную амэрыканска-ізраільскую апэрацыю ў Іране заблякаваны адзін з галоўных гандлёвых морскіх шляхоў — Армуская пратока.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG