Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: ЗША заклікалі Ўкраіну зьвярнуцца да Эўразьвязу па скасаваньне санкцый супраць беларускага калію

«Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота
«Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты Амэрыкі падштурхоўваюць Украіну скасаваць абмежаваньні на імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі і заклікалі гэтую краіну паўплываць на эўрапейскіх хаўрусьнікаў, каб яны зрабілі тое ж самае.

Як паведаміла агенцтва Bloomberg з спасылкай на свае крыніцы, Вашынгтон аргумэнтаваў сваю просьбу тым, што скасаваньне санкцый на імпарт ключавога пажыўнага рэчыва для глебы можа дапамагчы Беларусі дыстанцыявацца ад Расеі і адчыніць дзьверы для паляпшэньня дачыненьняў зь Менскам.

Агенцтва Reuters не змагло адразу пацьвердзіць гэтую інфармацыю. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пакуль не адказаў на просьбу аб камэнтары.

ЗША і Эўразьвяз шырокамаштабныя санкцыі супраць Беларусі пасьля таго, як Менск пачаў жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Абмежаваньні ўзмацнілі пасьля таго, як улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

У сьнежні 2025 году ЗША зьмякчылі санкцыі супраць трох беларускіх калійных кампаній пасьля вызваленьня Менскам 250 палітвязьняў у межах дамоўленасьцяў з ЗША. Эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць падоўжаны.

Што папярэднічала

18 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягвае пастаўляць мінэральныя ўгнаеньня на зьнешнія рынкі насуперак уведзеным міжнародным санкцыям.

«Мы прыставаліся да іх (санкцый. — РС), і ў нас сёньня лішніх мінэральных угнаеньняў няма. Усё, што мы некалі пастаўлялі, і нават больш, — па цэнах, і па аб’ёмах — мы прадаём на міжнародных ранках», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі Дзянісам Пасьлерам і прапанаваў яму пры неабходнасьці дапамагчы зь мінэральнымі ўгнаеньнямі.

У той жа час Лукашэнка з пачатку дыялёгу з ЗША неаднаразова абмяркоўваў тэму скасаваньня санкцый на пастаўкі беларускіх мінэральных угнаеньняў, у тым ліку праз марскі порт у Літве.

У 2022 годзе Літва спыніла транзыт праз сваю тэрыторыю прадукцыі «Беларуськалію», другога па велічыні ў сьвеце вытворцы сельскагаспадарчых угнаеньняў, пасьля таго, як дзяржаўная беларуская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША ў адказ на рэпрэсіі, якія адбыліся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.

Беларусь выкарыстоўвала Клайпедзкі порт Літвы для экспарту калію, які зьяўляецца буйной крыніцай прыбытку для краіны. Угнаеньні куплялі многія дзяржавы сьвету, у тым ліку такія буйныя як Індыя, Кітай і Бразылія.

Эўрапейскі зьвяз увёў санкцыі супраць беларускага калію ў 2022 годзе ў адказ на дапамогу Лукашэнкі Расеі пры ўварваньні ва Ўкраіну.

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій сёлета ў сакавіку, калі Беларусь вызваліла 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Але эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць прадоўжаныя.

У сакавіку пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл заявіў літоўскаму нацыянальнаму вяшчальніку LRT, што аднаўленьне экспарту калійных угнаеньняў празь Літву будзе выгадным для Злучаных Штатаў. Літоўскія ўлады доўга адмаўлялі які-кольвечы ціск з боку амэрыканцаў у гэтай справе.

15 траўня стала вядома, што міністар замежных справаў Літвы непублічна прызнаў ціск ЗША ў справе транзыту беларускіх угнаеньняў.

Цяпер экспарт беларускіх угнаеньняў цалкам залежыць ад Расеі і яе магчымасьцяў. У той жа час сама меней два з марскіх партоў, якія працуюць пераважна зь беларускай прадукцыяй істотна пацярпелі ад украінскіх удараў. Апроч таго, праз супольную амэрыкана-ізраільскую апэрацыю ў Іране заблякаваныя адзін з галоўных гандлёвых марскіх шляхоў — Армуская пратока.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG