Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Літвы кажуць, што ЗША ціснуць, каб дазволілі Беларусі транзыт ўгнаеньняў, прэзыдэнт лічыць іначай

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Архіўнае фота
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Архіўнае фота

Раней улады Літвы заяўлялі, што ніякага ціску з Вашынгтону няма, але цяпер становішча зьмянілася. Зрэшты, міністар замежных спраў і прэзыдэнт Літвы маюць розныя думкі на гэты конт.

У цяперашні час калійныя ўгнаеньні зь Беларусі падпадаюць пад санкцыі Эўразьвязу. Пра зьмену стаўленьня амэрыканскай адміністрацыі да працы Клайпедзкага порту заявіў міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

На пытаньне, ці ціснуць ЗША на Вільню, каб тая аднавіла экспарт калію зь Беларусі, Будрыс, як сьцьвярджаюць прадстаўнікі кіроўнай сацыял-дэмакратычнай партыі, прызнаў пачатак такога ціску на закрытай сустрэчы зь імі:

«Сытуацыя зьмяняецца… Я заўсёды казаў, што такой актыўнасьці няма, але сёньня магу сказаць, што так, зьявілася дадатковая актыўнасьць з боку ЗША», — цытуе літоўскага міністра Reuters.

Аднак публічна міністар не рабіў такіх заяваў.

Будрыс таксама заявіў журналістам, што Літва падтрымлівае санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні беларускага калію і ня будзе абмяркоўваць аднаўленьне экспарту, пакуль яны дзейнічаюць.

Пасольства ЗША ў Вільні не адказала на просьбу аб камэнтары з гэтай нагоды.

Меркаваньне прэзыдэнта іншае

Пры гэтым прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа такога ціску з боку Вашынгтону не заўважае і гаворыць выключна пра «абмен думкамі».

«Так, мы час ад часу абменьваемся інфармацыяй, расказваем нешта нашым амэрыканскім сябрам, яны таксама выказваюць сваё меркаваньне аб Беларусі. Так, перамовы вядуцца, але ёсьць зусім дакладны адказ: у наступныя дзевяць месяцаў у нас фактычна будуць дзейнічаць і падаўжацца эўрапейскія санкцыі», — сказаў палітык.

Наўседа адзначыў, што ў гэтым выпадку гаворка пра эўрапейскія, а не нацыянальныя санкцыі, і Літва ня зможа тут нічога зьмяніць, нават калі б захацела.

Паводле яго слоў, «дастаткова прыкметаў таго, што беларускі рэжым не мяняе сваёй сутнасьці» і працягвае актыўна дапамагаць Расеі, таму ва ўсіх дыскусіях ён бы «выступаў за падаўжэньне санкцый».

Чаму гэта важна

У 2022 годзе Літва спыніла транзыт праз сваю тэрыторыю прадукцыі «Беларуськалію», другога па велічыні ў сьвеце вытворцы сельскагаспадарчых угнаеньняў, пасьля таго, як дзяржаўная беларуская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША ў адказ на рэпрэсіі, якія адбыліся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.

Беларусь выкарыстоўвала Клайпедзкі порт Літвы для экспарту калію, які зьяўляецца буйной крыніцай прыбытку для краіны. Угнаеньні куплялі многія дзяржавы сьвету, у тым ліку такія буйныя як Індыя, Кітай і Бразылія.

Эўрапейскі зьвяз увёў санкцыі супраць беларускага калію ў 2022 годзе ў адказ на дапамогу Лукашэнкі Расеі пры ўварваньні ва Ўкраіну.

Санкцыі ЗША былі зьнятыя ў сакавіку, калі Беларусь вызваліла 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Але эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць прадоўжаныя.

У сакавіку пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл заявіў літоўскаму нацыянальнаму вяшчальніку LRT, што аднаўленьне экспарту калійных угнаеньняў празь Літву будзе выгадным для Злучаных Штатаў. Літоўскія ўлады доўга адмаўлялі які-кольвечы ціск з боку амэрыканцаў у гэтай справе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG