У другі дзень перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай у Абу-Дабі доўжыліся каля 2 гадзін. Што вядома пра вынікі

Перамовы ў Абу-Дабі, 10 лістапада 2026

Украіна дамагаецца спыненьня вайны і гарантыяў бясьпекі ад заходніх партнэраў, каб засьцерагчыся ад магчымага новага нападу Расеі. Адно з патрабаваньняў Масквы — назаўсёды пазбавіць Украіну магчымасьці ўступіць у NATO.

Расея і Ўкраіна ў сераду аднавілі ў Абу-Дабі (ААЭ) перамовы, якія праходзяць пры пасярэдніцтве ЗША. Сёньня другі дзень сустрэчаў, паведаміў галоўны перамоўнік ад Кіева Рустэм Умераў.

«Пачынаем другі дзень перамоваў. Спачатку трохбаковы фармат: разам са Злучанымі Штатамі і Расеяй. Пасьля гэтага правядзем асобную сустрэчу з нашымі эўрапейскімі партнэрамі. Працуем», — напісаў Умераў у сваім Telegram-канале.

Пра аднаўленьне перамоваў паведаміла і расейскае агенцтва ТАСС.

Меркавалася, што другі дзень перамоваў будзе прысьвечаны магчымаму спыненьню агню, пытаньням энэргетыкі і бясьпекі ў Чорным моры, піша AFP.

Меней чым праз дзьве гадзіны пасьля пачатку ТАСС паведаміў аб завяршэньні трохбаковых перамоваў у Абу-Дабі.

Пра тое, што ў Абу-Дабі завяршыліся перамовы з расейскім бокам, Украінскай службе Радыё Свабода паведаміла крыніца ва ўкраінскай перамоўнай групе. Пра вынікі пакуль не паведамляецца.

Паводле слоў крыніцы, пасьля гэтага пачаліся перамовы з прадстаўнікамі ЭЗ.

Першыя вынікі перамоваў

Прадстаўнік Украіны сказаў пра наяўнасьць «добрай дынамікі», па выніках двухдзённых перамоў з Расеяй у Абу-Дабі, якія праходзілі пры пасярэдніцтве ЗША і былі прысьвечаны спыненьню вайны, піша AFP.

«Я лічу, што ў нас ёсьць добрая дынаміка, каб знайсьці рашэньне да надыходу Новага года», — заявіў украінскі перамоўшчык Давід Арахамія, не ўдакладняючы падрабязнасьцей.

Прадстаўнікі Ўкраіны Кірыла Буданаў і Рустэм Умераў на перамовах. 10 лістапада 2026

Ён таксама выказаў надзею, што чарговы раўнд перамоў удасца правесьці «як мага хутчэй».

Спэцыяльныя пасланьнікі прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер у чацьвер 12 лістапада накіруюцца ў Маскву для сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пра гэта паведаміў Кушнер пасьля завяршэньня трохбаковых перамоў у Абу-Дабі.

Паводле яго слоў, пасьля гэтага яны сустрэнуцца ў Дубліне з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Прадстаўнік ЗША заявіў, што падчас сустрэчы з Пуціным яны «паспрабуюць дасягнуць далейшага прагрэсу па пэўных пытаньнях, паколькі бачаць для гэтага канкрэтныя магчымасьці».

«Пасьля гэтага мы вылецім у Дублін, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Зяленскім, расказаць яму пра вынікі перамоў і больш дэталёва разгледзець некаторыя ідэі, якія ўзьніклі сёньня», — прыводзіць словы Кушнера агенцтва AFP.

Удзельнікі перамоваў у Абу-Дабі. Выступае прадстаўнік ЗША Джарэд Кушнер. Справа прадстаўнік Украіны Рустэм Умераў

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі, выступаючы неўзабаве пасьля завяршэньня перамоў — першай вочнай сустрэчы прадстаўнікоў Расеі і Украіны з лютага, — пацьвердзіў дамоўленасьць аб новым «маштабным» абмене палоннымі паміж Масквой і Кіевам.

Маштабны абмен палоннымі, пра які Расея і Ўкраіна дамовіліся падчас перамоў у Абу-Дабі ў сераду, можа адбыцца ў бліжэйшыя два-тры тыдні. Пра гэта, як паведамляе расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС, заявіў расійскі генэрал-лейтэнант Аляксандр Зорын. Паводле яго слоў у абмене возьмуць удзел больш за 1000 палонных з кожнага боку.

Уладзімір Мядзінскі (за трыбунай) і іншыя прадстаўнікі расейскай дэлегацыі ў Абу-Дабі. 11 лістапада 2026

У перамовах удзельнічалі Нямеччына, Францыя і Вялікабрытанія, а таксама Італія, NATO, Эўрапейскі зьвяз. Аднак іх кансультацыі з прадстаўнікамі ЗША і Ўкраіны праводзіліся асобна ад трохбаковых перамоў Украіны, Расеі і ЗША.

Што было ў першы дзень

У аўторак 10 лістапада ў сталіцы ААЭ прадстаўнікі Кіева і Масквы пачалі перамовы — упершыню зь лютага, калі дыялёг зайшоў у тупік, а ўвага Вашынгтону пераключылася на вайну з Іранам.

Пасярэднікамі ў перамовах выступаюць прадстаўнікі ЗША, у тым ліку зяць прэзыдэнта Дональда Трампа Джарэд Кушнер і бізнэсмэн Стыў Уіткаф.

Першая сустрэча доўжылася некалькі гадзін. Яе мэтай быў прагрэс ва ўрэгуляваньні вайны ва Ўкраіне, а таксама — паводле зьвестак Вашынгтону — праца над «новай» сыстэмай бясьпекі, якая ахоплівала б Эўропу, паведаміла агенцтва AFP.

Кушнер заявіў удзельнікам перамоваў, што Злучаным Штатам удалося «скараціць разыходжаньні» паміж варожымі бакамі (не ўдакладняючы дэталяў), і выказаў надзею на прасоўваньне да «ўрэгуляваньня» найгоршага з часоў Другой усясьветнай вайны канфлікту ў Эўропе .

Вядома, што 10 лістапада, апрача тэмаў бясьпекі, бакі абмяркоўвалі маштабны абмен палоннымі.

Пазыцыі і рэакцыі бакоў

Уладзімір Зяленскі, выступаючы ў аўторак у Капэнгагене, назваў перамовы «канструктыўнымі і даволі зьмястоўнымі». Ён дадаў, што, паводле інфармацыі яго каманды, сярод абмяркоўваных тэмаў былі гуманітарныя пытаньні і гарантыі бясьпекі.

Адказваючы на пытаньне пра зьмены ў падыходзе Джарэда Кушнера і Стыва Ўіткафа да мірных перамоваў, Зяленскі сказаў: «Я бачу зьмены. Я вельмі задаволены тым, што чую».

Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што ўдзельнікі перамоваў у Абу-Дабі працуюць над «маштабным абменам палоннымі», і дадаў, што амерыканскія прадстаўнікі накіруюцца ў Расею для далейшага абмеркаваньня гэтага пытаньня.

У Парыжы дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё назваў дыскусіі, якія адбыліся на гэтым тыдні, «вельмі прадуктыўнымі» і заклікаў уключыць эўрапейцаў у перамоўны працэс, «бо яны ўдзельнічаюць у разьвязаньні гэтай праблемы».

Эўропа ўстрывожылася, калі Трамп прапанаваў ідэю пагадненьня з Расеяй аб пераглядзе эўрапейскай сыстэмы бясьпекі, якая склалася пасьля Другой усясьветнай вайны. Таксама ўзьніклі асьцярогі, што Вашынгтон прымусіць Кіеў прыняць фактычную паразу.

Кушнер заявіў, што Злучаныя Штаты спадзяюцца «стварыць новую сыстэму» бясьпекі паміж Украінай, Расеяй і Эўропай, якая забясьпечыць мір на «дзесяцігодзьдзі, калі не на стагодзьдзі».

Масква, якая за некалькі тыдняў да ўварваньня ва Ўкраіну выставіла заходнім краінам ультыматум з патрабаваньнем адвесьці войскі з Усходняй Эўропы, таксама назвала гэта прыярытэтам. Адно з патрабаваньняў Масквы — назаўсёды пазбавіць Украіну магчымасьці ўступіць у NATO. Альянс жа настойвае, што ніводная краіна ня мусіць мець права вэта на імкненьне іншай краіны ўступіць у яго.

Аднак расейскія чыноўнікі не далі ніякага знаку, што гатовыя адмовіцца ад жорсткіх патрабаваньняў, якія Масква выстаўляла яшчэ да таго, як Крэмль у лютым 2022 году пачаў поўнамаштабнае ўварваньне.

Расейскую дэлегацыю ўзначаліў Уладзімір Мядзінскі — гісторык-рэвізіяніст і былы міністар культуры, які, сярод іншага, ставіў пад сумнеў гісторыю і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

Сярод іншых сяброў дэлегацыі высокапастаўленыя супрацоўнікі асноўных расейскіх спэцслужбаў, у тым ліку чалавек, якога ўкраінскія ўлады абвінавачваюць у рыхтаваньні забойства ўкраінскага вайскоўца.

Рустэм Умераў, які ўзначальвае ўкраінскую дэлегацыю, заявіў, што Кіеў засяроджаны на дасягненьні гарантыяў бясьпекі і трывалага міру.

Украіна таксама дамагаецца гарантыяў бясьпекі ад заходніх партнэраў, каб засьцерагчыся ад магчымага новага нападу Расеі пасьля заканчэньня цяперашняй вайны.

Вашынгтон заклікаў Маскву пагадзіцца на гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, створаныя на ўзор двух галоўных палажэньняў NATO, адно зь якіх прадугледжвае, што напад на аднаго сябра альянсу лічыцца нападам на ўсіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі дрон улучыў у порт Усьць-Луга, які Беларусь выкарыстоўвае для экспарту ўгнаеньняў і нафтапрадуктаў

Баявыя дзеньні працягваюцца

Тым не менш уначы баявыя дзеяньні працягваліся. Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Расеі Аляксандар Дразьдзенка напісаў у сваім Telegram-канале, што ў выніку налёту ўкраінскіх бесьпілётнікаў успыхнуў пажар у балтыйскім порце Усць-Луга, ключавым для экспарту нафты.

Нягледзячы на ашаламляльныя страты — паводле ацэнак, больш за 1,5 мільёна забітых і параненых расейскіх вайскоўцаў — Крэмль працягвае наступ, імкнучыся дасягнуць сваіх максымалісцкіх мэтаў. Расейскія ўлады імкнуцца захапіць увесь Данбас.

Украінскія сілы, якія таксама нясуць велізарныя страты, здолелі практычна спыніць расейскія войскі. У некаторых месцах яны вярнулі сабе тэрыторыі, адначасова нанёсшы праціўніку вялікія страты.

Расея амаль штодня наносіць паветраныя ўдары па ўкраінскіх гарадах і мястэчках, разбурае энэргетычную і ацяпляльную інфраструктуру, што пагражае надзвычай цяжкай для мірных жыхароў Украіны зімой.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Завяршыўся першы дзень перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай. Ці ўдалося пра нешта дамовіцца — невядома

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Абу-Дабі праходзяць перамовы паміж Расеяй, ЗША і Ўкраінай. На іх прыбылі і эўрапейскія прадстаўнікі. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чаканьні перамоваў у Абу-Дабі Ўкраіна змагаецца за аднаўленьне энэргетыкі, якую атакуе Расея