Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы Палаты прадстаўнікоў, адпаведны праект закону перадалі на разгляд у Савет рэспублікі. Тэкст самога праекту закону пакуль неапублікаваны.
Як вынікае з паведамленьняў дзяржаўных СМІ аб падрыхтоўцы дакумэнту да другога чытаньня, цяпер удзел у перапісу насельніцтва стане абавязковым з 15 гадоў.
Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Іна Мядзьведзева абгрунтоўвала неабходнасьць такіх зьмен складанасьцямі, якія вынікалі падчас перапісу 2019 году ў выпадках, калі непаўналетнія рэспандэнты пражывалі асобна ад бацькоў.
«Каб забясьпечыць поўны ахоп перапісам насельніцтва раўнду 2030 году, праект закону прадугледжвае зьніжэньне ўзросту рэспандэнтаў, якія самастойна могуць надаваць першасныя статыстычныя дадзеныя пра сябе, да 15 гадоў», — адзначаецца ў абгрунтаваньні.
Апроч таго, цяпер удзельнічаць у перапісу можна будзе дыстанцыйна шляхам запаўненьня перапіснога ліста ў інтэрнэце.
У той жа час, пакуль незразумела, ці будуць прадугледжаныя якія-небудзь санкцыі супраць грамадзян Беларусі, якія ня змогуць удзельнічаць у перапісе.
Пры падрыхтоўцы новай рэдакцыі закону, які ўхвалены для забесьпячэньня правядзеньня перапісу ў 2030 годзе, улічвалі адпаведныя законы, што дзейнічаюць у Расеі, Грузіі і Малдове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Урад Беларусі прапанаваў выключыць з закону аб перапісе абавязковую публікацыю яго вынікаўШто папярэднічала
Апошні перапіс насельніцтва Беларусі прайшоў у 2019 годзе. Тады колькасьць насельніцтва склала 9 413 446 чалавек.
Пачынаючы з 2020 году, калі ўлады разьвязалі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў масавых пратэстаў, нязгодных з фальсыфікацыямі, зь Беларусі мусілі выехаць, паводле розных ацэнак, ад 500 тысяч да аднаго мільёна грамадзян.
Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі «Северо-Западный край» уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі.
Пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу перапісы праводзілі ў 1926, 1937, 1939 гадах. Ад 1959-га такія кампаніі праводзяць раз на 10 гадоў.
Раней паведамлялі, што ў кастрычніку 2027 году правядуць пробны перапіс насельніцтва, а сам перапіс плянавалі на 2029 год. Цяпер гэтую дату перанесьлі на 2030 год.