Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі прапанаваў выключыць з закону аб перапісе абавязковую публікацыю яго вынікаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі падрыхтаваў і ўнёс на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраект аб зьмене закону «Аб перапісе насельніцтва».

Як вынікае з тэксту дакумэнту, апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, улады прапануюць пашырыць кола грамадзян, якія будуць рэспандэнтамі, а таксама зьмяніць умовы доступу да вынікаў перапісу.

Урадавы праект закону ўтрымлівае 13 артыкулаў (у цяперашнім адпаведным законе іх 29).

У прыватнасьці, з новага закону ў выпадку яго ўхваленьня зьнікнуць артыкул 26, які вызначаў распаўсюд выніковых зьвестак перапісу і прадугледжваў абавязковую публікацыю іх вынікаў, а таксама артыкулы 12 і 13, што вызначалі, хто і пры якіх умовах можа карыстацца вынікамі перапісу. Пакуль што, згодна зь дзейным заканадаўствам, карыстальнікамі такіх зьвестак могуць быць дзяржаўныя, іншаземныя і міжнародныя арганізацыі, грамадзяне Беларусі і іншаземцы, якія абавязаныя спасылацца на першакрыніцу.

Урад таксама прапанаваў, каб перапісны пэрсанал зацьвярджалі кіраўнікі адпаведных тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай статыстыкі на падставе сьпісаў з асобаў, якіх абавязаны рэкамэндаваць мясцовыя выканкамы зь ліку катэгорый, вызначаных Саветам міністраў.

Упершыню законапраект прадугледжвае гарантыі тым, хто будзе праводзіць перапіс. Іх прапануюць вызваляць ад працы або навучаньня на час правядзеньня перапісу з захаваньнем заробкаў і стыпэндый, а таксама гарантуюць страхаваньне ад няшчасных выпадкаў.

Як вынікае з праекту закону, улады прапануюць уключыць навучэнцаў сувораўскіх і кадэцкіх вучэльняў у лік рэспандэнтаў. Навучэнцам гэтых устаноў звычайна ад 11 да 17 гадоў. Першасныя статыстычныя зьвесткі ў іх будуць зьбіраць кіраўнікі гэтых вучэльняў.

Апроч таго, аўтары праекту закону прапанавалі замацаваць за ўрадам абавязак зацьвярджаць праграму перапісу. Дагэтуль праграма вызначалася пакуль дзейным законам.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG