«Мы будзем максымальна выкарыстоўваць адміністрацыйныя крыніцы зьвестак — ужо ёсьць пералік дзяржаўных органаў, гатовых іх надаць, будзем супрацоўнічаць з мабільнымі апэратарамі для пазыцыянаваньня», — працытавала Іну Мядзьведзеву дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле яе, перапісныя лісты «мінімізуюць».
«Возьмем максымум з адміністрацыйных крыніц, папярэдне запоўнім іх (мэта — 50% супраць 10–20% раней), каб заашчадзіць час і рэсурсы», — патлумачыла яна.
Іна Мядзьведзева паведаміла, што ўжо створана экспэртная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Белстату, мабільных апэратараў і правайдэраў воблачных рашэньняў.
«Сёлета плянуецца пілётны тэст тэхналёгіяў мабільнага пазыцыянаваньня», — сказала кіраўніца Белстату.
Апошні перапіс насельніцтва Беларусі прайшоў у 2019 годзе. Тады колькасьць насельніцтва склала 9 413 446 чалавек.
Пачынаючы з 2020 году, калі ўлады разьвязалі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў масавых пратэстаў, нязгодных з фальсыфікацыямі, зь Беларусі мусілі выехаць, паводле розных ацэнак, ад 500 тысяч да аднаго мільёна грамадзян.
Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі «Северо-Западный край» уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі.
Пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу перапісы праводзілі ў 1926, 1937, 1939 гадах. Ад 1959-га такія кампаніі праводзяць раз на 10 гадоў.
Форум