Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сталі адной з самых урбанізаваных эўрапейскіх нацый

Менск, архіўнае фота
Менск, архіўнае фота

У Беларусі надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва, нягледзячы намаганьні ўладаў утрымаць жыхароў вёсак ад пераезду ў гарады.

Як паведаміў Белстат 29 красавіка 2026 году, доля жыхароў гарадоў і пасёлкаў гарадзкога тыпу сярод беларусаў склала 80 працэнтаў, доля жыхароў сельскіх населеных пунктаў — 20 працэнтаў.

Па выніках перапісу насельніцтва 2019 года ў гарадах Беларусі пражывала 77,8%, паведамляў Белстат.

Як паведамляе Сусьветны банк, доля гарадзкога насельніцтва ў Эўразьвязе складае 75%, але яна адрозьніваецца паміж краінамі. Так, у Бэльгіі доля гарадзкога насельніцтва складае 88%, у Даніі — 89%, а ў Ірляндыі — 64%, Латвіі — 68%, Літве — 69%.

Старшыня Белстату Іна Мядзьведзева пасьля перапісу 2019 года заклікала людзей заставацца ў тых рэгіёнах, у якіх яны жывуць:

«Самае галоўнае — гэта чалавек, яго заможнасьць, паляпшэньне камфорту таго асяродку, у якім ён жыве. Гэта разьвіцьцё рэгіёнаў. Кожны чалавек павінен атрымаць дастойную працу і жыць у тым рэгіёне, у якім ён сёньня жыве. І любіць тую радзіму і тую зямлю, на якой ён сёньня пражывае».

Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заяўляў, што сваёй задачай бачыць «выратаваньне беларускай вёскі». Пра гэта ён казаў у прыватнасьці 18 сьнежня на Ўсебеларускім народным сходзе. Лукашэнка не выключае, што для вырашэньня праблемы з адтокам людзей з рэгіёнаў будзе ўстаноўлены ліміт на ўвод новых мэтраў жыльля ў Менску — ня больш за 300 тысяч за год.

Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на гэта была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але ў краіне надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG