Выведка Ўкраіны вызначыла расейцаў, адказных за ўдар па школе ў Запароскай вобласьці, дзе загінулі паўсотні чалавек

Пошукавыя работы ў мястэчку Камышуваха Запароскай вобласьці, 8 лістапада 2026 году

Украінская выведка вызначыла імёны расейскіх пілётаў, якія атакавалі авіябомбамі школу ў мястэчку Камышуваха Запароскай вобласьці, у выніку чаго загінулі сама меней 55 чалавек.

«Мы ведаем іхныя імёны. Мы прыцягнем да адказнасьці кожнага вінаватага — ад тых, хто беспасярэдне скідваў бомбы, да тых, хто загадваў гэта зрабіць. Ні вайсковае званьне, ні статус пастаяннага чальца Рады Бясьпекі не даюць імунітэту за ваенныя злачынствы. Злачынцам варта ўважліва вывучыць матэрыялы Нюрнбэрскага працэсу, бо іхны ўласны „Нюрнбэрг“ ужо бліжэй, чым яны сабе ўяўляюць», — напісаў міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга на плятформе Х.

Паводле яго, украінская выведка таксама вызначыла імя афіцэра, які сплянаваў гэты ўдар.

9 лістапада ў ААН адбылося спэцыяльнае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН аб сытуацыі ва Ўкраіне.

«Прычына ўчорашняга збору Рада Бясьпекі напісаная крывёй у Дніпры і Камышувасе. У Дніпры расейскі дрон ударыў па перапоўненай чыгуначнай плятформе і забіў 15 цывільных асобаў. У Камышувасе расейскія кіраваныя бомбы забілі прынамсі 55 чалавек, якія сабраліся, каб атрымаць гуманітарную дапамогу. Толькі ў выніку гэтых двух жахлівых злачынстваў загінулі сама меней 70 чалавек», — напісаў міністар Сыбіга.

Украінскі міністар заклікаў да міжнароднай рэакцыі на «кампанію генацыду супраць Украіны», якую вядзе Масква, «цынічна зьнішчаючы ўмовы, неабходныя для выжываньня мільёнаў украінцаў».

«Расея злоўжывае месцам сталага чальца Рады Бясьпекі, якое яна займае незаконна, атрымаўшы ў спадчыну ад СССР, каб блякаваць міжнародныя акцыі і ўнікаць адказнасьці за ўласныя злачынствы, тэрарызаваць мірных жыхароў або парушаць Статут ААН. Нельга дазволіць Маскве дыктаваць межы міжнароднай рэакцыі на яе ўласную агрэсію», — заявіў Андрэй Сыбіга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лік ахвяр расейскага ўдару па школе на Запарожжы вырас да 53. Пошукі працягваюцца 5-ты дзень

Што папярэднічала

2 лістапада расейская авіяцыя скінула на школу 9 кіраваных бомбаў у той момант, калі там было шмат людзей, якія прыйшлі па гуманітарную дапамогу.

Мясцовыя ратаўнікі пяць дзён шукалі пацярпелых пад заваламі зьнішчанай школы. 9 лістапада мясцовыя ўлады паведамілі, што загінулых пабольшала да 55 чалавек. Пад заваламі яшчэ могуць заставацца 19 чалавек. Ідэнтыфікаваць пакуль што змаглі 33 чалавекі.

Чыгуначны пэрон у Дніпры расейскія войскі атакавалі 29 кастрычніка. Там загінулі сама меней 14 мірных жыхароў, яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні, шэсьць зь іх былі ў цяжкім стане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад расейскіх удараў сёньня загінулі больш як 20 мірных украінцаў. У Дніпры дрон атакаваў людзей на пэроне вакзалу