Пра суд у справе беларуса паведаміў «Позірку» беларускі праваабаронца Раман Кісьляк, які сам змагаецца за легалізацыю на грузінскай зямлі. Імя беларуса, якога арыштавалі, не раскрываецца, бо на радзіме ў выпадку дэпартацыі яго могуць чакаць турма і катаваньні.
Затрыманьне адбылося 6 лістапада ў мэтро. Групы паліцыянтаў сёлета дзяжураць каля найбольш загружаных станцый і часам правяраюць паперы ў мінакоў, якія здаюцца ім замежнікамі.
«Я, на жаль, ня трапіў на суд. Апошнія месяцы я чацьвёрты раз не магу трапіць у залю і прысутнічаць на судовых паседжаньнях, бо мяне перасталі пускаць бязь дзейнага дакумэнта», — сказаў Кісьляк, які некалькі год спрабуе атрымаць прытулак у Грузіі і цяпер знаходзіцца пад часовай абаронай Камітэту ААН у правах чалавека, які разглядае яго скаргу на адмову.
Паводле слоў Кісляка, на судзе былі грузінскія праваабаронцы. Суд не пагадзіўся з аргумэнтамі адваката і прыняў рашэньне аб арышце.
«На працягу пяці дзён ёсьць магчымасьць абскардзіць арышт у апэляцыйным парадку, і далей будзе судовы разбор наконт дэпартацыі», — адзначыў суразмоўца.
На судзе беларусу далі выказацца ў сваю абарону, але агулам судзьдзя прысьпешваў разгляд. Паводле сьведчаньняў, прадстаўніца Дэпартамэнту міграцыі МУС Грузіі гаварыла хутка, нават грузінскія праваабаронцы адзначалі, што ня ўсё пасьпявалі пачуць. Яны падалі скаргу на тое, што працэс ня быў адкрытым у гэтай частцы.
Паводле Кіьляка, зараз «трэба дамагацца таго, каб дэпартацыю прызналі недапушчальнай». Дэпартацыя ў краіну паходжаньня можа прывесьці да незваротных наступстваў у лёсе чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Без рахунку, бяз працы, без дакумэнтаў. Як беларус ужо год жыве ў Грузіі пад пагрозай дэпартацыіШто адбываецца
Пасьля прыходу да ўлады партыі «Грузінская мара», якую палітычныя экспэрты адносяць да прарасейскіх, грузінскае заканадаўства моцна зьмянілася, разам з іншымі грамадзянамі беларусаў затрымліваюць за нелегальнае знаходжаньне ў Грузіі і дэпартуюць. Беларусы, якім пагражае перасьлед на радзіме, апынаюцца перад небясьпекай вярнуцца ў сваю краіну і трапіць там у турму.
Праваабаронца Раман Кісьляк канстатуе, што гэта ўжо ня першы выпадак зь беларусамі. Праваабаронца таксама ведае выпадкі, калі беларускіх грамадзкіх дзеячаў не пускаюць у Грузію, называючы іх «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», аднак колькасьць такіх выпадкаў невялікая.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Грузіі знаходзіцца да сотні просьбітаў прытулку зь Беларусі. У 2025 годзе ўлады Грузіі адмовілі ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі.
У цэнтар часовага разьмяшчэньня пры Дэпартамэнце міграцыі МУС Грузіі летась накіравалі пяцярых беларусаў, шасьцярых выслалі з краіны, паведамлялі ў Нацыянальнай паліцыі Грузіі.
Розгаласу набыў выпадак беларуса Льва Міхеева, які пражыў у Грузіі пяць гадоў і рабіў усё законным чынам. Але ўлады схапілі яго і хацелі дэпартаваць у Беларусь. Такой дэпартацыі не адбылося, але Міхеева ўсё адно вывезьлі з краіны.