Жаночы дзень за кратамі. Як асуджаныя беларускі жывуць у калёніях

Жанчыны ў калёніі. Ілюстрацыйны каляж

У Беларусі рыхтуюць жаночую амністыю. Дэталяў таго, колькі чалавек будуць вызваленыя і на якіх умовах, пакуль няма, законапраект толькі рыхтуецца. Расказваем, як у краіне выглядае сыстэма турэмнага пакараньня жанчын.

Лукашэнка ў абвешчаны ім Год беларускай жанчыны загаварыў пра амністыю з акцэнтам на жанчын. Цяпер у Беларусі за кратамі іх некалькі тысяч. Многія трапілі туды за тое, што нібыта кепска даглядалі сваіх дзяцей, частка — за наркотыкі, а больш за сотню чалавек — за палітыку.

Праваабаронца і былая палітзьняволеная Наста Лойка, а таксама былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк у размове з Свабодай падрабязна ўзгадалі, як выглядае жыцьцё жанчын у папраўчых калёніях Беларусі.

Там носяць лыжкі ў кішэнях. Шыхтуюцца па пяць у шэраг. Прачынаюцца пад гукі паветранай трывогі. Чуюць побач плач немаўлят, але ня могуць узяць іх на рукі. Не выбіраюць, дзе спаць, кім працаваць, што глядзець у тэлевізіі, бо інтэрнэту, як і смартфонаў, там няма. І ня могуць выйсьці за плот.

Пад’ём

Ранак у жаночай калёніі пачынаецца, а шостай гадзіне. Першае, што чуюць жанчыны ПК № 4 у Гомлі: «На тэрыторыі калёніі абвяшчаецца пад’ём! Пад’ём!». Гэта па-расейску гаворыць дзяжурная ў рупар яшчэ савецкай вытворчасьці. У наступны момант яна ўключае сьвятло ў спальнях. Заадно прачынаюцца і тыя, каму ўставаць на другую зьмену, яны пасьля адключаюцца — даспаць. У гэты ж час менш чым за сто кілямэтраў адтуль, у жаночай калёніі № 24 у Зарэччы, зьняволеных будзяць гукам сырэны. Такім жа, якім абвяшчаюць паветраную трывогу ва Ўкраіне.

Жаночых калёніяў у Беларусі дзьве. Першая, ПК № 4, месьціцца на вуліцы Антошкіна на ўскрайку Гомля, паблізу заводу сельскагаспадарчай тэхнікі «Гомсельмаш». Другая, ПК № 24, знаходзіцца ў пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёна проста пасярод лесу. У апошнюю трапляюць толькі паўторна асуджаныя жанчыны.

ДАВЕДКА. Беларускія жанчыны адбываюць пакараньне ў гомельскай папраўчай калёніі № 4, а таксама ў папраўчай калёніі № 24 ў Зарэччы Рэчыцкага раёну. У гомельскую трапляюць «першаходы», зараз у калёніі № 4, паводле інфармацыі праваабаронцаў, каля 1400 зьняволеных. Калёнія № 24 ў Рэчыцкім раёне — адна з самых закрытых у Беларусі. Інфармацыі пра яе ў адкрытым доступе вобмаль. Вядома, што там трымаюць рэцыдывістак і парушальніц рэжыму. Колькі жанчын за кратамі ў Беларусі ў цэлым, невядома, іх можа быць некалькі тысяч чалавек. Сярод іх прыкладна 100 палітзьняволеных. Паводле зьвестак міжнародных дасьледчых цэнтраў, у Беларусі ня толькі найбольш палітзьняволеных жанчын у Эўропе, але і ўвогуле найбольшы адсотак зьняволеных жанчын сярод усіх вязьняў, асуджаных у тым ліку паводле крымінальных артыкулаў. Іх прыкладна 10–11%, у той час як сярэдні паказьнік у Эўропе складае 5%.

У адным пакоі гомельскай жаночай калёніі, або ў «сэкцыі», сьпяць ад 20 да 40 жанчын. Двухпавярховыя мэталёвыя спружыністыя ложкі стаяць упрытык або на адлегласьці выцягнутай рукі. Матрац, падушка, коўдра, дзьве прасьціны, наўлечка. Пасьцельную бялізну можна перадаць з дому.

Абраць сабе месца нельга. Яго кожнай жанчыне прызначаюць супрацоўнікі калёніі. На ложку вісіць бірка зь імем зьняволенай, годам нараджэньня, артыкулам прысуду, пачаткам і канцом тэрміну зьняволеньня. Такая ж бірка на адзеньні. У ПК № 24 ніжнія ложкі займаюць перадусім старажылы. Асуджаныя паводле палітычных артыкулаў, якія носяць жоўтыя біркі «экстрэмістаў», ня могуць спаць унізе. Выключэньне — рэкамэндацыі мэдыкаў і дазвол апэратыўнікаў.

«Гэта звычайна пэнсіянэркі ці людзі з хваробамі», — удакладняе былая палітзьняволеная Наста Лойка.

Наста Лойка, 1238 дзён за кратамі, 869 зь якіх у жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі

Зарачанская калёнія спачатку была вайсковай часткай, таму яна зручней арганізаваная, мяркуе яшчэ адна былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая пабывала ў абедзьвюх жаночых калёніях. ПК № 24 — гэта чатыры былыя трохпавярховыя казармы. На кожным паверсе цяпер разьмяшчаецца адзін атрад калёніі. У адной спальні на двухпавярховых ложках месьцяцца ад 70 да 100 чалавек. Мэталічныя замянілі на ложкі з прасаванай драўлянай стужкі, але яны, на думку Паліны, менш зручныя.

Паліна Шарэнда-Панасюк. 1491 дзень у зьняволеньні

Парадкі залежаць ад калёніі і ад атраду. У некаторых вокны прачыняюць на ноч. Тады мерзнуць тыя, хто сьпіць каля вокнаў. Яны хутаюцца ў халаты паверх піжамы. Калі ж не праветрываць, то становіцца душна.

«Калі я была ў першым атрадзе, маё вакно заўсёды адчынялі. Я спала часам у шапцы і прачыналася зь сьнегам на коўдры», — расказвае Наста Лойка.

На ранішнія гігіенічныя працэдуры — 15–20 хвілін у гомельскай калёніі і крыху больш у зарачанскай. Хтосьці рызыкуе і прачынаецца раней, каб нафарбавацца, але гэта забаронена правіламі. На сто чалавек — сем умывальнікаў і чатыры прыбіральні, апісвае ўмовы аднаго з атрадаў Наста Лойка. У іншым — у два разы больш абсталяваньня. У некаторых прыбіральні бязь дзьверак.

«За гэтыя 20 хвілін атраду ў сто чалавек трэба пасьпець заправіць ложак „капэртай“ спэцыяльнай формы, пераадзецца, аднесьці сваю піжаму ў капцёрку, схадзіць у прыбіральню, пачысьціць зубы, расчасацца», — апісвае патрабаваньні Наста Лойка.

Рэчы зьняволеных захоўваюцца ў асобным памяшканьні — капцёрцы, якое адкрыта толькі ў пэўныя гадзіны і адкуль рэчы выдае дзяжурная.

Улетку да фразы пра пад’ём дадаюць: «Абвяшчаецца форма адзеньня нумар адзін (два, тры)». Гэта азначае, што сёньня кожная абавязана надзець: сукенку, або сукенку зь пінжаком, або спадніцу зь пінжаком. Ружовыя сукенкі ў кветачкі называлі «барбарыскі», расказвае Наста Лойка. Пінжак і спадніца зеленаватага колеру. У цёплы сэзон трэба павязаць на галаву ружовую хусту.

У «целагрэйкавы», халодны пэрыяд — з 15 кастрычніка па 15 красавіка — абавязкова надзяваць целагрэйку, чорную шапку і чорныя калготы або легінсы. Можна пальчаткі і шалік, але каб ён быў невысока. Абутак таксама стандартны, чорны. Бялізна дазволеная любога колеру. Жанчыны просяць перадаць ім з волі падоўжаныя панталёны, бо ў іх зручней хадзіць і працаваць, каб не націраць ногі, тлумачыць Наста Лойка. Папраць рэчы можна раз на тыдзень — у лазенны дзень, але некаторыя мыюць і ў іншыя дні.

«Мы жартавалі зь дзяўчатамі, што ў нас няма праблемы з выбарам адзеньня зранку. За нас усё вырашылі», — успамінае Наста.

У зарачанскай калёніі форма, паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, больш зношаная. Часта яе выдавалі не на памер — замалую або завялікую. У нейкі момант у жанчын забралі непразрыстыя дажджавікі (дазволілі карыстацца толькі празрыстымі), якія ахоўвалі іх падчас гадзінных праверак ад дажджу і якімі можна было карыстацца раней.

Асабістыя рэчы былой палітзьняволенай Алены Гнаук, якія яна змагла забраць з сабой з калёніі

У 6:15–6:20 гучыць сыгнал на сьняданак. Жанчыны маюць пашыхтавацца па пяць у шэраг і разам ісьці ў сталоўку. Сьняданак нязьменны: малочная каша, белы хлеб і гарбата. Атрадам, якія зайшлі апошнімі, застаецца каля дзесяці хвілін, каб паесьці. Прыносіць з сабой ежу ў сталоўку — парушэньне. Але некаторыя прыносілі, прыкладам, арэшкі і, хаваючыся, дасыпалі ў кашу, расказвае Наста. Пасьля сьняданку ўсе вяртаюцца ў атрад. Ёсьць 5–10 хвілін, каб заварыць каву або яшчэ нешта зьесьці.

Фабрыка

А восьмай пачынаецца першая зьмена на фабрыцы гомельскай калёніі. Перад гэтым палова працоўных жанчын выходзяць на вуліцу і шыхтуюцца па брыгадах. У першых шэрагах абавязкова «прафулік» (тыя, хто падлягае «прафіляктычнаму ўліку») — людзі з жоўтымі біркамі. Хвілін дваццаць правяральнікі выгукаюць іхныя імёны. Трэба адгукнуцца і зрабіць крок наперад. У гэты час у атрадах ужо прачнулася і шыхтуецца ўнутры на праверку другая зьмена.

Тэрыторыя калёніі агароджаная некалькі разоў. Але зь яе відаць кавалак жыцьця па-за плотам — суседнія шматпавярховікі, «Гомсельмаш» і краму «Алмі», куды многія плянуюць пайсьці адразу пасьля вызваленьня, каб купіць піцу, сок, ягады, марозіва ці бананы — «адзін з самых дэфіцытных прадуктаў». Зьняволеныя часам бачаць машыны з волі — сьмецьцявоз або фургон з хлебам. На тэрыторыі ёсьць кветнікі, якія даглядаюць самі асуджаныя. Зрэзаць кветку і паставіць у вазу ў атрадзе нельга.

«Мы бачым вокны гэтых дамоў. Калі навагодні дзень, сьвята, людзі вывешваюць шмат гірляндаў, сэрцайкі, зорачкі. Штосьці такое прыгожанькае мы бачым», — успамінае Наста Лойка.

Пахаў у гомельскай калёніі шмат. Частку падкідвае сталоўка — смажаная рыба ды квашаная капуста. Увесну — водар бэзу. З-за плоту далятаюць пахі гумы ад «Гомсельмашу». Сюды дадаецца не заўжды прыемны пах ад адзеньня, якое рэдка можна памыць. Карыстацца парфумай нельга. Яе, з аповеду Шарэнды-Панасюк, робяць, зьмешваючы шампунь, гель для душу, мыла і ваду.

Паліна Шарэнда-Панасюк ў швейным цэху ў гомельскай калёніі. Скрыншот зь відэа беларускіх прапагандыстаў

«На вуліцы там пахла лесам і асфальтам. Час ад часу даходзіў пах пякарні. З сталоўкі — смурод кіслай капусты. У атрадах асноўны — пах брудных целагрэек, якія фактычна ніколі не прасыхалі. Большасьць мыліся вельмі сьмярдзючым гаспадарчым мылам, якое жанчыны называлі „тузік“. Ім жа пралі. Таму было амбрэ гэтага смуроду», — расказвае Паліна пра зарачанскую калёнію, з тэрыторыі якой відаць толькі лес.

На падыходзе да фабрыкі супрацоўніцы гомельскай калёніі выбарачна даглядаюць жанчын. Могуць праверыць спрэс усю брыгаду, могуць усю брыгаду прапусьціць, могуць выбраць толькі асуджаных з жоўтымі біркамі.

«Калі ты целагрэйку расшпільваеш, яны правяраюць твае кішэні, цалкам цябе мацаюць», — апісвае Наста.

З сабой можна мець рукавічкі ўзімку, ня больш за адзін пачак цыгарэт, запальнічку, асадку. Асноўнае — узяць у кішэню сваю асабістую лыжку, інакш ня будзе чым зьесьці абед.

Праходзіць міма правяральнікаў трэба стройнымі шыхтамі — так лягчэй усіх палічыць. Некалькі хвілін перад фабрыкай — рэдкі час, калі можна паразмаўляць адна з адной. «Жоўты гурток», палітзьняволеныя, маюць тады магчымасьць абмеркаваць свае навіны. Гэта і час, каб пакурыць. Каротка паразмаўляць можна таксама з суседкамі па працоўных месцах на фабрыцы, па дарозе на шыхтаваньне, а больш — у нядзелю.

Большасьць жанчын працуюць на швейнай фабрыцы. Кіруе там цывільная жанчына, успамінае Наста. Жанчыны крояць, шыюць, прасуюць форму. Раскройны цэх лічыцца адной з прэстыжных і высокааплатных працаў. Там можна зарабіць больш за сто рублёў у месяц, а на іх схадзіць у краму. Для жанчынаў, якім забаронена пераводзіць грошы з дому, прыкладам, зь «сьпісу тэрарыстак», гэта палёгка. Большыя заробкі мелі і тыя, хто прасаваў пашытае адзеньне — «хто не баяўся пары». Адна з малааплатных працаў — абразаць ніткі з пашытага адзеньня. Сярэдні заробак на фабрыцы каля 20–30 рублёў у месяц, мінімальны — каля рубля, калі з заробку жанчыны вылічваюць большую частку на алімэнты.

Тыя, хто з прычыны здароўя ня можа працаваць на фабрыцы, вяжуць драўлянымі сьпіцамі вяхоткі. Адзінкі працуюць у санітарнай частцы, клюбе, сочаць за парадкам у калёніі. Некаторыя жанчыны працуюць у сталоўцы, частка даглядае дом дзіцяці ў калёніі. На працу ня ходзяць пэнсіянэркі. Яны маюць больш вольнага часу. Зь іхных абавязкаў — яны могуць дапамагаць у дзяжурствах, стаяць на брамцы.

Зьмена на фабрыцы доўжыцца менш за восем гадзін. Каля 15:00 першая зьмена ўжо выходзіць з цэхаў і заходзіць другая. Абед апоўдні, доўжыцца каля гадзіны.

Бірка, якую зьняволеныя жанчыны абавязаныя насіць на сваёй вопратцы за кратамі

У калёніі № 24 асноўная праца — таксама на швейнай фабрыцы, расказвае Паліна Шарэнда-Панасюк. Там шыюць форму для расейскіх вайскоўцаў (бронекамізэлькі, пальчаткі, балаклавы, насілкі), для расейскіх пракурораў, беларускіх сілавікоў, КДБ, для іншых службаў — «Зелянбуд», мэтрапалітэн, «МАПІД». Шыюць нават форму для службы бясьпекі Лукашэнкі. Прычым робяць гэта найбольш дасьведчаныя майстрыхі зь вялікім тэрмінам зьняволеньня — за забойства. Яны маглі атрымліваць па 200–300 рублёў у месяц. Аднак, з словаў суразмоўцы, іх на гэтыя грошы прымушалі набываць імбрыкі, лядоўні, пральныя машыны ў атрад.

У ПК № 24 таксама ёсьць пякарня і цяпліцы, дзе вырошчваюць гуркі, памідоры, перцы, зеляніну. Частка вырабаў зь цяпліц і пякарні ідзе ў турэмную краму, частка на продаж у горад. Хлеб высылаюць таксама ў іншыя калёніі. Некаторыя зьняволеныя працуюць у гэтых цяпліцах і пякарні.

«Умовы вельмі цяжкія, тэмпэратура вялікая. Я бачыла жанчыну, якая была ўся карычневая ад працы, як ад салярыю», — расказвае Паліна аб працы пекара.

Маці зь дзецьмі, непаўналетнія, хворыя на сухоты

Артыкулы, за якія жанчыны аказаліся за кратамі, відаць у іх на нагруднай бірцы і на ложку. Але дэталяў справы могуць не абмяркоўваць з усімі. Часам пра некаторых зьняволеных можна пачытаць у газэце «СБ — Беларусь сегодня» або паглядзець у тэлевізіі.

«Дзяўчаты любілі паглядзець „Зону X“, каб ведаць, каго яшчэ чакаць у калёніі», — адзначае Наста.

Каля паловы жанчын у гомельскай калёніі, з назіраньняў праваабаронцы Насты Лойкі, сядзяць паводле «наркатычнага» артыкулу 328. Раней іх выдзялялі ў асобныя атрады, але ў 2019 годзе адмовіліся ад гэтай практыкі. Іншыя прычыны зьняволеньня — забойствы, эканамічныя злачынствы, цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Наста кажа, што калі яна сядзела, «палітычных» было каля дзьвюх соцень. Цяпер праваабаронцы фіксуюць там 86 палітзьняволеных жанчын.

Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4. Архіўнае фота

Усяго ў гомельскай калёніі дваццаць атрадаў. Першы — карантын, там асуджаныя жывуць першыя два тыдні пасьля этапу. Дзясяты атрад — непаўналетнія асуджаныя. На памяці Насты Лойкі іх было ад васьмі да дваццаці чалавек у розны час. З 14 гадоў яны ходзяць працаваць на фабрыку, але іх працоўны дзень скарочаны. Сярод іх шмат падлеткаў, «схільных да суіцыду». Дванаццаты атрад — жанчыны з сухотамі. Іх было менш за дзесяць. Але потым гэты атрад расфармавалі. Куды падзеліся людзі, Наста ня ведае.

Адзінаццаты атрад — маці, якія нарадзілі дзіця ў зьняволеньні. Іх было больш за дваццаць, працягвае аповед Наста Лойка. Аднак у адмысловым будынку — доме дзіцяці на тэрыторыі калёніі — можна было жыць толькі дзесяці зь іх і толькі пасьля таго, як дзіцяці споўніцца год. Гэта адзін з найноўшых будынкаў. Астатнія маці жывуць ў звычайных атрадах. Дзеці могуць жыць у калёніі да ўзросту трох гадоў.

За тры месяцы да родаў і тры месяцы пасьля парадзіх вызваляюць ад працы. Потым яны маюць, як і ўсе, хадзіць на фабрыку. Да першага году жыцьця маці забаронена браць сваіх дзяцей на рукі. Зь імі ніколі нельга спаць у адным ложку і нават у адным пакоі. Маці могуць карміць сваіх малых некалькі разоў на дзень, але не грудным малаком, а толькі малочнымі сумесямі. У астатні часу дзяцей даглядаюць цывільныя супрацоўніцы. Іншыя асуджаныя зь некаторых месцаў могуць убачыць малых або пачуць іхні плач, расказвае Наста Лойка.

«Гэта для мяне самае жудаснае, бо першы год такі важны для фармаваньня дзіцяці, ім важна адчуваць цеплыню маці. Мне здаецца, гэта абсалютна беспадстаўнае абмежаваньне», — камэнтуе праваабаронца забарону браць дзяцей на рукі.

Дваццаты атрад — рэабілітацыйны цэнтар, які працуе ў калёніі з 2021 году. Туды могуць трапіць людзі з залежнасьцямі. Колькасьць месцаў абмежаваная — 16. Жыць там можна ня больш за паўгоду. Зьняволеныя там у лепшых умовах, сьпяць на звычайных аднапавярховых ложках, па восем чалавек у пакоі. Іхныя рэчы ляжаць не ў капцёрцы, а ў шафе ў спальні. Ёсьць канапа, акварыюм, душ. Пасьля працы на фабрыцы яны ходзяць у асобнае памяшканьне на заняткі з псыхолягам, псыхіятрам, на арт-тэрапію, глядзяць фільмы. Яны рэдка ходзяць на дзяжурствы або дадатковыя працы пасьля фабрыкі, адрозна ад рэшты асуджаных.

«Шмат хто зь дзяўчат (зь іншых атрадаў. — РС) туды ішоў, каб адпачыць паўгоду ў палепшаных умовах», — камэнтуе Наста.

У ПК № 24 дзесяць атрадаў. Асноўная частка зьняволеных, паводле Шарэнды-Панасюк, — асуджаныя паводле 174-га артыкулу і за парушэньні 18-га дэкрэту «Аб дадатковых захадах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобрых сем’ях», які перастаў дзейнічвць з 2025 году. Абодва законы зьвязаныя зь дзецьмі і нядбайным доглядам іх. Гэтых жанчын за кратамі называюць «забавязаныя». У зарачанскай калёніі цяпер знаходзіцца адна палітзьняволеная — Вольга Маёрава, агулам празь яе прайшлі сем жанчын, асуджаных за палітыку.

Ёсьць асобны атрад у калёніі № 24, дзе зьбіраюць людзей з інваліднасьцю: «на мыліцах, ці аднаго вока ня маюць, ці пальца на руцэ», камэнтуе Паліна. Яны таксама ходзяць працаваць, але ня шыць, а клеіць капэрты. У ПК № 24 няма непаўналетніх, няма маці зь дзецьмі. Больш заможнымі лічацца жанчыны, якія сядзяць за наркатычныя або эканамічныя злачынствы — ім перадаюць перадачы з волі. У жанчын з 174-м артыкулам забіраюць амаль увесь заробак, «яны існуюць фактычна безь нічога».

Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4, архіўнае фота

На думку Паліны Шарэнды-Панасюк, у зарачанскай калёніі, з аднаго боку, больш жорсткі рэжым, часта адпраўляюць жанчын у ШЫЗА, бо там сядзяць «рэцыдывісткі». Зь іншага боку, гэтыя зьняволеныя менш баяцца адміністрацыі і часьцей робяць тое, што забаронена ў гомельскай калёніі, — прыкладам, разам гатуюць і ядуць.

«Гэта парадокс. З аднаго боку, больш бесчалавечны рэжым. А зь іншага, гэтыя жанчыны ўжо шмат чаго пабачылі, шмат чаго прайшлі, і іх ужо шмат якімі рэчамі не запалохаць», — адзначае Паліна.

Яна адзначае, што ў зарачанскай калёніі іншыя асуджаныя лепш ставіліся да палітзьняволеных, бо бачылі, што тыя прыстойна сябе паводзяць, ня крадуць, а іх несправядліва кідаюць у штрафны ізалятар. Яны папярэджвалі «палітычных» пра «стукачоў», адмаўляліся рабіць супраць іх правакацыі.

«Псыхалягічна там было прасьцей знаходзіцца», — адзначае былая палітзьняволеная пра ПК № 24.

Паліна заўважае, што ў якасьці пакараньня асуджаную жанчыну маглі прымусіць мыць прыбіральню. Але іншыя не ўспрымалі гэта як перавод у «нізкі статус», як гэта адбываецца ў мужчынскіх калёніях. Такога статусу ў жаночай калёніі, зь ейных словаў, проста няма. Асноўны падзел, які яна заўважала паміж асуджанымі, — на заможных і бедных.

Колькі жанчын знаходзяцца цяпер у калёніях, афіцыйна не паведамляюць. З словаў суразмоўцаў Свабоды, лічба насельніц ПК № 4 вагаецца прыкладна паміж 1200 і 3000 чалавек. Паводле інфармацыі былой палітзьняволенай, праваабаронцы «Вясны» Марфы Рабковай, у гомельскай калёніі апошнім часам знаходзіліся прыкладна 1350 чалавек. У ПК № 24 — каля 700–900 жанчын. Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, калі яна знаходзілася ў зарачанскай калёніі, іх было прыкладна 870 чалавек.

Ежа, лазьня, званкі

Абед у калёніі ядуць апоўдні. На абед звычайна даюць суп, кавалак чорнага хлеба і кавалак белага. На другое — гарох зь мясам, сечка зь мясам, рыба зь пюрэ, каша з катлетай, тушаная бульба з салёным агурком і мясам, бабка.

«Мы бабку не любілі, бо яе вельмі цяжка было гатаваць, нас прымушалі чысьціць шмат бульбы. Націраюць шмат бульбы і разам зь мясам запякаюць», — успамінае Наста Лойка.

На вячэру даюць макарону зь мясам, рыс з рыбай. Ёсьць прадукты, недасяжныя ў калёніі. Іх не выдаюць у мэню, нельга перадаваць у перадачах і немагчыма купіць у краме. Гэта, напрыклад, ягады. Гародніну і садавіну прывозяць у турэмную краму па аўторках. Але атрадам, якія ідуць затаварвацца ў чацьвер, ужо звычайна нічога не застаецца. Заменай ягадам можа стаць сочыва ў слоіках.

Малюнак былой палітзьняволенай ПК-4, архіўнае фота

Паліна Шарэнда-Панасюк успамінае, што ў ПК № 24 тройчы кармілі халадніком. На пытаньне «Тройчы за тыдзень або за месяц?» яна адказвае: «Тройчы за год». Часам жанчын адпраўлялі перабіраць ад гнілі цыбулю, моркву, буракі, капусту.

«Яны проста бяруць гэты бурак ці морквіну, яна ўся ў зямлі. Аб целагрэйку, якая ніколі практычна ня мыецца, выцерлі, штосьці там саскрэблі. І вось яны гэтую брудную гародніну ядуць. Пачысцілі цыбуліну ад лушпіньня і таксама ядуць, капусту таксама», — расказвае Паліна, як жанчыны ўпотай дабіралі вітаміны.

«Вітаміннай ежы не хапае», — падсумоўваюць суразмоўцы.

Родныя могуць перадаваць асуджаным жанчынам прадуктовую перадачу на 50 кіляграмаў раз на тры месяцы, рэчавую перадачу на 50 кіляграмаў і бандэроль да 2 кіляграмаў — раз на паўгоду. Але гэта ўсё дазваляюць толькі, калі няма парушэньняў і калі адміністрацыя ня супраць.

Пасьля абеду работнікі першай зьмены маюць 30-40 хвілін вольнага часу ў атрадзе, калі іх не забіраюць на нейкія нечарговыя працы і дзяжурствы. У гэты час можна перакусіць, выпіць гарбаты, пачытаць, памыцца ў рукамыйніку, напісаць ліст дадому.

А 16-й гадзіне — другая праверка з шыхтаваньнем на вуліцы. У другой палове дня яшчэ два разы па гадзіне абавязковы прагляд у тэлевізары прафіляктычна-выхаваўчых праграм «Вэктару». Гэта можа быць фільм пра шкоду наркотыкаў або іншыя відэа, якія маюць перавыхаваць зьняволеных жанчын. Паміж «Вэктарамі» — вячэра. У зарачанскай калёніі абавязку глядзець «Вэктар» няма. Там у тэлевізары глядзяць расейскія сэрыялы і ток-шоў. А 20-й гадзіне — трэцяя праверка, выключна для тых, хто стаіць на «прафуліку».

Чым яшчэ можна карыстацца ў вольны час — бібліятэка, спартовая заля, царква, клюб, дзе амаль штодня праходзяць імпрэзы, канцэрты, КВЗ, «Што? Дзе? Калі». Але часта для палітычных зьняволеных гэта недасяжна.

Ёсьць дні тыдня, адрозныя ад іншых. Гэта нядзеля — адзіны выходны ад фабрыкі. Але некаторыя нядзелі ўсё адно працоўныя. Яшчэ гэта дзень, калі жанчыны ідуць мыцца — адзін на тыдні, у кожнага атраду свой. Час, каб разьдзецца, памыцца і адзецца, — 15 хвілін. Атрад ходзіць у лазьню ў некалькі заходаў. Душаў звычайна хапае — на кожную па адным. На тыдні ёсьць яшчэ адзін вызначаны дзень, калі дазволена памыць галаву ў атрадзе, у рукамыйніку або тазіку.

«Дзень, калі мы ідзем мыцца, аўтаматычна трошкі больш прыемны», — заўважае Наста Лойка.

У «багатых» атрадах ПК № 24 магла быць пральная машынка, якой маглі карыстацца асобныя жанчыны. Іншыя пралі адзеньне ў тазіках.

«У гэтых тазіках і пралі, і галаву мылі, і ногі», — адзначае Паліна Шарэнда-Панасюк.

Сярод прыемных таксама дзень, калі можна схадзіць у краму, вызначаны раз на тыдзень, і калі вядуць на званкі родным — тройчы на месяц. Доўгія спатканьні з блізкімі (ад аднаго да трох дзён) дазваляюць тры разы на год, і столькі ж — кароткія. Усё гэта — калі няма пакараньняў і ў жанчыны не адабралі магчымасьць купіць сабе нешта або патэлефанаваць дадому.

Увечары ёсьць гадзіна часу, калі можна пераадзецца з формы ў свой чорны спартовы касьцюм. Але на яго трэба перашыць свой нагрудны знак. Наста Лойка кажа, што праз такія нязручнасьці амаль ніколі не пераадзявалася ўвечары.

Парушэньні

Цягам усяго дня жанчына ў калёніі можа зрабіць штосьці, за што яе скіруюць у штрафны ізалятар — халоднае бэтоннае памяшканьне, дзе вомбаль рэчаў і адзеньня і больш, чым звычайна, абмежаваньняў. Парушэньнямі ў калёніі становяцца ўчынкі, якія лічацца нармальнымі ў жыцьці за плотам. Абняць кагосьці, даць глытнуць кавы з свайго кубка, пазычыць туалетнай паперы, не зашпіліць верхні гузік сукенкі, пачаставаць цукеркай, падарыць паштоўку, паразмаўляць падчас праверкі, выказаць сваю думку. Часам на гэтыя «парушэньні» адміністрацыя заплюшчвае вочы, а часам яны становяцца нагодай для пакараньня.

Праваабаронца Наста Лойка мяркуе, што правы жанчын за кратамі шматкроць парушаюць. Гэты сьпіс, паводле яе, вялікі. Сярод пунктаў — брак гендэрнай адчувальнасьці. Разьдзяваць зьняволеных жанчын, дакранацца да іх могуць толькі супрацоўніцы-жанчыны. Але мужчыны могуць сачыць за асуджанымі ў розных памяшканьнях празь відэакамэры.

Былая палітзьняволеная Марыя Калесьнікава ў палаце сустрэлася з бацькам Аляксандрам. Скрыншот зь відэа праўладных тэлеграм-каналаў, магчыма, зьнятага бязь ведама Калесьнікавых. 5 сьнежня 2022 году. Архіўнае фота

«Калі мы ўвечары прыходзім, жанчыны пераадзяюцца. Адзін супрацоўнік ня проста назіраў (празь відэакамэры. — РС), ён яшчэ і камэнтаваць любіў, што ў кагосьці бялізна зь дзірачкамі, яшчэ што-небудзь. Абсалютна непрыемныя рэчы. Некаторыя супрацоўнікі-мужчыны дазвалялі сабе заходзіць праверыць умывальнікі ці нават прыбіральні на фабрыцы», — успамінае суразмоўца.

Адзін з супрацоўнікаў некалькі разоў зьдзіраў з адзеньня на грудзях асуджанай жанчыны абавязковы нагрудны знак, бо яму здавалася, што ён крыху крывы. Наста Лойка ўспамінае, наколькі гэта было непрыемна.

Жанчынам выдаюць толькі 10 пракладак у месяц з «гуманітарнага пакету» і адзін невялікі скрутак туалетнай паперы. Рэшту яны могуць купіць у краме або атрымаць у перадачы з волі. Але калі асуджаная ў штрафным ізалятары, яна ня мае адкуль узяць дадатковых сродкаў гігіены. А выдзеленых можа не хапіць. Насіць з сабой пракладкі нельга. І нават жанчыны не ў ШЫЗА мусяць пасьпець узяць пракладку ў патрэбны час з капцёркі, якая не заўсёды адчыненая.

У ПК № 24 няма пасьцельнага рэжыму, расказвае Паліна Шарэнда-Панасюк. Жанчыны з тэмпэратурай мусяць хадзіць на працу. У санчастку можна трапіць толькі калі, прыкладам, пашкодзіш швейнай машынкай руку на фабрыцы. Ад большасьці хваробаў даюць толькі дзьве таблеткі — ібупрафэн або абязбольнае. Зь ейных словаў, пакуль яна знаходзілася ў калёніі, дзьве зьняволеныя там жанчыны памерлі. Перасоўвацца паўсюль трэба па сходах, бязь ліфтаў, што нязручна для жанчын на мыліцах або тых, каму цяжка хадзіць.

Жанчыны ў калёніі выконваюць непамерна цяжкія фізычныя працы. У ПК № 24 яны мусілі разгружаць пакункі абсталяваньня па 350 кіляграмаў. Іх запрагалі па некалькі чалавек у воз замест каня і змушалі перавозіць такія грузы. Таксама яны меліся бурыць рукамі асфальт і выносіць яго кавалкі.

«Падчас гэтага камусьці пальцы адціснула, камусьці штосьці ўпала на нагу, раздрабіла пальцы на назе», — расказвае Паліна.

Зь ейных словаў, на палітзьянволеных ціснуць тым, што падсяляюць да іх псыхічна неўраўнаважаных жанчын, якія агрэсіўна сябе паводзяць, крычаць, нападаюць, б’юцца, ня мыюцца месяцамі, могуць красьці чужыя рэчы.

«Там талеркі зь ежай лётаюць па камэры. Атмасфэра як у дурдоме», — апісвае Паліна.

Асабістай прасторы ў жанчыны ў калёніі фактычна няма нідзе.

«Ты там пры ўсіх пераадзяесься, пры ўсіх мыесься, у цябе няма ніякай прыватнасьці», — камэнтуе Наста.

Паліна Шарэнда-Панасюк адзначае, што пабыць у адзіноце можна было некалькі хвілін у прыбіральні або выйсьці ўвечары пагуляць па тэрыторыі каля атраду, але гэта азначала зьмерзнуць.

Яна перакананая, што жаночым калёніям у Беларусі не патрэбныя рэформы, бо гэтыя ўстановы, паводле былой палітзьняволенай, трэба зьліквідаваць.

«Усе жанчыны мараць, каб гэтыя калёніі перасталі існаваць. Яны казалі: мы разумеем, што калі злачынства нейкае зрабілі, то мусім быць у турме, мы згодныя сядзець у чатырох сьценах. Але хай гэта будзе турма, а не калёнія, дзе з нас так зьдзекуюцца, дзе мы проста нявольніцы. Абсалютна непрымальнае камэрцыйнае выкарыстаньне працы зьняволеных. Гэта проста ГУЛАГ, бясплатная праца, за якую рэжым атрымлівае рэальныя грошы», — падсумоўвае Паліна Шарэнда-Панасюк.

Увечары пасьля трэцяй праверкі жанчыны маюць час падрыхтавацца да сну, пачысьціць зубы, забраць піжаму з капцёркі. У 21:30 можна класьціся ў свае ложкі. У 22:00 адбой. Ужо пасьля адбою вяртаюцца ў атрады работніцы з другой зьмены.

«Прайшоўшы частку шляху, ужо даходзячы да сваіх „лякалак“ (лякальных участкаў. — РС), атрад зьбіваецца, наперад вырываюцца самыя здаровыя, самыя хутканогія. Яны бягуць хутчэй-хутчэй, каб пасьпець першымі, каб пасьпець заняць ракавіну, памыцца, ногі памыць, рукі, твар. Хутчэй забегчы на кухню, уключыць імбрыкі, хутчэй пасьпець папіць гарбату. Трошкі камічна гэта выглядае, але за гэтым камізмам стаіць вялікая трагедыя людзей», — успамінае Паліна, як зьняволеныя вяртаюцца пасьля другой зьмены.

Ноччу сьвятло ў спальнях адключаюць. Але падчас сну па пакоях ходзяць дзяжурныя зь ліхтаром і правяраюць, ці ўсё ў парадку.