4 лістапада ў этэры тэлеканалу АНТ паказалі інтэрвію зь пераможцам конкурсу «Настаўнік году — 2026» Дзянісам Дубаневічам. Ён выкладае матэматыку ў сярэдняй школе № 5 у Смалявічах. Размова зайшла і пра заробкі ў школе. Дубаневіч параўнаў даходы пэдагогаў з даходамі ў ІТ-сфэры, традыцыйна аднымі з найвышэйшых у Беларусі.
«Калі працуеш у школе 5–6 гадзін у дзень — гэта менш, чым васьмігадзінны працоўны дзень. У службоўцаў заробак каля 3000 [беларускіх рублёў], ты можаш яго атрымліваць, 3000 [беларускіх рублёў] — гэта 1000 даляраў, якія атрымлівае далёка не кожны праграміст», — сказаў Дубаневіч.
А калі выйграваць конкурсы, то можна зарабіць і 4000–5000 рублёў, дадаў Дубаневіч. Матэрыяльны дабрабыт сваёй сям’і ён апісаў наступным чынам:
«Мы можам сабе дазволіць і мяса, і садавіну, і гародніну, купляць адзеньне пад сэзон, калі гэта трэба. Магчыма, бязь нейкіх празьмернасьцяў, але гэта цалкам годны заробак», — сьцьвердзіў ён.
А як насамрэч
Гэтыя выказваньні Дубаневіча трапілі ў сацыяльную сетку Threads і абурылі настаўнікаў. Пэдагогі не пагадзіліся з смалявіцкім матэматыкам (скрыншоты допісаў ёсьць у рэдакцыі, мы не публікуем спасылак на іх з прычын бясьпекі. — РС).
Напрыклад, адна карыстальніца напісала, што працуе ў вясковай школе, мае стаж 20 гадоў і першую катэгорыю, а атрымлівае толькі 1500 рублёў.
Ілюстрацыйнае фота
Іншая паведаміла, што мае вышэйшую катэгорыю, дзьве стаўкі і кляснае кіраўніцтва і ўсё адно ня мае агучаных 3000 рублёў.
Яшчэ адна карыстальінца адказала, што нават з конкурсамі і вышэйшай катэгорыяй столь — гэта 1400 рублёў.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай ад Белстату, сярэдні заробак у адукацыі ў верасьні складаў 2085 рублёў. Гэта менш, чым ува ўсіх іншых галінах, якія ахоплівае статыстыка. Сярэдні ж заробак у Беларусі быў 3099,3 рубля, а ў сфэры інфармацыі і сувязі, на якую спасылаўся Дубаневіч, — 6426,1 рубля.
Што абяцаюць у рэальных вакансіях
Згодна з агульнарэспубліканскім банкам вакансіяў, тая самая смалявіцкая школа, дзе працуе Дубаневіч, цяпер шукае адразу трох настаўнікаў: матэматыкі, фізыкі, расейскай мовы і літаратуры. Абяцаюць да 2500 рублёў, але гэта стаўка. З надбаўкамі можа быць болей.
Пэдагогу-арганізатару тут жа гатовыя плаціць да 1500 рублёў.
У іншых школах вакансіі для пэдагогаў таксама не сягаюць агучаных заробкаў. Гатовыя плаціць у асноўным да 2000 рублёў.
Знайшліся толькі дзьве вакансіі, дзе пэдагогам абяцаюць больш за 3000 рублёў. Абедзьве зьвязаныя з кіроўнымі пасадамі ў галіне ідэалёгіі. У барысаўскай школе № 20 намесьніку кіраўніка ў ідэалягічнай працы абяцаюць да 3500 рублёў.
Ілюстрацыйнае фота
На аналягічнай пасадзе ў сярэдняй школе № 4 у Бараўлянах абяцаюць да 4000 рублёў.
Праграмісту ў прыватнай кампаніі ў Менску прапануюць да 6000 рублёў, гэты заробак таксама ўказаны без надбавак і прэміяў. Апроч заробку, тут абяцаюць мэдычную страхоўку, кампэнсацыю заняткаў спортам.
«5000 рублёў — гэта казкі, 3000 — магчымая столь»
Свабода пагаварыла з супрацоўнікамі галіны адукацыі ў Беларусі на ўмовах ананімнасьці. Усе яны кажуць, што агучаныя Дзянісам Дубаневічам сумы для школы і адукацыі агулам выглядаюць фантастычнымі. На іх думку, ніхто ў школе такіх заробкаў ня бачыць.
Натальля (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) працавала ў адукацыі ў Беларусі каля 7 гадоў, выкладала гісторыю, пасьля была вымушаная зьехаць. Паводле яе, каб зарабіць у школе нават 1500 рублёў, «трэба было там жыць».
«Я думаю, у школе, калі ў цябе дзьве стаўкі, дадатковыя заняткі і нейкія платныя факультатывы, то мо і магчыма зарабіць 3000 рублёў, але, хутчэй за ўсе, гэта столь. 5000 рублёў — гэта казкі. Увогуле твой заробак залежыць ад гадзін, катэгорыі і наяўнасьці платных заняткаў. Катэгорыя пры гэтым мае сэнс, пачынаючы ад першай, другая зусім нязначна ўплывае на заробак. Ці атрымаеш яе, ці не — залежыць ад адносінаў з кіраўніцтвам», — мяркуе былая настаўніца.
Агулам, згодна з рэспубліканскім банкам вакансіяў, у Беларусі цяпер не стае 600 настаўнікаў, менавіта столькі такіх вакансій ёсьць у гэтай базе.