«У 2027-м мы вернемся». Як былая супрацоўніца Акадэміі кіраваньня Натальля Малец нечакана споўніла 5 сваіх жаданьняў

Натальля Малец, фота з прыватнага архіву

Як беларускаму пэнсіянэру выжыць у чужой краіне — бяз пэнсіі, без мэдычнай страхоўкі, бо няма працоўнага стажу? 65-гадовая Натальля Малец расказала Свабодзе, як жыве ў вымушанай эміграцыі.

Натальля Малец апошнія 14 гадоў працавала ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь. Расказвае, што падчас пратэстаў 2020 году яна адмовілася выводзіць выкладчыкаў на мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі. У выніку жанчыну звольнілі да сканчэньня кантракту з фармулёўкай «не падтрымлівала дзеяньняў сілавых структураў».

У 2022 годзе 62-гадовую тады Натальлю увогуле асудзілі на паўтара года так званай «хатняй хіміі» паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу «за абразу прадстаўніка ўлады». А ў верасьні 2023 году абвінавацілі ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК). За тое, што яна з уласнай пэнсіі пераводзіла грошы і слала бандэролі палітзьняволеным.

8 жніўня 2024 года Натальлі прысудзілі 3,5 года пазбаўленьня волі. Адбывала пакараньне яна ў жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі. 13 сьнежня 2025 года Натальлю Малец вызвалілі разам зь вялікай групай 250 палітвязьняў і вывезьлі зь Беларусі. «Экстрэмістаў» з жоўтымі біркамі адвезьлі спачатку ва Ўкраіну, адтуль хтосьці паехаў у Польшчу, хтосьці — у Літву. Разам зь іншымі людзьмі пэнсійнага ўзросту Натальля Малец трапіла ў польскі Ўроцлаў.

«Пашпарты скасаваныя, пэнсіі не выплачваюцца»

Натальля Малец расказвае, што спачатку жыла ў беларускім прытулку ва Ўроцлаве. Атрымала фінансавую дапамогу, падала дакумэнты на міжнародную абарону, станоўчае рашэньне аб ёй прыйшло даволі хутка. Зараз Натальля праходзіць індывідуальную праграму інтэграцыі IPI (Indywidualny Program Integracjі). Гэта адмысловая дзяржаўная праграма сацыяльнай падтрымкі ў Польшчы, каб дапамагаць іншаземцам адаптавацца да жыцьця ў краіне.

Натальля Малец

Натальля здымае пакой і спрабуе выжываць самастойна. Яна лічыць, што апынулася ў даволі спрыяльнай сытуацыі. Асабліва ў параўнаньні зь іншымі палітвязьнямі, вымушанымі эміграваць.

«Мы кажам зараз пра тых, каго „выкінулі“ з краіны. Бо ёсьць пэнсіянэры, якія самі зьехалі, ёсьць людзі, крыху маладзейшыя і якія працуюць, але іх таксама хвалюе пытаньне пэнсіі. Нават калі ім яшчэ плацяць пэнсію ў Беларусі, у іх хутка заканчваюцца пашпарты. У выправаджаных людзей з нашай групы беларускія пашпарты былі скасаваныя, прызнаныя несапраўднымі. Пэнсіі людзям сталага ўзросту ад студзеня не выплачваюцца. На нармальную працу ў нашым узросьце палякі ня возьмуць, мы ж „беспэрспэктыўныя“ працаўнікі. Таму наагул трэба неяк вырашаць праблему зь беларускімі пэнсіянэрамі», — разважае Натальля.

Нават у такім няпэўным становішчы яна ня траціць аптымізму. Бо за час адседкі і ў СІЗА, і ў калёніі ўлады Беларусі «зэканомілі» для яе пэнсію, жартуе Натальля.

«Калі я сядзела ў СІЗА Берасьця (а я там 13 месяцаў правяла!), Фрунзэнскі аддзел сацыяльнага забесьпячэньня Менску, дзе ў мяне аформлена пэнсія, напісаў, што ў іх няма праграмы, каб перавесьці мае грошы ў Берасьце. У калёніі зь мяне вылічвалі толькі за форму, за „камуналку“, можна было траціць толькі пэўную частку грошай на „атаварку“ ў турэмнай краме. Добра, што ў мяне ёсьць сябры, муж, брат, дзеці — мне дапамагалі. А з сваёй пэнсіі я ні капейкі не патраціла, калі была ў СІЗА. То бок у Польшчу я прыехала з саліднай сумай беларускіх рублёў. Гэта гучыць цынічна — але пэнсію, седзячы за кратамі, я зэканоміла. Да таго ж я з старога пакаленьня, і ў Беларусі ў мяне была „заначка“ ў валюце», — прызнаецца жанчына.

Такім чынам, беларускімі грашыма, у тым ліку і з «зэканомленай» падчас адседкі пэнсіі яна пасьля выправаджэньня за мяжу аплаціла жытло за тры месяцы і задатак, які мусіла заплаціць гатоўкай.

«Грошы маюць свойства хутка заканчвацца»

Спадарыня Натальля доўга працавала ў Акадэміі кіраваньня. Яна расказвае, што студэнты яе любілі, паважалі. І выпускнікі Акадэміі, даведаўшыся, што іх былая выкладчыца апынулася ў вымушанай эміграцыі, дапамагалі пераводамі, перадачамі.

«Я не кажу ўжо пра фонды, якія напачатку дапамаглі. Плюс сябры, муж, дзеці. Так што ў мяне падтрымка была, нават ідэальны варыянт — у параўнаньні зь іншымі пэнсіянэрамі, якія былі выправаджаныя зь Беларусі і прыехалі разам са мной. Але грошы маюць уласьцівасьць хутка заканчвацца», — кажа Натальля, якая называе сябе рэалісткай.

Жанчына ўзгадвае першыя дні на волі, калі пасьля калёніі ўсё хацелася пакаштаваць і купіць. Цяпер у чымсьці сябе абмяжоўвае, пераконвае, што безь некаторых спакусаў можна абысьціся: маўляў, «гэта мне ня трэба». Натальля зьняла пакой у трохпакаёвай кватэры, дзе жыве сям’я польскіх пэнсіянэраў.

Натальля Малец

«Яны старэйшыя за мяне на 20 гадоў. Кантактуем на мяшанай польскай, беларускай і расейскай мовах. На маё „dziękuję“ пан Лешэк адказвае: „пожалуйста“ — некалі вучыў расейскую. Але, вядома, у маім узросьце апынуцца ў такім становішчы складана. Зараз я здымаю невялікі гасьцявы домік ў прыватным сэктары на ўскрайку Ўроцлава ў польскай сям’і пэнсіянэраў. Там адзін маленькі пакой, памяшканьне кшталту "кавалеркі." Бо ў сілу ўзроста, здароўя хочацца цішыні і спакою. У калёніі стамілася жыць ў адным памяшканьні зь вялікай колькасьцю людзей. Дзякуй, пакуль я на інтэграцыйнай праграме, пачынаючы з траўня атрымліваю дапамогу 1690 злотых у месяц (прыкладна 340 эўра. — РС). Але празь некалькі месяцаў праграма сканчаецца», — кажа спадарыня Натальля.

Яна дадае, што стабільнасьці ў цяперашняй сытуацыі няма. Нават на мінімальныя выплаты не пражывеш, зазначае суразмоўца. Трэба шукаць стабільную працу хаця б на мінімальны заробак. Натальля перакананая, што катэгорыя «пэнсіянэры» наагул нікому не цікавая. Так было і ў калёніі, так ёсьць і ў эміграцыі.

«У маім 13-м атрадзе была загадчыца гаспадаркі Надзея — яна ненавідзела пэнсіянэраў і настройвала ўвесь атрад супраць нас. Штосьці здарыцца — „гэта пэнсіянэры вінаватыя“. Прымушала нас рабіць тое, што нават у праўнай базе забаронена. Хтосьці моцна перажываў. Мне гэта ўсё пофіг было. Я старалася не зьвяртаць увагі. Знайшла нішу: вывучыць пэнітэнцыярную сыстэму Беларусі, паназіраць, што ў ёй адбываецца, як людзі сябе паводзяць і з аднаго, і з другога боку. Як Міклуха-Маклай сярод людажэраў — і я выжыла», — кажа жанчына.

Натальля лічыць сябе чалавекам камунікабэльным, загартаваным. Але дадае, што ёсьць розныя людзі.

«Усе мы не маладзеем. І ад хваробаў ніхто не застрахаваны. Так што я вельмі шкадую жанчын, якія ў такім узросьце апынуліся за мяжой. Я магу гатаваць. Магу даглядаць пажылога чалавека, але ў пэўны час — не кругласуткава. Аднак узровень маёй польскай мовы пакуль так сабе. Я магла б глядзець за дзецьмі — але не за самымі малымі, не да трох гадоў, бо ў мяне рэакцыя ўжо ня тая. Ідэальная для мяне надомная праца: складаць каробачкі, налепкі на слоікі клеіць. Гляджу рэкляму на фэйсбуку, у іншых сацсетках: праца ў Польшчы ёсьць, нават праца пад сілу людзям ва ўзросьце. Ты можаш сядзець дома і клеіць нейкія каробачкі, этыкеткі. Але як на яе трапіць? Гэта польскія фірмы, патрэбнае веданьне польскай мовы. Вось да мяне ў пятніцу прыйдзе сацыяльная работніца пані Эдыта, буду зь ёй гаварыць, каб дапамагла нейкую надомную працу знайсьці», — ня траціць надзеі беларуска.

Спадарыня Натальля вельмі ўдзячная шматлікім фондам, валянтэрам, якія ёй дапамагалі ў першыя дні. І хоць афіцыйна апека і валянтэрства скончыліся, яна заўсёды можа зьвярнуцца да адказных, добразычлівых, чулых людзей.

Натальля Малец

«Прынамсі тут, ва Ўроцлаве, групе былых палітзьняволеных (ня толькі пэнсіянэрам) дапамагаюць. Тут мы не адчуваем сябе кінутымі. Валянтэрства, мэнтарства афіцыйна скончыліся, але ты заўсёды можаш зьвярнуцца па дапамогу. У пляне сацыялізацыі маральна адчуваеш сябе абароненым. Нас па-ранейшаму шмат куды запрашаюць, дапамагаюць бясплатнымі квіткамі: калі Купалаўскі тэатар (акторы з былой трупы Купалаўскага. — РС) прыяжджае, на „стэндапы“», — з удзячнасьцю кажа Натальля.

Але ўсіх хвалюе найперш матэрыяльная праблема — чым далей плаціць за жытло, што будзе празь некалькі месяцаў, калі праграма ІРІ скончыцца.

«Пытаньне выключна матэрыяльнае — як зарабіць на арэнду кватэры і пражыцьцё. Але я тады пачынаю занурвацца, займацца „самаедзтвам“. Таму ў мяне цяпер гарызонт плявананьня — тыдзень. На календары адзначаю кружочкамі, дзе мне быць, у які час — курсы польскай мовы, „унівэрсытэт залатога веку“, нейкія імпрэзы. Раніцай устала, сплянавала сабе дзень.

Каля дому, дзе я здымаю пакой, ёсьць садочак, а я, яшчэ калі засялялася, сказала, што мне патрэбна фізычная нагрузка. І цяпер збор лісьця — мая адказнасьць. Я, калі лісьце зграбаю, думаю пра сваё, гэта мяне супакойвае. Але пытаньне, што будзе праз год, адганяю: думаю толькі пра тое, што будзе праз тыдзень!» — эмацыйна кажа Натальля.

5 папярэдніх жаданьняў споўніліся «ідэальна»

Беларусы ня ўмеюць рэфлексаваць, перакананая Натальля. І называюць «самаедзтва» рэфлексаваньнем, але гэта ня тое.

«Рэфлексаваць — гэта калі я спакойна ацаніла свае мінусы, прадумала, як зь іх выходзіць, і знайшла дарогу з плюсамі. Хто з нас так робіць? Мы займаемся самаедзтвам і называем гэта разумным словам „рэфлексія“», — разважае жанчына.

Спадарыня Натальля пераконвае сябе, што ў 2027 годзе ў Беларусі адбудуцца зьмены, і вымушаныя эмігранты нарэшце змогуць вярнуцца дадому. Яна расказала пра свае пяць жаданьняў, выкананьне якіх заплянавала пасьля 2020 году. І якія споўніліся, на яе думку, «ідэальна».

Натальля ля карціны «Уваход Аларыка ў Рым» нямецкага мастака Вільгельма фон Ліндэншміт-малодшага, музэй замку ў Ксёнжы

«Пасьля пратэстаў 2020 году мне не працягнулі кантракт на працу ў Акадэміі кіраваньня. Я прыехала зь Менску да маці ў Берасьце, якая цяжка хварэла. Днём даглядаю маці, гляджу да трэцяй гадзіны ночы ютуб, фэйсбук, пару гадзін пасплю, вып’ю кавы…» — узгадвае той складаны час яна.

Потым маці ня стала. Спадарыня Натальля асэнсавала, што жыцьцё «ляціць пад адхон». І вырашыла скласьці для сабе плян, як псыхолягі раяць. Першым пунктам напісала: класьціся спаць, а 22-й, уставаць, а 6-й раніцы.

«Напрасілася… Мяне затрымалі, і амаль тры гады я жыла з адбоем, а 22-й, пад’ёмам, а 6-й. На свабодзе ў мяне гэтага не атрымалася, я папрасіла ў Сусьвету — ён адказаў: „на, атрымай такі рэжым“. Другім пунктам было — наладзіць правільнае харчаваньне. А то на ноч, прабачце, нажаруся (я і так не худзенькая) — сухамятка, бутэрброды. Так што другі пункт быў — навучыцца есьці кашы па раніцах. „Жары свае кашы!“, — адказаў мне Сусьвет, і я амаль тры гады была вымушана есьці кашы па раніцах», — працягвае жанчына.

Наступны пункт пляну быў, як яна сама прызнаецца, «шалёны». Наглядзелася на ютубе, у сацсетках відэа, як людзей б’юць у аўтазаках, але не ўяўляла сабе, што гэта за дзіўная машына такая.

«Я нават драўляную падлогу ў сваёй галаве малявала, бо людзей „кідаюць на падлогу ў аўтазаку“, „ставяць у стакан“ — і я разумела, што „стакан“ мае нейкія грані. Таму трэцім пунктам я напісала: „паглядзець, як уладкаваны аўтазак“. У выніку я разоў сямнаццаць пракацілася ў аўтазаку, калі мяне вазілі на суды.

Чацьвёрты пункт быў — вандраваць. „На табе, атрымай!“, — сказаў Сусьвет, і пасьля выправаджэньня зь Беларусі вандраваць я пачала з Украіны, потым была Польшча. Нядаўна на дзень народзінаў нават у аўстрыйскі Інсбрук зьезьдзіла.

Пяты пункт быў — пачаць вывучаць замежную мову. Зараз у эміграцыі хаджу на курсы польскай. Скажыце, што з жаданьняў не збылося?» — задае рытарычнае пытаньне Натальля.

Калі яна трапіла ў Польшчу і прыйшла ў прытомнасьць пасьля ўсіх перажываньняў, асвоілася, купіла сабе прыгожы лілёвы сшытачак (бо любіць усе адценьні фіялетавага і лілёвага). І пачала пісаць новыя пажаданьні, ужо больш прадуманыя, не такія «дыетычныя», як пасьля 2020 году.

«Я напісала ў новым сшытку лілёвага колеру, што чакаю 2027 году, калі адбудуцца перамены і беларусы вернуцца дадому. Хоць гаспадар кватэры ва Ўроцлаве пан Лешэк пісаў ва ўмове на арэнду жытла: спачатку я жыву паўгода, а потым — бестэрмінова. Але я веру ў перамены ў 2027 годзе — што мы вернемся», — гаворыць Натальля.