Вугоршчына адкрыла грамадзкасьці архівы сакрэтных службаў камуністычнай эпохі

Сьцягі Вугоршчыны і Эўрапейскага зьвязу ў Будапэшце

Крок спадабаўся ня ўсім, бо, як мяркуюць некаторыя дасьледнікі, шэраг людзей залучылі быць інфарматарамі камуністаў дзякуючы шантажу вакол залежнасьцяў, сэксуальнай арыентацыі і іншых абставінаў, ня ўсе станавіліся «стукачамі» добраахвотна.

Паводле новага вугорскага ўраду, адкрыцьцё архіваў дапаможа вугорскаму грамадзтву пераадолець траўмы, нанесеныя 45 гадамі камуністычнага панаваньня.

Крытыкі сьцьвярджаюць, што гэта адбылося занадта позна, многія рассакрэчаныя дакумэнты няпоўныя, а падобныя дзеяньні могуць прывесьці да расколу ў грамадзтве і прычыніць непатрэбныя пакуты сваякам згаданых у іх людзей.

Дата адкрыцьця архіваў сымбалічная: 4 лістапада 1956 году савецкія танкі ўвайшлі ў Будапэшт і іншыя гарады, каб задушыць кароткачасовую вугорскае паўстаньне супраць камуністаў, піша BBC.

«Я заклікаю ўсіх паставіцца да гэтай публікацыі дакумэнтаў — якая, дарэчы, моцна затрымалася — з годнасьцю і чалавечнасьцю», — заявіў журналістам прэм’ер-міністар Пэтэр Мадзяр у Будапэшцкім дзяржаўным архіве.

«Многім сем’ям цяпер давядзецца сутыкнуцца зь няпростай інфармацыяй, якая часта тычыцца іх памерлых сваякоў, — дадаў ён. — Немагчыма пераадолець траўму без абмеркаваньня і пошуку адказаў на пытаньні».

Мадзяр назваў гэты крок выкананьнем абяцаньня, дадзенага тымі, хто ў 1989 годзе зрынуў у Вугоршчыне ўладу Камуністычнай партыі. Адкрыць архівы старых спэцслужбаў было адным з ключавых пунктаў перадвыбарчай праграмы Мадзяра. Ён атрымаў пераканаўчую перамогу на красавіцкіх выбарах, спыніўшы доўгае кіраваньне партыі «Фідэс» і ейнага кіраўніка Віктара Орбана.

У наступныя дзесяцігодзьдзі ўрады розных палітычных сілаў — кансэрватары, сацыял-лібэралы і прадстаўнікі партыі «Фідэс» — неаднаразова разглядалі магчымасьць адкрыцьця архіваў, але ўсё ж адмаўляліся ад гэтага кроку.

Што было зроблена раней?

Пачынаючы з 1998 году, грамадзяне Вугоршчыны маглі атрымаць доступ да ўласных дасье, а гісторыкі — да дакумэнтаў іншых асобаў. Аднак многія імёны былі затушаваныя, а значная частка дакумэнтаў заставалася ў распараджэньні постсацыялістычных спэцслужбаў дзеля іх уласных патрэбаў.

На працягу апошніх 36 гадоў інфармацыя з гэтых архіваў нярэдка трапляла ў публічную прастору, калі ўрады, якія зьмянялі адзін аднаго, выкарыстоўвалі яе для дыскрэдытацыі палітычных апанэнтаў. Акрамя таго, у пэрыяд страты ўлады Камуністычнай партыяй у 1988–1989 гадах многія дакумэнты былі зьнішчаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Параза Орбана ў Вугоршчыне яшчэ больш ізалюе Лукашэнку ў Эўропе, — Карбалевіч

Колькі дакумэнтаў апублікавалі?

Дзякуючы пастанове вугорскага ўраду, апублікаваныя імёны і пэрсанальныя зьвесткі прыкладна 60 000 чалавек, завербаваных спэцслужбамі ў камуністычную эпоху. Яны сталі даступныя на сайце nyitottaktak.hu.

Запіс зьмяшчае сапраўднае імя інфарматара, яго апэратыўны псэўданім, дату нараджэньня, адрас і імя маці, матыў вярбоўкі (добраахвотная згода, шантаж ці прымус), а таксама імя куратара — афіцэра, які працаваў з гэтым чалавекам.

Яшчэ адна група папераў, вядомая як «B-дасье», цяпер праходзіць працэс аблічбоўкі; яна стане даступнай 25 лютага. Гэтыя матэрыялы ўтрымліваюць значна больш падрабязную інфармацыю пра працэс вярбоўкі, а таксама пра тое, наколькі каштоўнымі былі зьвесткі, якія давалі інфарматары.

Паводле розных ацэнак, у пэрыяд ад сьнежня 1944 па люты 1990 году ў Вугоршчыне ў якасьці інфарматараў камуністычныя ўлады завербавалі ад 150 да 160 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вугоршчына высылае 10 расейскіх дыпляматаў. Гэта яшчэ адно сьведчаньне зьменаў у палітыцы Будапэшту

Што гэта значыць?

Чарговая краіна былога сацыялістычнага блёку адкрыла архівы спэцслужбаў. Гэта паспрыяе стварэньню мноства навуковых дысэртацый, журналісцкіх публікацый з раскрыцьцём праўды або пераказам старых падзей. Гэта дазволіць праліць сьвятло на пакрытыя белымі плямамі здарэньні і рашэньні зь мінулага.

У розных краінах, якія раней уваходзілі ў Варшаўскую дамову або кіраваліся камуністамі з цплывам Масквы, архівы ўжо адкрываліся ў папярэднія дзесяцігодзьдзі. Напрыклад, можна атрымаць доступ да спраў спэцслужбаў Stasi (Усходняя Нямеччына), Securitate (Румынія), Sigurimi (Альбанія) і многіх іншых. Пры гэтым не паўсюль доступ да спраў вольны і неабмежаваны.

У Беларусі большасьць архіваў МГБ, КГБ дагэтуль пад грыфам сакрэтнасьці. Іх раскрыцьцё істотна дапамагло бы ў раскрыцьці матываў шэрагу гістарычных падзей мінулага, адзначалі беларускія гісторыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не запэцкаць вопратку крывёю». Гісторыя кáта НКВД