Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не запэцкаць вопратку крывёю». Гісторыя кáта НКВД


Іван Нагорны

У Расеі архівы надзейна хаваюць дакумэнты, што сьведчаць пра злачынствы супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія катавалі і забівалі зьняволеных у сталінскія часы. Юрыст, які прадстаўляе інтарэсы ФСБ, не саромеючыся, абвясьціў на судовым працэсе, што пазыцыя дасьледчыка Сяргея Прудоўскага, які спрабаваў атрымаць доступ да гэтых дакумэнтаў, ня толькі пашкодзіць сваякам чэкістаў, але і перашкодзіць «аб'ектыўнай ацэнцы гістарычнага пэрыяду 1937–1953 гадоў».

Ва Ўкраіне пасьля рэвалюцыі 2014 году архівы савецкіх спэцслужбаў адкрытыя для ўсіх. Тут добра разумеюць небясьпеку забыцьця злачынстваў і ўтойваньня імёнаў катаў. Пра тое, што канцэпцыя «альтэрнатыўнага мінулага» выкарыстоўваецца для легітымізацыі праўленьня ўсіх правадыроў — ад Сталіна да Пуціна, гаварылася ў прымеркаваным да 80-годзьдзя пачатку Вялікага тэрору спэцвыпуску ўкраінскага гістарычнага часопіса «З архіваў ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ», прысьвечанага справам катаў.

Мы публікуем дакумэнты, якія апавядаюць пра жыцьцёвы шлях аднаго з самых страшных сталінскіх забойцаў — старшага лейтэнанта дзяржбясьпекі Івана Рыгоравіча Нагорнага (1902–1941). Ён асабіста расстраляў у Кіеве тысячы чалавек, у тым ліку групу выкладчыкаў ВНУ. Калі пасьля арышту Мікалая Яжова спэцслужбы ўзначаліў Лаўрэнцій Берыя і пачалася чыстка унутранага апарату НКВД, Іван Нагорны не пацярпеў. Не адбіўся на яго кар'еры і незвычайны судовы працэс: супрацоўнікаў НКВД абвінавачвалі ў тым, што яны крадуць і прадаюць у камісійных крамах вопратку, якая належыць асуджаным на сьмяротнае пакараньне. Пецярбурскі дасьледчык Канстанцін Багуслаўскі перадаў Радыё Свабода знойдзеныя ім у архівах дакумэнты і расказаў гісторыю кіеўскага ката:

— Расейская прэса неаднаразова пісала пра лёс вядомых катаў, якія выконвалі расстрэльныя прысуды «троек» і «двоек» у 1937–1938 гадах. Іх прозьвішчы вядомыя: Блахін, Антонаў, Маго, браты Шыгалёвы і некалькі іншых. Нейкую інфармацыю пра іх удавалася атрымаць у расейскіх архівах, паколькі «працавалі» яны ў асноўным у Маскве. Таксама вядомыя ленінградзкія «выканаўцы» — Мацьвееў, Алафэр і Палікарпаў. З адкрыцьцём ва Ўкраіне архіваў ВЧК-ГПУ-НКВД дасьледчыкі атрымалі доступ да вялізнага масіву інфармацыі. Рэпрэсіі ва Ўкраіне былі вельмі жорсткімі: усяго за 1,5 года было расстраляна больш за 130 тысяч чалавек: «калегам» Блахіна і Маго працы хапала. Асноўным ліквідатарам у Кіеве быў старшы лейтэнант дзяржбясьпекі Іван Нагорны, ягоная асабістая справа нумар 3852 захоўваецца ў архіве СБУ ў Кіеве. Частка дакумэнтаў, якія публікуюцца, узятая з гэтай справы.

Атэстацыйны ліст Івана Нагорнага
Атэстацыйны ліст Івана Нагорнага

— Як ён стаў супрацоўнікам дзяржбясьпекі?

— Іван Рыгоравіч Нагорны нарадзіўся ў 1902 годзе ў вёсцы Дзергачы ў Харкаўскай вобласьці ў сялянскай сям'і, украінец. Адукацыя — 4 клясы сельскай школы. Вывучыўся на сьлесара. У кастрычніку 1917-га ўступіў у рабочую заводзкую дружыну, якая была ператвораная ў атрад і адпраўлена на фронт ваяваць з Карнілавым. Ваяваў на розных франтах да 1922 году, быў пяць разоў паранены. Пасьля вайсковай службы ўладкаваўся ў харкаўскую міліцыю, а ў 1926 годзе прызначаны наглядчыкаў камэндатуры ГПУ УССР. У турэмна-наглядніцкай сыстэме ГПУ-НКВД Нагорны працаваў з 1926-га па 1941 год, зь невялікім перапынкам.

— У біяграфіі Івана Нагорнага ёсьць цёмная пляма — у 1929 годзе, быўшы наглядчыкам, ён забіў чалавека і сам трапіў за краты. Што тады адбылося?

— У 1929 годзе, знаходзячыся ў адпачынку ў родным сяле, ён сутыкнуўся з п’янай моладзьдзю і ў сутычцы застрэліў аднаго чалавека. Судом быў прыгавораны да 6 месяцаў турэмнага зьняволеньня ўмоўна і часова адхілены ад пасады.

— Але крымінальнае пакараньне не перашкодзіла ягонай кар'еры ў дзяржбясьпецы. У 1936 годзе, гэта значыць праз 7 гадоў пасьля забойства, яго ўзнагароджваюць ордэнам Чырвонай Зоркі. Магчыма, у яго быў высокі заступнік?

— У 1930 годзе Нагорны вярнуўся ў ГПУ УССР, і яго кар'ера імкліва пайшла угору. Мне невядома, ці былі ў яго заступнікі, але менавіта яму выязная сэсія Вайсковай калегіі Вярхоўнага суду СССР пад старшынствам Ульрыха і ў прысутнасьці пракурора СССР Вышынскага 22 кастрычніка 1937 году, даверыла расстрэл 37 чалавек у справе прафэсараў і выкладчыкаў украінскіх ВНУ. А ў канцы лістапада 1936 году ў газэце «Праўда» зьявілася паведамленьне аб узнагароджаньні 18 чалавек ордэнам Чырвонай Зоркі «за асаблівыя заслугі ва ўмацаваньні сацыялістычнага ладу». Звычайны чытач і не здагадваўся, хто гэтыя людзі і што ў іх за заслугі, а між тым усе ўзнагароджаныя былі элітай савецкіх катаў: ужо згаданыя Блахін, Маго, Шыгалёвы. Пад нумарам 7 у сьпісе значыўся Іван Нагорны.

— У разгар Вялікага тэрору ён асабіста прыводзіў прысуды ў выкананьне. Ці можна вызначыць, колькі чалавек ён забіў?

— Пакуль дакладная колькасьць расстраляных Нагорным не падлічаная, гэта досыць працаёмкая справа. Выказаць здагадку колькасьць я магу толькі прыблізна. З 1936 па 1938 год у Кіеве і вобласьці органамі НКУС было расстраляна не менш за 20 тысяч чалавек. За той жа пэрыяд у Харкаўскай вобласьці было расстраляна больш за 11 тысяч чалавек. На сёньняшні дзень падлічылі акты аб расстрэле, якія захаваліся, падпісаныя харкаўскім «калегам» Нагорнага Арцёмам Зялёным. На яго рахунку 6200 расстраляных грамадзян. Я прагледзеў у архіве каля сотні актаў аб расстрэлах у Кіеве і вобласьці (кожны акт на дзясяткі ці сотні чалавек) — як мінімум 3/4 зь іх падпісаныя Нагорным. З улікам таго, што ў Кіеве было расстраляна больш за 20 тысяч чалавек, мяркую, што ўжо дакладна ня менш за 10 тысяч расстраляныя ім асабіста або пры яго непасрэдным удзеле.

— На адным з сайтаў я знайшоў дзіўную яго характарыстыку: «культавы кат НКВД». Вы пагодзіцеся з такім азначэньнем?

— Мабыць, так. Лічбы проста беспрэцэдэнтныя: у ЗША за ўсё XX стагодзьдзе пакаралі сьмерцю менш людзей, чым былы сьлесар Нагорны расстраляў за паўтара года. Цікавыя радкі зь ягонага атэстацыйнага ліста: «...На асноўнай сваёй працы паказаў сябе як добры чэкіст і арганізатар. Кіраваць і выхоўваць калектыў умее. Ва ўнутранай турме УГБ НКВД УССР выконвае спэцыяльную работу...» Адмысловую работу выконваў чалавек!

Пратакол расстрэлу з подпісам Івана Нагорнага
Пратакол расстрэлу з подпісам Івана Нагорнага

— Як узьнікла справа аб крадзяжы рэчаў расстраляных і гандлі адзеньнем? Як прайшоў суд і чым усё завяршылася?

— Жанчына зайшла ў Кіеве ў камісійную краму і ўбачыла нешта з рэчаў свайго мужа, арыштаванага НКВД (а на самой справе ўжо расстралянага). Пачалася справу, абвінавачанымі прыцягнулі двух кіроўцаў турэмных грузавікоў, якія перавозілі расстраляных. Нагорнага і яшчэ некалькіх супрацоўнікаў спэцтурмы і камэндатуры ўзялі ў якасьці сьведак. Высьветлілася, што рэчы расстраляных раскрадаліся і пасьля прысвойваліся ўдзельнікамі групы або прадаваліся праз камісійныя крамы. Падчас сьледзтва кожны спрабаваў зваліць віну на іншага. Паказаньні Нагорнага ў судзе: «...Такія выпадкі былі, калі я асабіста даваў работнікам камэндатуры рэчы (гімнасьцёркі, боты) на той час, калі яны завіхаліся над расстралянымі, але пасьля працы яны іх здымалі і здавалі назад у кладоўку. Дазвалялася ім апранаць часова чужую вопратку для таго, каб яны не запэцкалі сваё адзеньне ў кроў...” У выніку суду адзін кіроўца быў апраўданы, а другі атрымаў нязначны тэрмін.

Пратакол допыту Паўла Старжыўскага 1938 году раскрывае мэханіку скраданьня адзеньня вязьняў
Пратакол допыту Паўла Старжыўскага 1938 году раскрывае мэханіку скраданьня адзеньня вязьняў

— На кар'еры Нагорнага суд адбіўся?

— Нагорны быў адным з арганізатараў, але ніякай адказнасьці не панёс і кар'ера яго не пацярпела.

— У гэтай справе ж не было нічога выключнага? Пастаянна ўзьнікалі сытуацыі, калі супрацоўнікі НКВД кралі рэчы арыштаваных і гандлявалі імі, а ў Жытоміры нават забілі да сьмерці ламамі жанчыну, пытаючыся, дзе яна схавала золата...

— На Украіне гэта было паўсюдна. Справа аб крадзяжах і гандлі рэчамі расстраляных грамадзян, учыненых супрацоўнікамі Уманьского УНКВД, складаецца зь сямі тамоў і таксама знаходзіцца на захоўваньні ў архіве СБУ ў Кіеве. Аналягічныя справы заводзіліся ў Запарожжы і Жытоміры.

Дакумэнты суду
Дакумэнты суду

— А як адбіліся на яго кар'еры арышт Яжова і чыстка НКВД?

— Арышт Яжова і чыстка ў органах дзяржбясьпекі на ім таксама не адбіліся. Дзіўна, але штатныя каты менш за ўсіх пацярпелі ад чыстак. Некаторых звольнілі, некалькі чалавек застрэліліся, але большасьць прадоўжыла працу па спэцыяльнасьці.

— У адной зь біяграфій Івана Нагорнага сказана, што ён загінуў падчас абароны Кіева, але гісторык Алег Бажан кажа, што ён застрэліўся. Што ж адбылося на самай справе?

— Дакладных зьвестак аб сьмерці Івана Нагорнага няма. Лічыцца, што ён прапаў бязь вестак у 1941 годзе. Дакладна вядома, што застрэліўся ягоны калега па рамястве Аляксандар Шашкоў, таксама кіеўскі кат. На некаторых актах аб расстрэле прозьвішчы Шашкова і Нагорнага суседнічаюць. Уваходзіў Шашкоў і ва ўзнагародны сьпіс з 18 чалавек ад 1936 году, пра які я ўжо згадваў. Да ліпеня 1942 году Шашкоў на пасадзе маёра дзяржбясьпекі ўзначальваў Асобы аддзел 2-й Ударнай арміі пад камандаваньнем генэрала Ўласава. Ён быў цяжка паранены і, каб ня трапіць у палон, застрэліўся.

Дзьмітрый Воўчак, Расейская служба Свабоды

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG