Каб унікнуць гэтай небясьпекі, многія былыя палітвязьні былі вымушаныя пакінуць Беларусь. У адказ улады заводзяць на іх новыя крымінальныя справы паводле артыкулаў 421 («невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду») або 422 («ухіленьне ад прэвэнтыўнага нагляду») Крымінальнага кодэксу. Абвяшчаюць і міжнародны вышук ўцекачоў .
Праваабаронцы «Вясны» сабралі некалькі такіх гісторыяў.
Аляксей Шчарбацюк
Першы вядомы праваабаронцам выпадак падобнай практыкі — справа былога палітвязьня Аляксея Шчарбацюка. У студзені 2023 году стала вядома, што экс-палітвязьня, які адбыў год у калёніі, будуць судзіць паводле арт. 421 Крымінальнага кодэксу.
Раней, у 2021 годзе, Аляксея Шчарбацюка ўжо асудзілі на 1 год зьняволеньня паводле артыкулу 368 КК («абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»). Праз год Шчарбацюк выйшаў на волю, але налета зноў апынуўся на лаве падсудных паводле артыкулу 421 — за «невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду».
Аляксей Санчук
Актывіста зь Менску Аляксея Санчука ў 2021 годзе асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі. Ён адбываў пакараньне ў ПК № 17 у Шклове. У пачатку ліпеня 2026 году Санчук выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, і неўзабаве пакінуў Беларусь. Сёлета ў кастрычніку яму даслалі позву ў Сьледчы камітэт на допыт у якасьці падазраванага.
«Мяркуючы з усяго, крымінальную справу завялі паводле артыкулу 422 КК, бо я не зьявіўся ва ўстаноўлены законам тэрмін для пастаноўкі на ўлік у РУУС, што служыць падставай для перасьледу», — паведаміў праваабаронцам Аляксей Санчук.
Паліна Шарэнда-Панасюк
Грамадзкая актывістка зь Берасьця Паліна Шарэнда-Панасюк была за кратамі больш за чатыры гады. У лютым 2025 году ў складзе групы вызваленых палітвязьняў была вывезеная з краіны. Ужо ў красавіку стала вядома, што супраць яе распачалі адразу дзьве новыя крымінальныя справы: паводле артыкулаў 422 («ухіленьне ад прэвэнтыўнага нагляду) і 361 («заклікі да санкцыяў») Крымінальнага кодэксу. Сваякоў палітзьняволенай у Беларусі выклікалі на допыты.
Ягор Пракапчук
Берасьцеец Ягор Пракапчук у 2021 годзе быў асуджаны на чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму на падставе часткі 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («удзел у масавых беспарадках»). Мужчына быў вызвалены ў красавіку 2025 году, мусіў зьехаць з краіны.
У сьнежні 2025 году фота былога палітвязьня Ягора Пракапчука зьявілася на стэндзе «Іх шукае міліцыя». Яго афіцыйна шукаюць менавіта за «ўхіленьне ад прэвэнтыўнага нагляду».
Павел Пяскоў
Жыхар Маладэчна Павел Пяскоў быў асуджаны за ўдзел у пратэстах 2020 году на 3 гады і 3 месяцы зьняволеньня, пры адбыцьці пакараньня ў калёніі № 20 пад Івацэвічамі яму дадалі яшчэ адзін год калёніі паводле артыкулу 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
У лютым 2024 году Павел выйшаў на волю, але над ім устанавілі прэвэнтыўны нагляд, які працягнулі ў жніўні.
У студзені 2025 году над былым палітьвязьнем адбыўся новы суд паводле абвінавачаньня ў парушэньні артыкулу 421 КК («невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду»). Суд прызначыў Паўлу тры месяцы арышту, якія ён цалкам адбыў у сакавіку 2025 году.
Яшчэ адзін інструмэнт рэпрэсіяў
Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова лічыць выкарыстаньне артыкулаў 421 і 422 Крымінальнага кодэксу інструмэнтам рэпрэсіяў, бо фактычна людзей перасьледуюць за «злачынствы», пакараньне за якія яны ўжо адбылі.
«Гэта легалізацыя адвольнага перасьледу», — мяркуе юрыстка Вікторыя Рудзянкова. Строгасьць прэвэнтыўнага нагляду як пакараньня юрыстка параўноўвае з «хатняй хіміяй».
«Тут прасочваецца лёгіка, падобная да закладзенай у сумнавядомым артыкуле 411 КК (аб „злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы“. — РС). У абодвух выпадках існуе рызыка, што падставай для перасьледу стане ня столькі канкрэтнае парушэньне, колькі неляяльнасьць чалавека да ўладаў», — адзначае юрыстка Рудзянкова.
Вікторыя Рудзянкова раіць былым палітвязьням дакумэнтаваць усе факты перасьледу, позвы і пагрозы, якія яны атрымліваюць на свой адрас. Юрыстка нагадвае, што структуры ААН зважаюць на праблему перасьледу былых палітвязьняў, таму кожны падобны выпадак мае быць зафіксаваны і пра яго мусіць быць вядома. Сваякам былых палітвязьняў, супраць якіх заведзеныя справы паводле 421 і 422 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, юрыстка нагадвае пра іх грамадзянскія правы. «Вы маеце канстытуцыйнае права ня сьведчыць супраць сваіх блізкіх. Таксама ў праве няма аўтаматычнай адказнасьці за дзеяньні сваякоў», — кажа юрыстка Вікторыя Рудзянкова.
Што важна ведаць аб прызначэньні прэвэнтыўнага нагляду?
Гэты нагляд абавязковы для асабліва небясьпечных рэцыдывістаў, асуджаных у складзе арганізаванай групы за злачынствы супраць дзяцей, або калі сьмяротнае пакараньне замянілі на пазбаўленьне волі. Таксама яго прызначаюць асуджаным за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы або двойчы асуджаным паводле артыкулу 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы») і на гэтай падставе прызнаным «злоснымі парушальнікамі» ў калёніі.
Як адзначаюць праваабаронцы «Вясны», для дадатковага ціску на палітвязьняў у месцах зьняволеньня адміністрацыі штучна ствараюць падставы для вынясеньня спагнаньняў і далейшага суду паводле артыкулу 411 КК. Паводле «Вясны», з 2020 году на падставе гэтага артыкулу асудзілі як мінімум 88 чалавек.