Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны змаглі абясшкодзіць тры балістычныя ракеты, 49 крылатых ракет і 257 бесьпілётнікаў. Зафіксавалі ўлучэньні ракет і дронаў на 23 лякацыях, яшчэ ў 14 месцах пашкоджаньні нанесьлі аскепкі зьбітых дронаў.
У Харкаве пацярпелі сама меней 46 чалавек
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што расейскія войскі атакавалі горад балістыкай і кіраванымі авіябомбамі. У выніку пацэльваньня па лякарні пацярпелі сама меней 46 чалавек. У суседніх шматпавярховіках пашкоджаныя тысяча вокнаў.
У Харкаўскай вобласьці за апошнія 24 гадзіны ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 114 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Расейскія войскі наносілі ўдары адразу па 16 населеных пунктах гэтага рэгіёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія войскі ўдарылі па школе ў Запароскай вобласьці — 26 чалавек загінуліУ Дніпры два чалавекі загінулі і 20 чалавек параненыя
У Дніпры расейскія войскі нанесьлі ўдар па цэнтры мэдыка-санітарнай дапамогі і адной зь мясцовых лякарняў, дзе знаходзіліся прыблізна 100 пацыентаў. Улады паведамілі аб двух загінулых і сама меней 20 параненых, тры зь іх — цяжкім стане.
Улады папярэдзілі аб магчымых паўторных ударах.
Жытоміршчына і Адэшчына часткова абясточаныя
Улады Жытомірскай вобласьці паведамілі, што праз наступствы, выкліканыя расейскімі абстрэламі, 130 населеных пунктаў засталіся без электрычнасьці. Энэргетыкі спрабуюць аднавіць сыстэме забесьпячэньня.
Пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку адно дзіця. Ім надаюць мэдычную дапамогу.
У абласным цэнтры цалкамі спынілі электрычны транспарт. Замест тралейбусаў на маршруты вывелі аўтобусы.
У Адэскай вобласьці сур’ёзныя пашкоджаньні атрымаў адзін з найбольшых энэргетычных аб’ектаў — «Адэскія электрасеткі», якое расейскія войскі стала атакуюць апошнія два месяцы. У рэгіёне таксама праблемы з энэргазабесьпячэньнем. Папярэдне, пацярпелых няма.
У іншых рэгіёнах паведамляюць, што праз адключэньне электраэнэргіі спынілася і водазабесьпячэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Генштабе Ўкраіны заявілі аб удары па вытворчасьці ракетнага паліва ў РасеіУ Расеі заявілі аб пашкоджаньні чатырох найбуйнейшых ЦЭС ва Ўкраіне
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ўначы нанесьлі ўдары па аб’ектах энэргетычнага комплексу Ўкраіны ў Віньніцкай, Днепрапятроўскай і Харкаўскай вобласьцях. Паводле расейскіх вайскоўцаў, яны «забясьпечвалі электраэнэргіяй прадпрыемствы вайсковай прамысловасьці, а таксама прыпортавай інфраструктуры ў Адэскай вобласьці, што выкарыстоўваюць у вайсковых мэтах».
Сярод пашкоджаных у Міністэрстве абароны Расеі назвалі Ладыжынскую ЦЭС у Віньніцкай вобласьці (магутнасьць 1800 МВт), Крывароскую і Прыдняпроўскую ЦЭС у Днепрапятроўскай вобласьці (магутнасьць адпаведна 2800 МВт і 1765 МВт), Харкаўскую ЦЭС, а таксама Зьміеўскую і Лосева электрападстанцыі ў Харкаўскай вобласьці.
У Адэскай вобласьці, як сьцьвярджаюць у Мінабароны Расеі, пашкоджаная інфраструктура порту Кілія, а ў порце «Паўднёвы» — два сухагрузы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі заявіў, што Расея хацела б біць па Ўкраіне ракетамі зь БеларусіНовы раўнд перамоў заплянавалі на 11 лістапада
Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф заявіў, што Злучаныя Штаты 10-11 лістапада ў Абу-Дабі (ААЭ) выступяць пасярэднікамі на перамовах працоўнага ўзроўню паміж Украінай і Расеяй.
Паводле яго, абмеркаваньне будзе тычыцца пытаньняў пасьляваеннай бясьпекі, дээскаляцыі, гуманітарных апэрацыях, а таксама далейшых крокаў на шляху да міру.
Уіткаф паведаміў, што на гэтым тыдні ў Брусэлі (Бэльгія) амэрыканскія прадстаўнікі сустрэнуцца з прадстаўнікамі Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Эўразьвязу і NATO, каб абмеркаваць гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, архітэктуру пасьляваеннай бясьпекі ў Эўропе, а таксама эканамічныя магчымасьці для падтрымкі аднаўленьня Ўкраіны.
«Мы імкнемся разьвіць прагрэс, дасягнуты ў Кіеве, Осла і Санкт-Пецярбургу, для заключэньня усёабдымнай і доўгатэрміновай мірнай дамовы, якая забясьпечыць надзейную бясьпеку для наступных пакаленьняў», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы Х.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі назваў умову, пры якой Украіна спыніць удары па расейскіх НПЗВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.