Грамадзянін Беларусі Віктар А., 31-гадовы жыхар Віцебску, трапіў ва ўкраінскі палон сёлета ў траўні ў Харкаўскай вобласьці. Кантракт на службу ў расейскім войску ён падпісаў, калі працаваў у Расеі.
Як паведамілі ва ўкраінскім праекце «Хачу знайсьці», ён ваяваў у 7-м асобным мотастралковым палку, які дысьлякуецца ў Калінінградзе і падпарадкоўваецца берагавым войскам Балтыйскага флёту.
«З 2021 году працую ў Расеі, на будаўніцтве. Займаўся рамонтам па дызайн-праектам кватэр і будынкаў», — сказаў Віктар А.
Як вынікае зь яго выказваньняў, у Расею ён зьехаў праз пагрозу пакараньня за няплату падаткаў.
«У Беларусі свае законы. У нас ёсьць законна дармаедзтва. І калі там вынікае пэўная сума запазычанасьці, то абвінавачваюць ва ўхіленьні ад падаткаў. Артыкул даюць. Я працаваў неафіцыйна. Праблема была ў тым, што я працаваў неафіцыйна, а трэба было афіцыйна. Тады б не было б гэтага ўсяго», — адзначыў ён.
Беларус расказаў, як ягоная група трапіла пад абстрэл, у выніку чаго ягоны камандзір імаверна загінуў, а ён і яшчэ два ягоныя саслужыўцы ўхвалілі рашэньне здацца ва ўкраінскі палон. Усе атрымалі раненьні рознай цяжкасьці.
Адказваючы на пытаньне, ці хоча ён трапіць у сьпісы абмену, Віктар А. сказаў:
«Цяпер, хутчэй за ўсё, не. Таму што нас, хутчэй за ўсё, праз 2-3 месяцы зноў закінуць на перадавую. А там, хутчэй за ўсё або зноў палон, або можа „200“ (так называюць загінулых вайскоўцаў. — РС). Як ужо выйдзе. У прынцыпе і на абмен таксама хочацца, пабачыцца з роднымі, блізкімі. А зь іншага боку [...], а што калі зноў адправяць туды, і зноў бачыць, як свае курчацца ад болю, а дапамагчы я ім ніяк не магу?».
Ва ўкраінскім палоне ён атрымаў магчымасьць патэлефанаваць сваёй маці, якая скрозь сьлёзы цікавілася станам яго здароўя і наяўнасьцю раненьняў. Як стала зразумела зь іх размовы, палонныя вайскоўцы расейскай арміі могуць атрымліваць у ва ўкраінскім палоне пасылкі ад сваякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома імя яшчэ аднаго беларуса, які трапіў ва ўкраінскі палон. Ён пайшоў на вайну праз адсутнасьць працыКолькі беларусаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне
Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.
«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніна Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
Да гэтага былі вядомыя прозьвішчы 19 беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. З улікам Дзьмітрыя Б. цяпер вядомыя імёны 21 палоннага беларуса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве назвалі лік узятых у палон беларусаў і паведамілі дэталі перамоваў пра абмен Іны КардашЧаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.