«Сёлета 500 тысяч тон. У наступным жалезна 1 мільён тон. Усе акты прыёму падпісаныя. Першая і другая чэргі ўведзеныя ў эксплуатацыю. На ўсе пускавыя комплексы атрыманыя пастановы органаў нагляду», — сказаў Мікалай Снапкоў.
Як адзначаецца ў Telegram-канале ўраду Беларусі, застаецца яшчэ выканаць асобныя віды работ — цеплавую ізаляцыю часткі тэхналягічных трубаправодаў і абсталяваньня, антыкаразійную абарону мэталічных канструкцыяў і абсталяваньня і іншыя. Але гэта, паводле Снапкова, не перашкаджае «нармальнай эксплюатацыі аб’екту і не ўплывае на бясьпеку».
Аляксандар Лукашэнка 2 лістапада правёў з гэтай нагоды адмысловую нараду, на якой ён назваў гэты праект «флягманскім для краіны».
Камбінат плянавалі запусьціць да 3 ліпеня, але перанесьлі тэрмін да 1 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кітай дасьць 1,4 мільярда даляраў на пабудову вялікага калійнага комплексу ў БеларусіШто папярэднічала
Будаўніцтва камбінату пачыналася як прыватная ініцыятыва. Гэтым займалася кампанія «Слаўкалій», што належала расейскаму мільярдэру Міхаілу Гуцэрыеву. Праект фінансаваўся коштам крэдыту Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю пад гарантыі ўраду Беларусі.
Раней паведамлялі, што Кітай плянаваў вылучыць 1,4 мільярда даляраў, але пасьля ўводу Эўразьвязам і ЗША ў 2021 годзе санкцыяў супраць Менску, а таксама супраць Міхаіла Гуцэрыева празь ягоныя сувязі з уладамі Беларусі, кітайскі бок заблякаваў і спыніў вылучэньне рэсурсаў. Будаўніцтва спынілася, а «Слаўкалій» апынуўся на мяжы банкруцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Алігарх, зь якім Лукашэнка на «вы». Як Міхаіл Гуцэрыеў зблізіўся з кіраўніцтвам Беларусі і да чаго гэта прывялоКаб уратаваць праект, улады нацыяналізавалі яго і замест «Слаўкалія» стварылі дзяржаўную структуру «Нетры Нежын». Завяршалі будаўніцтва коштам расейскіх крэдытаў і дзяржаўнага бюджэту Беларусі.
У пэрспэктыве вытворчасьць камбінату плянуюць павялічыць да 2 мільёнаў тон на год. Нядаўна Эўразьвяз зьняў санкцыі з Гуцэрыева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЭЗ скасаваў санкцыі супраць Гуцэрыева і Шаўцова зь «беларускага» сьпісу. Экспэртка назвала магчымыя наступствыСанкцыі супраць беларускага калію
Да таго як ЗША і Эўрапейскі Зьвяз увялі шырокі пакет санкцый супраць Менску, 90% беларускіх калійных угнаеньняў экспартавалася праз Клайпеду. 27 дзяржаваў ЭЗ аднагалосна пагадзіліся забараніць правоз беларускіх калійных угнаеньняў, прыйшоўшы да высновы, што Лукашэнка не перамог на выбарах 2020 году законным шляхам і жорстка здушыў мірныя пратэсты.
Санкцыі распаўсюджваюцца на ўсе парты краін ЭЗ, іх скасаваць могуць толькі аднагалосна ўсе 27 урадаў дзяржаваў альянсу.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Вашынгтон і Брусэль яшчэ больш узмацнілі абмежавальныя захады з тае прычыны, што рэжым Лукашэнкі актыўна спрыяе расейцам у вайне.
Аднак пазьней да ўлады ў ЗША прыйшоў Дональд Трамп, які пачаў здымаць некаторыя амэрыканскія санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку дзяржаўнай «Беларускай калійнай кампаніі». Трамп патлумачыў паслабленьне санкцыяў жаданьнем «падтрымаць амэрыканскіх фэрмэраў». Тыя сутыкнуліся з рэзкім ростам выдаткаў на ўгнаеньні пасьля ваеннай апэрацыі, якую Трамп загадаў правесьці ў Іране.
Таксама на гэты крок Трамп пайшоў пасьля таго, як яго прадстаўнік Джон Коўл паспрыяў вызваленьню 250 палітвязьняў у абмен на частковае зьмякчэньне санкцыяў Вашынгтону.