Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай дасьць 1,4 мільярда даляраў на пабудову вялікага калійнага комплексу ў Беларусі


Міхаіл Гуцарыеў
Міхаіл Гуцарыеў

Падчас візыту ў Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна быў прыняты «Мэмарандум аб узаемадапамозе», які прадугледжвае прыцягненьне Беларусбанкам гарантаванага ўрадам Беларусі крэдыту.

Дакумэнт падпісаны Мінфінам Беларусі, Банкам разьвіцьця Кітая, Беларусбанкам і «Слаўкаліем».

Гэта крэдыт на будоўлю новага горна-ўзбагачальнага комплексу на сыравіннай базе Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных соляў.

Яшчэ ў 2011 годзе ўрад Беларусі і GMC Global Energy plc (Вялікая Брытанія) заключылі інвэстыцыйную дамову аб будаўніцтве брытанскай кампаніяй горна-ўзбагачальнага камбінату па вытворчасьці калійных угнаеньняў. Кампаніі быў перададзены Нежынскі ўчастак Старобінскага радовішча калійных соляў.

Міхаіл Гуцарыеў
Міхаіл Гуцарыеў

Дзеля рэалізацыі гэтага інвэстыцыйнага праекту адмыслова была створана кампанія «Слаўкалій». У кастрычніку 2012 году ўладальнік кампаніі GMC Global Energy plc і «Слаўкалія» Міхаіл Гуцарыеў заявіў пра намер пачаць будоўлю калійнага комплексу ў Беларусі ў сакавіку 2013 году. Тады спадар Гуцарыеў плянаваў, што будоўля шахты зойме тры гады.

На сёньняшні дзень будаваць горна-ўзбагачальны комплекс кампанія яшчэ не пачынала. І вось на гарызонце замаячылі кітайскі крэдыт пад гарантыі беларускага ўраду і алігарх Гуцарыеў, які мае прыйсьці на беларускі калійны рынак.

Незалежны экспэрт у нафтагазавай галіне Тацяна Манёнак кажа, што рашэньне аб прыходзе Гуцарыева ў калійны праект прымалася на самым высокім узроўні — Лукашэнкам асабіста. У «Беларуськалія» хапае радовішчаў, якія трэба распрацоўваць. Неабходна будаваць калійныя камбінаты (што і робіць «Беларуськалій»), каб захаваць сваю сыравінную базу. Некалькі гадоў таму пабудавалі Краснаслабадзкі руднік (дарэчы, гэта адзіны новы руднік, узьведзены на постсавецкай прасторы). Цяпер асвойваецца Петрыкаўскае радовішча.

«Беларускія ўлады выдатна разумеюць, што калійныя ўгнаеньні — гэта валюта, і робяць усё магчымае, каб „Беларуськалій“ захаваў сваю долю на ўсясьветным рынку, ня страціў яе: а гэта крыху больш за 16%.

Зьвярніце ўвагу; калі „Беларуськалій“ здабывае 10,5 мільёнаў тон калійных угнаеньняў, то новы руднік, які будзе будаваць „Слаўнафта“ з Гуцарыевым, невялікі — 1,5 мільёна тон. Вядома, у Гуцарыева былі спадзяваньні на большыя аб’ёмы. Гэты канкрэтны праект Гуцарыеў „заслупаваў“ за сабой раней. Але сытуацыя на ўсясьветным калійным рынку была даволі складаная, і многія новыя праекты былі замарожаныя (у тым ліку і гэты).

Цяпер сытуацыя крыху палепшылася, каньюнктура зьмянілася ў лепшы бок, але гэты працэс ідзе вельмі марудна. Гуцарыеву трэба сьпяшацца.

Але трэба разумець, што такая каньюнктура, якая была гады 4 таму, наўрад ці адновіцца, таму што многія новыя гульцы на гэтым рынку таксама будуюць новыя камбінаты. Канкурэнцыя будзе павышацца. І трымаць высокія кошты на ўгнаеньні будзе даволі складана».

У самога «Беларуськалія» не хапае рэсурсаў, магчымасьцяў будаваць новыя руднікі, таму і даводзіцца прыцягваць інвэстараў, мяркуе доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба. І расейскі алігарх Гуцарыеў — гэта ня горшы варыянт:

«Спадар Гуцарыеў і „Слаўнафта“ нам не пагражаюць. „Беларуськалій“ — дзяржаўнае прадпрыемства, кантрольны пакет акцый належыць беларускай дзяржаве. З Гуцарыевым у Беларусі ніколі праблем не было. Грошы ў яго ёсьць, „Слаўнафта“ — кампанія сур’ёзная. Што да гэтага канкрэтнага праекту, доля „Слаўнафты“ ў ім невялікая.

Іншая справа — што гэты крэдыт, як і ўсе астатнія кітайскія, зьвязаны. Там будзе кітайская тэхніка, кітайскае абсталяваньне. Як я разумею, трэба будаваць там руднік, трэба будаваць завод, на якім будуць выпускаць калійныя ўгнаеньні. А ў Гуцарыева асабістыя стасункі з Лукашэнкам былі заўсёды добрыя. Так што тут, я спадзяюся, праблем ня будзе».

Паводле ацэнкі РУП «Белгеалёгія», балянсавыя запасы калійных соляў прамысловых катэгорыяў на Нежынскім участку Старобінскага радовішча складаюць 311,3 мільёна тон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG