Паводле яго, як паведаміла выданьне «Позірк», абстаноўка на беларуска-ўкраінскай мяжы «не пераходзіць у нейкую крызісную плоскасьць.
У інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ Уладзімер Белы адзначыў, што на сумежным баку «практычна замінаваная ўся мясцовасьць, там падарваныя ўсе масты, усё перакапана».
Камэнтуючы заявы Кіева аб дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі рэтрансьлятараў для кіраваньня расейскімі дронамі, начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі сказаў, што «гэтая абвінаваўчая рыторыка зьвязаны з тымі палітычнымі працэсамі, якія адбываюцца, як унутры, так і на вонкавай дузе датычна Ўкраіны».
«Мы стала чуем вось гэтыя папрокі, абвінавачаньні. Мы пастаянна знаходзімся ў рэжыме правакацыі. [...] Падобныя рэчы могуць прывесьці да трансфармацыі вось гэтай складанай абстаноўкі ў разрад памежных інцыдэнтаў», — сказаў ён.
Апроч таго, ён адзначыў, што з боку Ўкраіны ажыцьцяўляецца «наймацнейшае інфармацыйна-псыхалягічнае ўзьдзеяньне на наша памежнае насельніцтва, ёсьць узьдзеяньне на нашых вайскоўцаў». «Але гэта не пераход у нейкія гарачы фазы», — дадаў ён.
Уладзімер Белы адзначыў, што на паўднёвым кірунку знаходзіцца групоўка войскаў прыкрыцьця, уключна з сіламі спэцыяльных апэрацый, тэрытарыяльнай абароны і атрадаў «народнага апалчэньня».
Паводле яго, «плянамерна ствараецца дэсантнае злучэньне, што будзе дысьлякавацца ў Гомельскай вобласьці». Ужо завяршаюць узьвядзеньне аб’екту інфраструктуры, падрыхтоўку вайскоўцаў, афіцэрскага саставу, тэхнікі і ўзбраеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Праблема ня толькі ў рэтрансьлятарах. У Паветраных сілах Украіны расказалі, чаму расейскія дроны ляцяць паўзь мяжу БеларусіШто вядома пра Белага
Першым намесьнікам міністра абароны, начальнікам Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Уладзімер Белы стаў 28 верасьня 2026 году. Да таго быў намесьнікам міністра абароны, а перад тым — начальнікам галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл.
Вайсковую супрацу з Расеяй ён абгрунтаваў неабходнасьцю «адэкватнага адказу» Паўночнаатлянтычнаму альянсу: «Мы ня можам супрацьстаяць усяму блёку NATO. Трэба абапірацца на моцнага хаўрусьніка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вайсковую выведку ачоліў палкоўнік, падазраваны ў гвалце супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе. Што кажуць экспэртыЧаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Расея і Ўкраіна збольшылі выкарыстаньне на вайне дронаў. Пры гэтым падчас абстрэлаў пачасьціліся залёты расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.