Як адзначаецца на сайце ўкраінскага прэзыдэнта, беларуская кампанія датычная да да стварэньня расейскай спадарожнікавай сыстэмы «Рассвет», якую цяпер выкарыстоўваюць для вядзеньня баявых дзеяньняў і абстрэлаў украінскіх гарадоў.
Санкцыі ўведзеныя на 10 гадоў і прадугледжваюць блякаваньне актываў, забарону выводзіць капіталы за межы Ўкраіны, спыненьне выкананьня эканамічных і фінансавых абавязкаў, забарону на ўдзел у прыватызацыі, на павелічэньне статутных капіталаў, на перадачу тэхналёгіяў, на набыцьцё зямельных надзелаў і на ўезд ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі ўвёў санкцыі супраць беларускай плятформы крыптавалют і яе кіраўніка. Што вядомаШто вядома пра «Аэракасьмічныя прылады»
Прадпрыемства знаходзіцца ў Менску і зьяўляецца афіцыйным рэзыдэнтам Менскага гарадзкога тэхнапарку.
Кампанія займаецца распрацоўкай і вытворчасьцю кампанэнтаў аэракасьмічных сыстэм, а таксама праектаваньнем досьледных інжынэрных узораў братавых прыладаў.
Паводле аналітычных сыстэм, уласьнікам або ключавым партнэрам беларускага прадпрыемства зьяўляецца расейская прыватная кампанія «Бюро 1440» — галоўны распрацоўшчык і сыстэмны інтэгратар праекту «Рассвет».
Спадарожнікавую сыстэму «Рассвет» пачалі ствараць у 2020 годзе, але прыскорылі яе ўжо пасьля пачатку паўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Паводле плянаў, да канца 2027 года на арбіту плянуюць вывесьці 292 спадарожніка, а да 2030-2035 — 700-900 апаратаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Катастрофа на франтах». Праз страту доступу да Starlink зьменшылася колькасьць расейскіх штурмаўЧаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Расея і Ўкраіна збольшылі выкарыстаньне на вайне дронаў. Пры гэтым падчас абстрэлаў пачасьціліся залёты расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.