Беларуска, якая зьнікла ў Швайцарыі, выйшла на сувязь

Швайцарскі горад Бэрн узімку, ілюстрацыйнае фота

Аб гэтым Свабодзе паведаміў яе брат, былы палітзьняволены Тамаз Піпія.

Пра тое, што грамадзянка Беларусі Луіза Піпія, сястра былых палітзьняволеных Тамаза і Цімура Піпія, больш за месяц не выходзіла на сувязь, стала вядома 26 кастрычніка. Пасьля падзеяў жніўня 2020 году 18-гадовая тады Луіза актыўна дапамагала сваім братам пасьля іх арышту і зрабіла іхную справу публічнай. Праз пэўны час ёй прыйшлося зьехаць зь Беларусі, яна пасялілася ў Швайцарыі, адкуль паходзіць яе муж.

Увесну 2026 году Тамаз і Цімур вызваліліся і мусілі выехаць зь Беларусі, цяпер абодва знаходзяцца ў Літве. У першыя месяцы Луіза падтрымлівала зь імі актыўную сувязь, але ў канцы жніўня яна абарвалася. Браты зьвярнуліся ў мэдыя з інфармацыяй аб зьнікненьні Луізы.

«Неўзабаве пасьля гэтага яна выйшла на сувязь з намі, — расказаў Свабодзе Тамаз Піпія. — Мы паразмаўлялі празь відэа, цяпер маем сувязь рэгулярна. У Луізы ўзьніклі праблемы асабістага характару, яна не хацела ні з кім размаўляць. Цяпер мы на сувязі».

Нагадаем, што ў канцы верасьня таксама зьявілася інфармацыя аб зьнікненьні ў Італіі 33-гадовага грамадзяніна Беларусі Ўладзімера Алдохіна. Як стала вядома Свабодзе, прыкладна ў той час побач з магчымым месцам зьнікненьня беларуса быў знойдзены труп неапазнанага мужчыны. Зараз італьянскія ўлады праводзяць генэтычную экспэртызу, каб высьветліць, ці гэта зьніклы беларус.