Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольніўся з працы і паехаў адпачываць. Малады беларус зьнік у Італіі

Уладзімер Алдохін
Уладзімер Алдохін

33-гадовы беларус Уладзімер Алдохін амаль два тыдні не выходзіць на сувязь. Апошні раз ягоны тэлефон быў у сеціве 13 верасьня.

Пра зьнікненьне свайго школьнага сябра Ўладзімера Алдохіна паведаміў у сетках адзін з рэдактараў беларускай Вікіпэдыі Ўладзіслаў Чаховіч. Таксама пра зьнікненьне напісала маці Ўладзімера.

Уладзімеру Алдохіну 33 гады. Апошнімі гадамі ён жыў у Вільні. Працаваў інжынэрам-электрыкам у кампаніі I-Photonics UAB, паведаміў Чаховіч. Гэтая кампанія зарэгістраваная ў Літве з 2021 году, вырабляе высокатэхналягічнае абсталяваньне для вытворчасьці оптыкі і лязэрных сыстэмаў.

Як піша ў сетках маці Ўладзімера Алдохіна Тацьцяна, сын скончыў унівэрсытэт з чырвоным дыплёмам, працаваў у прэстыжнай кампаніі. Паводле інфармацыі сябра, Алдохін нядаўна звольніўся з працы. У пачатку верасьня ён паехаў на адпачынак у Італію, імаверна, адзін.

«5 верасьня ён напісаў маці, што ляціць туды. 9 верасьня я перапісваўся зь ім, і ён хутка адказваў. 10 верасьня ён паведаміў свайму іншаму сябру, што знаходзіцца ў Ліворна, Таскана. Апошні раз яго тэлефон быў у сетцы 13 верасьня, пра што сьведчыць акаўнт у Viber», — дэталёва апісаў Уладзіслаў Чаховіч, што вядома пра сувязь з Алдохіным да ягонага зьнікненьня.

Ліворна — партовы горад на паўночным захадзе Італіі з каналам і прычаламі, які нагадвае Венэцыю, з насельніцтвам больш за 150 тысяч чалавек.

Уладзімер Алдохін
Уладзімер Алдохін

Наколькі ведаюць блізкія, Уладзімер рэзэрваваў гатэль для жыхарства ў Італіі, але ня ведаюць, які менавіта. Паводле Чаховіча, літоўская паліцыя прыняла заяву пра зьнікненьне Ўладзімера Алдохіна на разгляд. Блізкія таксама працуюць над тым, каб падаць заяву пра зьнікненьне беларуса ў паліцыю Італіі.

Уладзімера цяпер шукаюць родныя, калегі і сябры. Да пошукаў далучыліся неабыякавыя інтэрнэт-карыстальнікі. Яны раскідваюць абвесткі пра зьнікненьне беларуса па італьянскіх онлайн-суполках, перасылаюць інфармацыю знаёмым у Італіі.

Камэнтатары выказваюць у сетках уласныя здагадкі аб тым, што магло адбыцца. Многія мяркуюць, што чалавека маглі абрабаваць, скрасьці тэлефон і грошы. Адна дзяўчына напісала, што ў Італіі таксама дзейнічаюць скам-цэнтры — закрытыя злачынныя арганізацыі, якія займаюцца масавым махлярствам у інтэрнэце або па тэлефоне, вонкава яны могуць нагадваць легальныя call-цэнтры або ІТ-кампаніі. Яны пад выглядам прапановы працы заманьваюць да сябе, адкуль складана патэлефанаваць або выбрацца.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG