Беларусі была прысьвечана асобная дыскусія на сёлетняй канфэрэнцыі «Польская ўсходняя палітыка». Яна адбылася ў апошні дзень сустрэчы і была апошняй у праграме — паказьнік таго, што Беларусь застаецца на пэрыфэрыі польскай увагі.
Аднак пра Беларусь гаварылі і падчас іншых дыскусіяў — пра бясьпеку, міграцыю, адукацыю і будучыню рэгіёну.
Значная частка канфэрэнцыі праходзіла паводле правіла, якое дазваляе ўдзельнікам выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю, але не называць аўтараў выказваньняў. Таму мы не пазначаем імёнаў польскіх службоўцаў і экспэртаў, словы якіх прыводзім.
Што такое «Польская ўсходняя палітыка»
Канфэрэнцыя «Польская ўсходняя палітыка» (Polska Polityka Wschodnia) праводзіцца з 2006 году і за два дзесяцігодзьдзі стала адной з важных у Польшчы пляцовак для дыскусіі пра адносіны з краінамі Ўсходняй Эўропы і постсавецкай прасторы. Яе арганізуе Калегіюм Усходняй Эўропы імя Яна Новака-Езяраньскага, а ўдзел у ёй бяруць польскія палітыкі і дыпляматы, прадстаўнікі дзяржаўных установаў, экспэрты, навукоўцы, журналісты і грамадзкія дзеячы з Польшчы ды іншых краінаў рэгіёну.
Асноўная частка канфэрэнцыі традыцыйна праходзіць у замку ў Вайновіцах, што за 25 кілямэтраў ад Уроцлава. Рэнэсансавы замак на вадзе, збудаваны ў XVI стагодзьдзі, акружаны ровам і паркам. Аддаленасьць ад вялікага гораду добра пасуе фармату сустрэчы: удзельнікі некалькі дзён працуюць і размаўляюць у адным месцы, а значная частка дыскусіяў адбываецца за зачыненымі дзьвярыма і паводле правіла, якое не дазваляе называць аўтараў выказваньняў.
Новая эпоха: галоўнае — каб Расея не перамагла
Калі паспрабаваць зьвесьці тры дні размоваў да аднаго слова, то гэта будзе «бясьпека». На канфэрэнцыі гучала думка, што Эўропа знаходзіцца ў пэрыядзе вельмі глыбокіх пераменаў: эпоха, якая пачалася каля 35 гадоў таму пасьля заканчэньня халоднай вайны, завяршаецца. Тое ж, якім будзе наступны пэрыяд эўрапейскай гісторыі, шмат у чым вырашыць вайна Расеі супраць Украіны.
З гэтага гледзішча галоўная задача Польшчы сёньня — не дапусьціць перамогі Расеі. Ідэальным варыянтам для Варшавы была б расейская параза. Але ў хуткае заканчэньне вайны мала хто верыць.
«Беларускі рэжым успрымаецца як саўдзельнік расейскай агрэсіі супраць Украіны, як інструмэнт ціску на Польшчу і іншыя краіны ЭЗ, а таксама як частка больш шырокай пагрозы з боку Расеі. Гэта ўплывае на ўсе іншыя аспэкты польскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі», — сказаў адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі.
Гучала і іншая тэза: геаграфія польскай усходняй палітыкі фактычна зьмянілася. Сёньня яна ўсё часьцей скіраваная не на ўсход, а на поўнач — у бок Фінляндыі і скандынаўскіх краінаў, зь якімі Польшчу аб’ядноўвае ўспрыманьне расейскай пагрозы.
Адзін з удзельнікаў прывёў прыклад Фінляндыі, дзе распрацавалі чатыры магчымыя сцэнары разьвіцьця падзеяў у Расеі да 2040 году. На яго думку, Польшча павінна падрыхтаваць падобныя сцэнары і для Ўкраіны ды Беларусі, каб яе палітыка не залежала толькі ад таго, які крызіс здарыцца заўтра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прадстаўнік прэзыдэнта Польшчы пракамэнтаваў зварот групы беларускіх палітвязьняў да лідэраў краін Эўропы«Мы часта забываем пра Беларусь»
На гэтым фоне Беларусь сапраўды выглядала пэрыфэрыйнай тэмай. Але адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі зьвярнуў увагу менавіта на небясьпеку такога стаўленьня.
«Мы часта забываем пра Беларусь, а гэтая краіна для нас надзвычай важная», — прагучала падчас адной з дыскусіяў.
Сёньня, паводле выступоўца, Беларусь фактычна васалізаваная Расеяй. Таму адной з задач Польшчы павінна быць захаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
«Для нас важна, каб і ў будучыні гэты народ меў сваю беларускую сьвядомасьць, каб ня стаў ахвярай мэнтальнай русыфікацыі».
Адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі нагадаў, што ў 2024 годзе Польшча выдаткавала на беларускія праекты амаль 50 мільёнаў даляраў.
«Гэта стыпэндыі, мэдыйныя праекты, тэлевізія „Белсат“, выданьне кніг. Гэта дзеяньні польскай дзяржавы для падтрымкі не афіцыйнай Беларусі, а менавіта тых беларусаў, якія сёньня знаходзяцца па-за межамі сваёй краіны. Калі б вы палічылі дапамогу ўсіх іншых краін Эўрапейскага Зьвязу, тых 26, якія засталіся, то яна меншая, чым падтрымка Польшчы».
Пры гэтым магчымасьці Польшчы і ўсяго Эўразьвязу ўплываць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі цяпер вельмі абмежаваныя. Але цяперашняя дыктатура, адзначыў удзельнік, ня вечная. З таго, што можна рабіць ужо зараз, паводле яго, — падтрымліваць беларускую культуру.
Журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч задае пытаньне падчас публічнай часткі канфэрэнцыі
Беларусь як саюзьнік Расеі і крыніца пагрозы
Адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі з Заходняй Эўропы расказаў, як Беларусь выглядае ў палітычнай дыскусіі ў ягонай краіне. Паводле яго, Беларусь зьяўляецца там фактычна ў двух кантэкстах.
«Першы — як ваенны саюзьнік Расеі. Другі — як крыніца гібрыднай пагрозы, зьвязанай са штучна створаным міграцыйным крызісам на межах з Польшчай, Латвіяй ды іншымі краінамі. Час ад часу ў інфармацыйнай прасторы зьяўляюцца прамовы Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя гэтага — нічога», — падсумаваў ён.
Гэтая заўвага добра перадавала адзін з парадоксаў канфэрэнцыі: Беларусь застаецца непасрэдным суседам Эўразьвязу і NATO, але ўсё часьцей гаворка пра яе зводзіцца да Расеі, вайны, мяжы і бясьпекі. Дарэчы, гэтай тэме і была прысьвечаная адзіная дыскусія пра Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларусь для Польшчы важнейшая за Ўкраіну». Былы віцэ-міністар польскага МЗС тлумачыць, чаму«Сытуацыя перастала быць шматкаляровай»
Адзін зь беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі таксама прызнаў, што беларуская тэматыка апынулася на пэрыфэрыі. Але, на яго думку, гэта не азначае, што Беларусь перастала быць важнай для Польшчы.
«Гэта стык Эўразьвязу, NATO, плюс гэта шматсоткілямэтровая агульная мяжа. Мы заўсёды будзем важным суседам для Польшчы».
Прычыну ён бачыць у іншым: адносіны Беларусі з Захадам апынуліся ў стане доўгатэрміновай паўзы.
«Я не назаву гэта тупіком. Хутчэй гэта доўгатэрміновая паўза. Усе прапановы зробленыя, усе адказы на гэтыя прапановы дадзеныя, і яны не задавальняюць ні адзін, ні другі бок».
У выніку, паводле яго, «сытуацыя перастала быць шматкаляровай, яна цяпер чорна-белая». З рэжымам Лукашэнкі Захад і Польшча могуць абмяркоўваць пераважна асобныя канкрэтныя пытаньні — міграцыйны крызіс, лёс Анджэя Пачобута ды іншыя падобныя справы. Шырокага палітычнага парадку дня паміж Варшавай і Менскам фактычна няма.
Замак у Вайновіцах
Ці будуць пытаньні Беларусі вырашаць праз Маскву?
У такой сытуацыі беларускі ўдзельнік бачыць і больш сур’ёзную небясьпеку.
На канфэрэнцыі, паводле яго назіраньняў, амаль не гучала раней папулярная на Захадзе думка, што Лукашэнка спрабуе манэўраваць паміж Расеяй і Захадам і такім чынам захоўваць незалежнасьць Беларусі.
«Гэтага не было. І гэта пацьвярджае тэзу, што зь Беларусьсю сёньня ўсё зразумела».
Але менавіта такая «зразумеласьць», паводле яго, можа стаць праблемай. Калі Беларусь пачынаюць успрымаць амаль выключна як залежную ад Расеі дзяржаву, можа ўзьнікнуць спакуса вырашаць беларускія пытаньні не празь Менск, а праз Маскву.
«У пэўны момант могуць палічыць, а можа быць, ужо так лічаць, што ключ да нейкага пацяпленьня ці вырашэньня беларускай сытуацыі ляжыць у Маскве, у Пуціна ці ў Крамлі».
Польшча ведае, чаго ня хоча. А чаго хоча?
Яшчэ адзін беларускі ўдзельнік канфэрэнцыі зьвярнуў увагу на супярэчнасьць у польскім падыходзе да Беларусі. Паводле яго, Варшава добра разумее, чаго яна ня хоча: нармалізацыі адносінаў з рэжымам Лукашэнкі без рэальных зьменаў, пагрозаў з тэрыторыі Беларусі і ператварэньня краіны ў вайсковы і палітычны пляцдарм Расеі.
Значна менш зразумела, лічыць ён, якой Польшча хоча бачыць Беларусь у будучыні і якім павінен быць шлях да яе.
«Для мяне ключавое пытаньне: ці бачыць Польшча Беларусь толькі як крыніцу пагрозаў, ці таксама як будучага партнэра ў рэгіёне? Ад адказу на гэтае пытаньне залежыць, ці будзе польская палітыка ў дачыненьні да Беларусі выключна рэактыўнай і пры якіх умовах яна зможа стаць стратэгічнай».
Суразмоўца адзначае, што ў Польшчы беларускі народ не атаясамліваюць з рэжымам Лукашэнкі. Варшава падтрымлівае незалежныя мэдыя, грамадзянскую супольнасьць, дэмакратычныя сілы і беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму.
Аднак, на яго думку, застаецца пытаньне, ці ператвараецца гэтая падтрымка ў доўгатэрміновую палітыку адносна будучай Беларусі.
«На палітычным і сымбалічным узроўні Польшча прызнае дэмакратычныя сілы важным партнэрам. Але ў практычнай палітыцы беларускія дэмакратычныя актары не заўсёды разглядаюцца як суб’екты, зь якімі трэба разам распрацоўваць доўгатэрміновую стратэгію. Часам яны ўспрымаюцца хутчэй як прадстаўнікі беларускага грамадзтва ў выгнаньні або як атрымальнікі падтрымкі, а ня як партнэры ў фармаваньні палітыкі».
На думку ўдзельніка канфэрэнцыі, польская стратэгія адносна Беларусі павінна выходзіць за межы стрымліваньня рэжыму і абароны мяжы. Яна мусіць уключаць захаваньне незалежных беларускіх інстытутаў, падтрымку грамадзтва, кантактаў паміж людзьмі і падрыхтоўку да магчымых палітычных зьменаў у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік польскай «белай выведкі» адказаў на пытаньні, якія хвалююць беларусаў«Беларусы найбольш актыўна дамагаюцца сваіх інтарэсаў»
Але быў на канфэрэнцыі і зусім іншы вобраз Беларусі — ня як саюзьніка Расеі ці крыніцы пагрозы, а як вялікай і актыўнай супольнасьці ў самой Польшчы.
Асабліва выразна гэта прагучала падчас размовы пра адукацыю.
У Польшчы вучацца больш за 40 тысяч студэнтаў з Украіны і каля 10 тысяч зь Беларусі. Але ў працэнтных суадносінах менавіта беларусы, паводле аднаго з удзельнікаў, часьцей за іншых атрымліваюць стыпэндыі.
Прыкладна кожны сёмы беларускі студэнт у Польшчы атрымлівае тую ці іншую стыпэндыяльную падтрымку. Сярод названых праграмаў — праграма імя Кастуся Каліноўскага, стыпэндыі Ўсходняй Эўропы і праграмы польскага Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў NAWA. Але найбольш цікавай была іншая заўвага польскага ўдзельніка.
«Беларусы, як мне падаецца, — гэта група, якая найбольш актыўна ўмее дамагацца рэалізацыі сваіх інтарэсаў. Я маю на ўвазе як прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, так і звычайных беларускіх студэнтаў».
Паводле яго, беларускія студэнты самаарганізуюцца і самі прыходзяць да польскіх чыноўнікаў з канкрэтнымі патрабаваньнямі. Напрыклад, просяць павялічыць памер стыпэндыяў з улікам інфляцыі і росту цэнаў.
«Украінцаў найбольш, але студэнты з Украіны, здаецца, ніводнага разу ў мяне не былі. А вось студэнты зь Беларусі — і ў форме пераходнага кабінэту, і студэнты як такія — прыходзяць да нас даволі рэгулярна».
Небясьпека жыць у сваёй бурбалцы
Побач з пахвалой актыўнасьці мігрантаў гучала і перасьцярога. У Польшчы бачаць праблему ў тым, што частка вялікіх супольнасьцяў выхадцаў з Усходняй Эўропы жыве ва ўласных інфармацыйных і культурных бурбалках, мала цікавіцца польскім жыцьцём і можа гадамі існаваць у адносна закрытых супольнасьцях.
Як адзін з прыкладаў удзельнікі згадвалі падзеі вакол канцэрту Макса Каржа ў Варшаве ў 2025 годзе. Для часткі польскага грамадзтва яны сталі сыгналам, што само знаходжаньне сотняў тысяч людзей у Польшчы яшчэ не азначае іх інтэграцыі ў польскае грамадзтва. Гэтая праблема датычыць ня толькі беларусаў, але і іх таксама.
Замак у Вайновіцах
«Беларусь» усё часьцей зьяўляецца ў польскіх дакумэнтах
Яшчэ адзін беларускі ўдзельнік сустрэчы, якога Свабода папрасіла падвесьці вынікі канфэрэнцыі, убачыў у ёй і станоўчыя сыгналы.
Паводле яго, у польскім стаўленьні да Беларусі адбываецца паступовая эвалюцыя і зьяўляецца лепшае разуменьне прыроды беларускага рэжыму. Адной з прыкметаў гэтага ён называе тое, што Беларусь усё часьцей фігуруе ў польскіх дзяржаўных дакумэнтах, у тым ліку стратэгічнага характару. Ён зьвярнуў увагу і на рост інстытуцыйнай цікавасьці да Беларусі, у тым ліку сярод маладога пакаленьня польскіх аналітыкаў і дасьледнікаў.
«Безумоўна, у кулюарах і падчас саміх выступаў гучала і пра беларускую эміграцыю, і пра Беларусь. Пра саму Беларусь — найперш у кантэксьце пагрозаў. Але разам з тым гэта стварае падмурак для вывучэньня гэтага кірунку, што ў будучыні можа даць станоўчы вынік».
Беларусь пасьля Лукашэнкі
Магчыма, найбольш аптымістычная думка пра Беларусь прагучала нават не падчас беларускай панэлі.
На канфэрэнцыі шмат гаварылі пра тое, наколькі глыбокім можа быць супрацоўніцтва Польшчы і Эўразьвязу з Украінай, Малдовай, Грузіяй і іншымі краінамі рэгіёну.
«Ёсьць дасьледаваньне, якое паказвае, што кожнае чарговае пашырэньне Эўразьвязу было вельмі карысным для найбліжэйшых суседзяў новых чальцоў. У публічнай рыторыцы палітыкі могуць казаць, што яны плоцяць за новыя краіны, але дасьледаваньні вельмі ясна паказваюць, што ўкладзеныя грошы вельмі хутка вяртаюцца. Таму палякам карысна, каб постсавецкія краіны далучаліся да Эўразьвязу».
Для аднаго зь беларускіх удзельнікаў гэтыя дыскусіі сталі нагадваньнем пра тое, якія магчымасьці можа атрымаць Беларусь у іншай палітычнай сытуацыі.
«Гэта такое супрацоўніцтва „win-win“ — выйгрышнае для абодвух бакоў. Разумееш, наколькі вялікія пэрспэктывы нас чакаюць. Але для гэтага трэба вырашыць першую праблему — беларускі палітычны рэжым».