Прэзэнтацыя кнігі «Адвакацкія гісторыі. Хроніка прававога дэфолту ў Беларусі» адбылася 29 кастрычніка ў Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры (Беларускім доме) у Вільні.
У новай кнізе пра рэпрэсіі ў Беларусі сабрана 39 гісторый ад 14 адвакатаў, якія ня толькі баранілі актывістаў падчас арыштаў і ў судах, але і самі зьведалі перасьлед рэжыму.
Аўтары распавялі пра перашкоды ў доступе да падабаронных, парушэньні адвакацкай таямніцы, сумнеўныя доказы, ціск з боку судоў і сьледзтва. Сярод сьведчаньняў таксама зьвесткі пра беларускіх сілавікоў і сьледчых, якія не цураюцца шантажу ды іншых забароненых законам захадаў, а таксама пра судзьдзяў, якія выносілі незаконныя прысуды. Некаторых сілавікоў і судзьдзяў аўтары называюць па імёнах.
Больш як 140 беларускіх адвакатаў страцілі магчымасьць працаваць паводле прафэсіі пасьля падзей 2020 году, каля 50 зазналі крымінальны і адміністрацыйны перасьлед, больш за 40 трапілі за краты, сямёра там дагэтуль.
Натальля Мацкевіч
Статыстыку на прэзэнтацыі кнігі прывяла адвакатка Натальля Мацкевіч, якая ў 2020 годзе бараніла Сяргея Ціханоўскага, а пазьней Віктара Бабарыку, Марфу Рабкову і Мікалая Дзядка. Пасьля таго як восеньню 2021 году Натальлю выключылі з калегіі адвакатаў і завялі на яе крымінальную справу, яна зьехала зь Беларусі.
У кнізе яна распавядае, як бараніла Сяргея Ціханоўскага і як на сабе праверыла, што такое «канфідэнцыйнасьць» стасункаў з кліентам: іх ня толькі праслухоўвалі, але і запісвалі на відэа.
Укладальніца кнігі «Адвакатскія гісторыі» Алена Шынкарэвіч
Аўтары ўспамінаюць ня толькі падзеі 2020–2021 гадоў, але і ранейшыя справы.
«Каб не было ўражаньня, што гэты прававы дэфолт у нас толькі цяпер пачаўся. Насамрэч — значна раней», — удакладніла ўкладальніца зборніку Алена Шынкарэвіч.
Паводле яе, першапачаткова ідэя была ў тым, каб сабраць у зборніку гісторыі адвакатаў, якія будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў, а ня толькі юрыстам і праваабаронцам. Ці гэтак атрымалася, меркаваць чытачам, кажа яна.
«Спачатку шукала гісторыі зь нейкімі сьмешнымі момантамі, але ў выніку атрымалася сур’ёзная кніга. Прававы дэфолт — які ёсьць, нікуды не падзецца. Магчыма, спатрэбіцца яшчэ не адна такая сур’ёзная кніга, а ўжо потым зьявіцца нешта больш лёгкае», — сказала Алена Шынкарэвіч.
Былая адвакатка падзялілася зьдзіўленьнем, што большасьць яе калег, далучаных да напісаньня кнігі, выступілі адкрыта, не хавалі сваіх прозьвішчаў, а таксама называлі імёны сьледчых і судзьдзяў, зь якімі сутыкаліся, абараняючы палітычных вязьняў.
«Праўда, некаторыя калегі свае гісторыі яшчэ прыберагаюць. Бо тых, хто ў Беларусі, могуць лёгка вылічыць і пакараць», — сказала Алена Шынкарэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Здаецца, што ніколі гэтага зьняволеньня і не было». Гутарка з Максімам Знакам, які адзначае сваё 45-годзьдзеБылая адвакатка Натальля Мацкевіч мяркуе, што праўда аб прававым бязьмежжы ў цяперашняй Беларусі не застанецца толькі старонкай гісторыі.
«Так, мы былі бясьсільныя перад гэтай сыстэмай, нешта распавялі як трэш, з іроніяй. Але паглядзім, хто пасьмяецца апошнім».
Яна лічыць, што ў будучыні сілавікі і судзьдзі, якія парушалі закон, павінны панесьці пакараньне.
Паводле некаторых аўтараў кнігі, згаданыя ў ёй судзьдзі самі разумелі, што чынілі беззаконьне, але апраўдваліся тым, што нібыта нічога ня могуць зрабіць.
«Пры мне судзьдзя казала жанчыне, якую пакарала безь віны: „У вас усяго штраф. А вы ж ня ведаеце, якая ў мяне сытуацыя, мне яшчэ больш складана“. Ну, паглядзім, яе прозьвішча ёсьць у гэтай кнізе», — згадала адна з аўтарак.
Тацьцяна Лішанкова
Былая абаронца Тацьцяна Лішанкова — аўтарка трох гісторый з практыкі абароны палітвязьняў. У адной зь іх яна распавяла пра ўчынак супрацоўніка ізалятара на Акрэсьціна, які пайшоў насустрач затрыманым, праявіў чалавечнасьць.
На заканчэньне прэзэнтацыі былыя адвакаты згадалі некаторых калег, якія «апусьцілі рукі» альбо нават сталі на бок рэпрэсій. Узьнікла размова пра тое, ці варта было змагацца ва ўмовах, калі станоўчага выніку ня будзе, затое гарантавана можаш пазбавіцца адвакацкай ліцэнзіі ці нават трапіць у турму.
«Але калі б яшчэ і мы перасталі бараніць людзей, што было б? Як бы мы цяпер глядзелі людзям у вочы?» — спыталася Натальля Мацкевіч.
Вокладка кнігі «Адвакатскія гісторыі»
Сярод аўтараў кнігі «Адвакацкія гісторыі» таксама былыя беларускія адвакаты Максім Знак, Міхаіл Бандарчук, Андрэй Белахвост, Міхаіл Кірылюк, Ірына Козікава, Юры Козікаў, Дзьмітры Лепрэтар, Лізавета Мацьвеева і Віктар Мацкевіч. Двое абаронцаў расказалі свае гісторыі ананімна.