Дэталі справы і суду «Вясьне» паведаміў сябар і калега Лаеўскага Яўген Пыльчанка.
Адваката Дзьмітрыя Лаеўскага абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
У 2020–2021 гадах Дзьмітры Лаеўскі абараняў палітыка Віктара Бабарыку і адваката Максіма Знака. Адразу пасьля вынясеньня прысуду Бабарыку Лаеўскага выключылі з калегіі адвакатаў.
Падставай для гэтага стала яго выступленьне ў судовых спрэчках па справе. Яшчэ раней, у 2011–2012 гадах, Лаеўскі быў адвакатам праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пасьля гэтай справы пад ціскам ён быў вымушаны на некалькі гадоў пакінуць адвакатуру.
Крымінальную справу супраць адваката Дзьмітрыя Лаеўскага завялі ў жніўні 2025 года, паведамляе «Вясна». Тады Лаеўскага затрымалі, але пад варту ў рамках справы не зьмяшчалі — да суду ён знаходзіўся на волі.
Дзьмітрыю інкрымінавалі дзевяць эпізодаў: восем з іх — паводле арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), адзін — паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).
Паводле Яўгена Пыльчанкі, падставай для перасьледу сталі ягоныя інтэрвію розным незалежным беларускім мэдыя: Радыё Свабода, «Эўрарадыё», «Люстэрка», «Позірк», «Deutsche Welle», «Malanka Media», «Салідарнасьць». Ва ўсіх гэтых інтэрвію, якія ён даваў пераважна ў 2021 годзе, Лаеўскі камэнтаваў крымінальныя справы і прысуды ў дачыненьні да сваіх кліентаў Віктара Бабарыкі і Максіма Знака, перасьлед адвакатаў, якія абаранялі палітычных зьняволеных, а таксама пазбаўленьне яго самога адвакацкага статусу.
Сярод іншага адваката абвінавацілі ў камэнтары Свабодзе ў 2021 годзе, якое ён даў яшчэ будучы адвакатам. Гэтае інтэрвію адбылося ў будынку суду адразу пасьля судовых спрэчак па справе палітыка Віктара Бабарыкі, і ў ім Лаеўскі распавёў пра перасьлед свайго кліента і сам судовы працэс. Пры гэтым на той момант Свабода яшчэ не мела ніякага «экстрэмісцкага» статусу.
Судовы працэс па справе Дзьмітрыя Лаеўскага распачаўся 2 верасьня 2026 года ў Менскім гарадзкім судзе.
Бок абвінавачваньня сьцьвярджаў, што ў інтэрвію Дзьмітры нібыта распаўсюдзіў «сьвядома ілжывыя зьвесткі аб палітычным, сацыяльным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, дзейнасьці дзяржаўных органаў».
Лаеўскаму амаль па ўсіх эпізодах інкрымінавалі «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», хоць ні адно з гэтых СМІ не мела «экстрэмісцкага» статусу на момант інтэрвію і было прызнана «экстрэмісцкімі фарміраваньнямі» праз некалькі месяцаў ці нават гадоў.
Пры гэтым бок абвінавачваньня не прывёў ніводнага выказваньня адваката, дзе зьмяшчаліся б «ілжывыя зьвесткі» пра нейкія канкрэтныя факты, і адпаведна ніяк не абгрунтаваў, у чым менавіта заключаецца гэтая «ілжывасьць», адзначае Пыльчанка.
Больш за тое, паводле Пыльчанкі, пераважная большасьць выказваньняў Лаеўскага наогул не ўтрымлівала фактычных сьцьвярджэньняў — гэта былі выключна меркаваньні і ацэначныя суджэньні, зьвязаныя з пазыцыяй адваката па справах, якія ён вёў. Такія выказваньні па сваёй прыродзе немагчыма правяраць на праўдзівасьць ці ілжывасьць, а свабоднае распаўсюджваньне меркаваньняў у Беларусі гарантавана як Канстытуцыяй, так і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, падкрэсьлівае сябар адваката.
Форум