Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога адваката Бяляцкага, Знака і Бабарыкі Дзьмітрыя Лаеўскага асудзілі на 3 гады зьняволеньня

абноўлена
Дзьмітры Лаеўскі
Дзьмітры Лаеўскі

У Менскім гарадзкім судзе 9 верасьня вынесьлі прысуд аднаму з найвядомейшых адвакатаў Беларусі.

Дзьмітрыя Лаеўскага асудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі і ўзялі пад варту ў залі суду. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміў сябар і былы калега Лаеўскага Яўген Пыльчанка.

Адваката Лаўескага абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Падставай для абвінавачаньняў, паводле якіх Лаеўскаму вынесьлі прысуд, сталі ягоныя інтэрвію розным незалежным беларускім мэдыя.

У 2020–2021 гадах Дзьмітры Лаеўскі абараняў палітыка Віктара Бабарыку і адваката Максіма Знака. Адразу пасьля вынясеньня прысуду Бабарыку Лаеўскага выключылі з калегіі адвакатаў. Падставай для гэтага стала яго выступленьне ў судовых спрэчках у гэтай гучнай справе, якую праваабаронцы на самым пачатку паводле шэрагу прыкметаў назвалі палітычна матываванай.

Тады, паводле дысцыплінарнай камісіі, Лаеўскі «публічна даў ацэнку выступам і прававым пазыцыям абаронцаў іншых абвінавачаных у крымінальным працэсе».

Віктар Бабарыка назваў прысуд «жахлівай несправядлівасьцю».

«Нават разумеючы, што ў нас у краіне прававы дэфолт і што гэта далёка ня першы прысуд сумленным людзям, усё адно не магу паверыць, што гэта здарылася зь Дзімам. Яго асудзілі проста за выкананьне свайго прафэсійнага абавязку — за строгае захаваньне адвакатскай і чалавечай этыкі», — напісаў у фэйсбуку Віктар Бабарыка, калі даведаўся пра прысуд Дзьмітрыю Лаеўскаму.

У 2011–2012 гадах Лаеўскі быў адвакатам праваабаронцы, кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага. Пасьля гэтай справы пад ціскам ён быў вымушаны на некалькі гадоў пакінуць адвакатуру.

У жніўні 2025 году ўлады дадалі ў сьпіс экстрэмістаў арганізацыю «Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека». Паводле сілавікоў, дачыненьне да яе меў і Лаеўскі. Акрамя яго, у пераліку асобаў, нібыта датычных да ініцыятывы, называліся Натальля Мацкевіч, Тацьцяна Лішанкова, Марыя Колесава-Гудзіліна, Уладзімер Пыльчанка, Дзьмітры Лепрэтар.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG