«Робім усё, што ў нашых сілах», — прэзыдэнтка Кангрэсу мясцовых уладаў Рады Эўропы аб праблеме пашпартоў для беларускіх уцекачоў

Старшыня Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Ґун Марыт Гэльґесэн на 51-й сэсіі Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў. Страсбур, 29 кастрычніка 2026 году

Пра свой спадзеў на прагрэс у вырашэньні праблем з дакумэнтамі для беларускіх уцекачоў заявіла на прэсавай канфэрэнцыі ў Страсбургу прэзыдэнтка Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Ґун Марыт Гэльґесэн.

Ґун Марыт Гэльґесэн таксама заявіла пра падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі, інтарэс да беларускіх падзеяў і праблемаў, выказала заклапочанасьць лёсам беларускіх палітвязьняў і палітычных уцекачоў.

Яна станоўча ацаніла працу Кантактнай групы Рады Эўропы для сувязяў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўдзел іх дэлегацыі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў.

Даклад «Роля мясцовых і рэгіянальных уладаў у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці ў выгнаньні» і рэкамэндацыі на гэтую тэму чакаюцца на Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў у сакавіку 2027 году.

Над імі цяпер актыўна працуе прадстаўніца Італіі Бэлінда Гатардзі.

Прэзыдэнтка Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Ґун Марыт Гэльґесэн згодная, што трэба выпрацаваць дадатковыя інструмэнты дапамогі для беларускіх уцекачоў у краінах Эўропы, пра што казала беларуская дэлегацыя на сэсіі Кангрэсу:

«Даклад будзе прэзэнтаваны на сакавіцкай сэсіі. Мы абмяркуем яго. Што да паправак — я пакуль ня ведаю зьместу дакладу, бо праца над ім яшчэ ідзе. Але мы чакаем гэтай дыскусіі. І зноў жа, калі дакладчык палічыць, што варта ўзмацніць інструмэнты ці нешта падобнае, мы абмяркуем гэта на сакавіцкай сэсіі. На мой погляд, пакуль што мы рухаемся ў вельмі пазытыўным кірунку: мы ўключаем у працэс прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў і атрымліваем ад іх прапановы дзеля ўзмацненьня іхных намаганьняў. Мы сапраўды хочам, каб іхная дзейнасьць мела станоўчы ўплыў на вынікі працы».

Ґун Марыт Гэльґесэн заявіла, што рэгулярна атрымлівае інфармацыю аб сытуацыі ў Беларусі.

«Я ведаю, што сытуацыя вельмі складаная — напрыклад, калі людзі страчваюць пашпарты ці пасьведчаньні асобы. У сучасным сьвеце, дзе тэхналёгіі адыгрываюць вялікую ролю, без такіх дакумэнтаў жыць вельмі цяжка. Мы добра ўсведамляем гэта і ставімся да праблемы вельмі сур’ёзна. Мы робім усё, што ў нашых сілах, і спадзяемся на прагрэс. У кожным разе мы падтрымліваем іх, запрашаем да ўдзелу, уключаем у працу — і будзем надалей гэта рабіць», — сказала палітык.

Ґун Марыт Гэльґесэн паведаміла, што сустракалася з усімі нацыянальнымі дэлегацыямі — асабліва з тых краін, якія прынялі найбольшую колькасьць беларусаў, што шукаюць прытулку: Аўстрыі, Нямеччыны, Польшчы, іншых.

Што такое Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы

Гэта дарадчы орган Рады Эўропы, які рэпрэзэнтуе мясцовыя і рэгіянальныя ўлады 46 краін — сяброў арганізацыі.

Кангрэс сочыць за выкананьнем Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня, абараняе і ўмацоўвае мясцовую й рэгіянальную дэмакратыю ў Эўропе.

У яго ўваходзяць прадстаўнікі мясцовых і рэгіянальных супольнасьцяў (мэры, дэпутаты рэгіянальных парлямэнтаў і радаў).

У сьнежні 2025 году Кангрэс працягнуў мандат дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі яшчэ на 2 гады, запрасіўшы яе сярод іншага да абмеркаваньня праблем беларусаў за мяжой і падтрымкі дэмакратычных пераменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Радзе Эўропы рыхтуюць новыя дакумэнты ў дапамогу беларускім уцекачам

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спавяшчальніца ў пытаньнях Беларусі ў Радзе Эўропы: «Наведаю Беларусь, калі яна стане дэмакратычнай краінай, і працягнем дапамогу»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Юры Губарэвіч анансаваў новую адукацыйную праграму «Агенты пераменаў»