Як паведамілі ў Паветраных сілах Украіны, тры рэактыўныя дроны ўдалося зьнішчыць, а адзін пацэліў у пэрон чыгуначнага вакзалу абласнога цэнтру. Загінулі 14 мірных жыхароў, яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні.
«Шасьцёра — у цяжкім стане. Сярод іх 11-гадовы хлопчык. Усе маюць шматлікія аскепкавыя раненьні. У 40-гадовага мужчыны ампутаваныя абедзьве нагі», — напісаў кіраўнік абласной адміністрацыі Аляксандар Ганжа.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ў момант удару каля пэрону стаялі гарадзкая электрычка і рэгулярны пасажырскі цягнік.
«Колькі такіх тэрарыстычных удараў нанесла Расея па нашых людзях ужо пасьля скасаваньня санкцыяў зь некаторых расейскіх алігархаў і энэргетыкі замест таго, каб пайсьці на дээскаляцыю. Менавіта таму Ўкраіна гаворыць, што патрэбныя справядлівыя і рашучыя дзеяньні Амэрыкі і Эўропы [ў адказ] на расейскую эскаляцыю: санкцыі супраць Масквы і яе ваеннай машыны не павінны аслабляцца, пакуль працягваецца гэтая расейская вайна. Час новых, мацнейшых санкцыйных крокаў ЭЗ, Амэрыкі і G7», — заявіўУладзімір Зяленскі.
На трагедыю адгукнулася беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская:
«Сёньня ў выніку расейскага тэрору на чыгуначным вакзале ў Дняпры загінулі сама меней 13 мірных жыхароў. Маё сэрца з ахвярамі і іхнымі сем’ямі. Пуцін і ягоныя памагатыя павінны панесьці адказнасьць за кожную атаку. Узмацніце санкцыі і дайце Ўкраіне сродкі супрацьпаветранай абароны, неабходныя для абароны ейных жыхароў», — заклікала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўропа аднавіла кантакты з Пуціным. Галоўная тэма — спыненьне вайны ва ЎкраінеЯшчэ як мінімум сямёра загінулі ад іншых расейскіх удараў
У выніку расейскай атакі на сяло Біленькае ў Запароскім раёне загінуў 49-гадовы мужчына, яшчэ трое параненыя, паведаміў кіраўнік вобласьці Міхайла Семікін. У самім Запарожжы дрон атакаваў маршрутку, паранены адзін чалавек. Раней сёньня расейскія вайскоўцы атакавалі аўтобус у Запарожжы, раненьні атрымалі чатыры чалавекі. Гэта другая атака на муніцыпальны аўтобус у Запарожжы за пяць дзён.
У Чарнігаве ад расейскага ўдару загінулі дзьве 15-гадовыя дзяўчынкі, 23 чалавекі пацярпелі, сярод іх 4 дзяцей. «Сярод дня вораг ударыў па Чарнігаве “бандэрольлю”. Проста па цэнтры гораду. Якраз тады, калі на вуліцах шматлюдна», — напісаў у тэлеграме кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чаус. Паводле ягоных словаў, у горадзе шмат разбурэньняў: прадпрыемствы, жыльлё, аўтамабілі. Кіраўнік Чарнігаўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Брыжынскі ўдакладніў, што сярод 15 параненых — трое дзяцей.
Удзень 29 кастрычніка расейскі БПЛА трапіў у шматкватэрны жылы дом у Крамянчуку на Палтаўшчыне. Загінулі тры чалавекі. Пацярпелі 15, у тым ліку трое дзяцей.
Расейскія войскі ўдарылі бесьпілётнікам па Паўлаградзе, параненая 15-гадовая дзяўчына ў цяжкім стане, паведаміў у тэлеграме кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Ганжа. Загарэліся крама і прыватны дом.
На Ровеншчыне ў выніку расейскай атакі на цывільнае прадпрыемства загінуў мужчына.
Што папярэднічала
27 кастрычніка прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Юнас Гар Стэрэ правялі тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Паводле агенцтва Reuters, тэмай размовы была вайна ва Ўкраіне. Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну лідэры заходнеэўрапейскіх краін пераважна ўнікалі кантактаў з расейскім прэзыдэнтам.
Адразу пасьля гэтай размовы зь лідэрамі Фінляндыі і Нарвэгіі гутарыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Расея часта абвінавачвала эўрапейскія ўрады ў тым, што яны распальваюць вайну, пастаўляючы зброю Ўкраіне і адмаўляючыся весьці дыялёг з Масквой. Пры гэтым Масква супрацьпастаўляла пазыцыю эўрапейскіх краін падыходу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які кантактаваў з Пуціным і спрабаваў, хоць пакуль і марна, спрыяць дасягненьню мірнага пагадненьня.
На мінулым тыдні ў Осла Стэрэ і Стуб сустрэліся з спэцыяльным пасланьнікам ЗША Стывам Уіткафам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім — за дзень да сустрэчы Ўіткафа з Пуціным у Санкт-Пецярбургу.
Пасьля перамоваў Пуціна і Ўіткафа ў Крамлі заявілі, што Расея гатовая аднавіць мірныя перамовы з Украінай пры пасярэдніцтве ЗША — упершыню зь лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гуманітарная місія ў Алешкі Херсонскай вобласьці ажыцьцяўляецца празь БеларусьВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.