Як паведаміла агенцтва Reuters, нямецкія вайскоўцы таксама будуць зьбіраць зьвесткі аб расейскіх і беларускіх выпраменьвальніках і радыёлякацыйных сыстэмах для абнаўленьня баз дадзеных радыёэлектроннай барацьбы, якія выкарыстоўваюць нямецкія і саюзныя войскі.
«Калі нешта здарыцца, гэтыя падразьдзелы ўсё выявяць», — сказаў агенцтву віцэ-адмірал нямецкага войска Томас Даўм.
Паводле яго, расейская дзейнасьць у некаторых частках Эўропы дасягнула таго, што ён назваў «другой фазай, у якой намер палягае ў тым, каб нанесьці шкоду». У той жа час гэтыя дзеяньні пакуль не дасягнулі ўзроўню ўзброенага канфлікту.
«Мы ўнясем у базы дадзеных радыёэлектроннай барацьбы, якія потым паведамяць усім нашым сыстэмам, калі на беларускім баку зьявіцца новы радар», — дадаў Даўм.
Віцэ-адмірал адзначыў, што кібэрінфармацыйная сфэра яшчэ не знаходзіцца ў стане вайны, але гэта ўжо ня мір.
Томас Даўм паведаміў, што папярэдні этап быў сканцэнтраваны на прыхаваным пранікненьні ў заходнія сыстэмы шляхам кібэратак і ўсталяваньні пляцдармаў унутры сыстэм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Літве ля мяжы зь Беларусьсю адкрылі вайсковы гарадок БундэсвэраШто папярэднічала
Сёлета ў жніўні ўрад Нямеччыны прапанаваў парлямэнту надаць выведным службам новыя паўнамоцтвы для ўзлому і зрыву апэрацый іншаземных праціўнікаў, каб супрацьдзейнічаць пагрозам кібэратак і гібрыдных атак.
Цяпер нямецкія войскі выпрабоўваюць сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы ў Літве, у тым ліку, сродкі выяўленьня дронаў, перахопнікі сыгналаў, глушылкі і датчыкі, прызначаныя для перадачы зьвестак з поля бою аддаленым аналітыкам.
У Літве цяпер разгортваецца нямецкая брыгада з 5 тысячамі вайскоўцаў і цывільных супрацоўнікаў і 2 тысячамі адзінак тэхнікі. На ейныя магчымасьці і дапамогу NATO Літва разьлічвае ў выпадку вайсковай агрэсіі з усходу.
У сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што ЗША пачалі ў Літве ратацыю сваіх войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША пачалі ратацыю сваіх вайскоўцаў у Літве, іх дысьлякацыя будзе паблізу мяжы БеларусіУ канцы жніўня стала вядома, што Латвія, Літва і Эстонія 30 ліпеня накіравалі ў эўрапейскія структуры звароты, дзе выказалі занепакоенасьць у сувязі з магчымай агрэсіяй Расеі. Ліст таксама падтрымалі эўракамісары ад Польшчы і Фінляндыі.
Гэты ліст стаў адным з чарады трывожных званкоў, а пікам — нечаканы візыт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву 25 жніўня. Рэткліф прыляцеў у Маскву, каб заклікаць Крэмль не дапускаць эскаляцыі канфліктаў з хаўрусьнікамі ЗША, асабліва з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой, — крыніцы, якія атрымалі інфармацыю пра візыт, пацьвердзілі гэта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 26 жніўня.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу існаваньня такіх плянаў.
Наадварот, Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль. Адначасова з тэрыторыі Беларусі пэрыядычна заляталі кантрабандныя балёны, а таксама дроны (расейскія і ўкраінскія), празь якія ў Літве вымушана спынялі дзейнасьць аэрапортаў, найчасьцей у Вільні.
Апошні інцыдэнт адбыўся ў ноч на 15 верасьня, калі зьнішчальнік NATO недалёка ад Коўна зьбіў бесьпілётнік, які прыляцеў зь Беларусі і пра які беларускія вайскоўцы не папярэдзілі Літву. Дрон быў расейскага паходжаньня і меў баявую частку. З гэтай прычыны Вільня заявіла Менску рашучы пратэст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Перанесьці цяжар вайны на тэрыторыю праціўніка». Вайсковы экспэрт зь Літвы — пра адказ на магчымы напад з боку БеларусіЧаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.