Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пачалі ратацыю сваіх вайскоўцаў у Літве, іх дысьлякацыя будзе паблізу мяжы Беларусі

Вайскоўцы ЗША, дысьлякаваныя ў Літве. Архіўнае фота
Вайскоўцы ЗША, дысьлякаваныя ў Літве. Архіўнае фота

У Літву прыбылі першыя сто вайскоўцаў двух амэрыканскіх батальёнаў, якія разьмесьцяцца ў краіне на сталай аснове.

Як заявіў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, у Літву прыбылі першыя амэрыканскія вайскоўцы ў рамках новай ратацыі. Пра гэта паведаміла агенцтва BNS.

«Выдатныя навіны — першыя вайскоўцы з ратацыі ЗША вяртаюцца і прызямліліся на літоўскай зямлі. Разам мы мацнейшыя!» — напісаў Наўседа ў сацыяльнай сетцы X. За гэта ён падзякаваў лідэру ЗША Дональду Трампу.

Кантынгенты амэрыканскіх вайскоўцаў рознай колькасьці знаходзяцца ў Літве зь перапынкамі на ратацыю кожныя дзевяць месяцаў, пачынаючы з 2014 году.

Летам 2026 году, падчас перагляду вайсковай прысутнасьці ЗША ў Эўропе, у Літве заставалася крыху больш за 100 амэрыканскіх вайскоўцаў, аднак у верасьні было абвешчана, што ў канцы кастрычніка ў Літву прыбудуць два амэрыканскія батальёны. Гэта супастаўна з паказьнікам мінулых гадоў, калі ў Літве было больш за тысячу салдатаў. Акрамя таго, на мінулым тыдні Трамп заявіў, што ЗША разгледзяць магчымасьць стварэньня сталай вайсковай базы ў Літве.

Прэзыдэнт Літвы вітаў гэтую навіну, падкрэсьліўшы, што яна сьведчыць аб даверы Вашынгтона да Літвы. Міністар абароны Літвы Робертас Каўнас паабяцаў прыкласьці ўсе намаганьні для зьяўленьня такой базы. Прэм’ер-міністар Міндаўгас Сінкявічус раней адзначаў, што Літва гатовая прыняць амэрыканскія войскі на пастаяннай аснове і пакрыць выдаткі на ўтрыманьне базы, калі ЗША прымуць адпаведнае рашэньне.

«Учора пачалася ратацыя, прыбылі каля ста першых вайскоўцаў. Заплянавана яшчэ 10-12 такіх прыездаў, на наступным тыдні яны працягнуцца, і прыкладна да сярэдзіны лістапада два батальёны ў поўным складзе ўжо будуць у Літве», — заявіў міністар для радыё LRT у сераду.

Паводле яго слоў, саюзьніцкія войскі будуць дысьлякаваныя ў Падбродзьдзі (Пабрадзе), першыя вайскоўцы ўжо дастаўленыя туды.

Амэрыканская вайсковая тэхніка, паводле Каўнаса, будзе дастаўленая праз морскія парты і чыгункай.

«Гэты працэс таксама ідзе — зарэзэрваваныя і чыгункі, і парты, і ўся неабходная пагрузка. Так што вайскоўцы прылятаюць, а тэхніка прыбывае ўжо іншымі маршрутамі», — сказаў міністар.

Як паведамляе BNS, Літва прыме два батальёны — цяжкаўзброены танкавы батальён, які павысіць рэгіянальную бясьпеку і пры патрэбе створыць дадатковыя магчымасьці рэагаваньня, а таксама інжынэрны батальён, які будзе дапамагаць фармаваньню нацыянальнай дывізіі і Балтыйскай лініі абароны.

Чаму гэта важна

Літоўскія палітыкі называюць разьмяшчэньне амэрыканскага кантынгенту ў Літве «крытычна важнай гарантыяй стрыманьня і бясьпекі» пры гібрыдных атаках Расеі на Літву і пагрозаў ад расейскага генэралітэту.

Зараз у Літве таксама паступова разьмяшчаецца нямецкая танкавая брыгада, асноўная частка якой прыбудзе ў другой палове 2027 году.

Дысьлякацыя вайскоўцаў ЗША — на палігоне ў Падбродзьдзі (Пабрадзе), што паблізу мяжы Беларусі,

У Літве 17 верасьня пачаліся штогадовыя маштабныя вучэньні Perkūno Griausmas («Гром Перуна»), у якіх бяруць удзел да 11 тысяч вайскоўцаў і рэзэрвістаў.

Як паведамілі ва Ўзброеных сілах Літвы, мэта вучэньняў, што прадоўжацца да 15 кастрычніка, — рыхтаваньне і ацэнка гатоўнасьці камандных пунктаў і падразьдзелаў войска да выкананьня задачаў, прадугледжаных плянамі дзяржаўнай абароны.

Асноўная ўвага скіраваная на адпрацоўку навыкаў пры пераходзе ад мірнага часу да крызіснай сытуацыі, у тым ліку пры абвяшчэньні надзвычайнага становішча. Падчас вучэньняў таксама правераць працэдуры мабілізацыі і дакамплектаваньня падразьдзелаў Узброеных сілаў Літвы ва ўмовах ваеннага часу.

Сцэнар вучэньняў Perkūno Griausmas 2026 сынхранізаваны з вучэньнямі NATO Steadfast Duel 2026. На нацыянальным узроўні ў гэтыя манэўры інтэгруюць іншыя вайсковыя вучэньні й трэнаваньні дзяржаўных установаў.

Што папярэднічала

У канцы жніўня стала вядома, што Латвія, Літва і Эстонія 30 ліпеня накіравалі ў эўрапейскія структуры звароты, дзе выказалі занепакоенасьць у сувязі з магчымай агрэсіяй Расеі. Ліст таксама падтрымалі эўракамісары ад Польшчы і Фінляндыі.

Гэты ліст стаў адным з чарады трывожных званкоў, а пікам — нечаканы візыт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву 25 жніўня. Рэткліф прыляцеў у Маскву, каб заклікаць Крэмль не дапускаць эскаляцыі канфліктаў з хаўрусьнікамі ЗША, асабліва з Эстоніяй, Латвіяй і Літвой, — крыніцы, якія атрымалі інфармацыю пра візыт, пацьвердзілі гэта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода 26 жніўня.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу існаваньня такіх плянаў.

Наадварот, Беларусь, як заяўлялі заходнія краіны, пры ўзаемадзеяньні з Расеяй стварыла мігранцкі крызіс, што доўжыцца дагэтуль. Адначасова з тэрыторыі Беларусі пэрыядычна заляталі кантрабандныя балёны, а таксама дроны (расейскія і ўкраінскія), празь якія ў Літве вымушана спынялі дзейнасьць аэрапортаў, найчасьцей у Вільні.

Апошні інцыдэнт адбыўся ў ноч на 15 верасьня, калі зьнішчальнік NATO недалёка ад Коўна зьбіў бесьпілётнік, які прыляцеў зь Беларусі і пра які беларускія вайскоўцы не папярэдзілі Літву. Дрон быў расейскага паходжаньня і меў баявую частку. З гэтай прычыны Вільня заявіла Менску рашучы пратэст.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG