«Нас турбуе наданьне Беларусьсю дазволу на разьмяшчэньне на сваёй тэрыторыі рэтрансьлятараў радыёсыгналаў, якія нацэльваюць расейскія ўдарныя БПЛА тыпу Shahed на ўкраінскія цывільныя аб’екты і крытычную інфраструктуру. Таксама адзначаем разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі падразьдзелаў 101 ракетнай брыгады Ўзброеных сіл Расеі, на ўзбраеньні якой знаходзіцца ракетны комплекс сярэдняй далёкасьці „Арэшнік“», — сказаў Алег Івашчанка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».
Паводле яго, калі Беларусь не надавала дазволу на разьмяшчэньне расейскіх падразьдзелаў, то гэта можа «сьведчыць, што Менск ужо не кантралюе дзейнасьць Расеі на ўласнай тэрыторыі».
«Мы назіраем за спробамі Расеі непасрэдна ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Нам вядома, што Масква імкнецца выкарыстаць беларускую тэрыторыю і вайсковыя рэсурсы для расшырэньня геаграфіі баявых дзеяньняў супраць Украіны», — дадаў ён.
У той жа час, паводле яго, пакуль што прыкметаў падрыхтоўкі Беларусі да ўступу ў вайну няма.
Што папярэднічала
Летась 30 сьнежня беларускае і расейскае міністэрствы абароны прадэманстравалі відэа з кадрамі нібыта «заступленьня на баявое дзяжурства» ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік».
За некалькі дзён да публікацыі расейскага відэа амэрыканскія дасьледчыкі зь Мідлбэрыйскага каледжа на падставе спадарожнікавых здымкаў назвалі былы вайсковы аэрадром «Крычаў-6» магчымым месцам разьмяшчэньня комплексу «Арэшнік» («Орешник» у арыгінале. — РС).
На прадэманстраваных 30 сьнежня Міністэрствам абароны Беларусі кадрах «заступленьня на баявое дзяжурства» ракетнага комплексу «Арэшнік» і ганаровага пастраеньня на пляцы Свабода не заўважыла ніводнага беларускага вайскоўца. Кіраваў афіцыйным мерапрыемствам на трыбуне неназваны расейскі падпалкоўнік, падпісаны намесьнікам камандзіра вайсковай часткі ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі.
Як высьветліла Свабода, расейскім падпалкоўнікам, які камандаваў афіцыйным мерапрыемствам у Беларусі, мог быць расейскі вайсковец Раман Астраушка (Роман Остроушко). У 2021 годзе ён быў камандзірам ракетнага дывізіёна 54-ай ракетнай дывізіі з горада Тэйкава.
Расея ніколі не называла нумар брыгады, на ўзбраеньні якой знаходзіцца «Арэшнік».
Але 18 сьнежня 2025 году кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі Валерый Герасімаў заявіў, што такую брыгаду сфарміравалі.
Упершыню 101 ракетная брыгада была пазначаная на мапах, апублікаваных сёлета 25 чэрвеня ў афіцыйным Telegram-канале прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. У допісе кіраўнік Украіны адзначыў завяршэньне працэсу будаўніцтва вайсковай інфраструктуры ў памежжы з Украінай.
Што вядома пра «Арэшнік»
«Арэшнік» — гэта расейскі мабільны ракетны комплекс сярэдняй далёкасьці, які, як лічаць экспэрты, створаны на базе распрацаванай раней міжкантынэнтальнай ракеты «Ярс». За кошт скарочанай колькасьці разгонных ступеняў «Арэшнік» меншы па памерах і мае меншую дыстанцыю прымяненьня — каля 5 тысяч кілямэтраў. Расея ўпершыню магла выкарыстаць ракету гэтага комплексу 21 лістапада 2024 года, пры ўдары па прадпрыемству «Південмаш» у Дняпры на ўсходзе Ўкраіны. Прадпрыемства тады было пашкоджанае, а ў горадзе загінулі і былі параненыя людзі.
Форум