Ціханоўская пра ліст палітвязьняў: Адрасат знаходзіцца не ў Вашынгтоне ці Брусэлі, а ў Менску

Сьвятлана Ціханоўская з партрэтам журналіста Ўладзімера Янукевіча, былога кіраўніка «Інтэкс-прэс», 13 кастрычніка 2026 году

Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на ліст групы былых палітвязьняў да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.

У сваім відэазвароце Ціханоўская падзякавала падпісантам ліста.

«Я зь вялікай павагай стаўлюся да ўсіх былых палітвязьняў, і тых, хто падпісаў ліст, і тых, хто выказвае сумневы. Я і сама б яго падпісала, бо падзяляю вашу боль і выказаныя патрабаваньні: вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі, каб усе маглі вярнуцца дадому. Яны справядлівыя, і я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб ваш голас быў пачуты. Жыцьцё і свабода кожнага і кожнай — наш агульны прыярытэт. І апошнія шэсьць гадоў не было ні дня, калі б мы не гаварылі пра палітвязьняў», — адзначыла Ціханоўская.

Яна зьвярнула ўвагу, што ўвесь гэты час удавалася трымаць пытаньне палітвязьняў на міжнародным парадку дня і зрабіць яго галоўным у камунікацыі зь Менскам. Тое, што людзі выходзяць на волю, — вынік шматгадовых намаганьняў, адзначыла Ціханоўская.

«Гэта таксама вынік санкцыйнага ціску, а не таго, што Лукашэнка раптам стаў гуманным. Мы ў кантакце і з амэрыканскай адміністрацыяй, і з кіраўніцтвам Эўразьвяза, і гуманітарны трэк па вызваленьню людзей працягваецца. Мы падтрымліваем працу Джона Коўла і спадзяёмся, што неўзабаве яшчэ больш людзей апынуцца на волі», — сказала Ціханоўская.

Яна таксама падкрэсьліла, што тэма палітвязьняў, спыненьня рэпрэсій і дэмакратызацыі Беларусі «павінна нас усіх абʼядноўваць».

«Ня трэба спрачацца, хто больш хоча вызваленьня людзей. Нельга дазваляць рэжыму нас раскалоць. Тыя дылемы, якія закідваюць: ціск ці дыялёг, перамовы ці санкцыі, — яны фальшывыя. Адно без другога не працуе. Бязь ціску рэжым ня будзе весьці сурʼёзны дыялёг. Як і бяз санкцый не было б і цяперашніх вызваленьняў, і ня будзе наступных», — лічыць беларуская дэмакратычная лідэрка.

Яна адзначыла, што сапраўдны адрасат гэтых патрабаваньняў знаходзіцца не ў Вашынгтоне ці Брусэлі, а ў Менску.

«Менавіта Лукашэнка трымае людзей за кратамі». «Менавіта ён працягвае рэпрэсіі. І рэжым выдатна разумее, што трэба зрабіць, каб санкцыі зь Беларусі былі зьнятыя, але гэтага ня робіць», — сказала Ціханоўская.

Яна апавяла, што пару месяцаў таму ў Менску былі прадстаўнікі Эўразьвязу, якія ў чарговы раз уздымалі пытаньне палітвязьняў, а рэжым «у чарговы раз адмахнуўся».

«Таму нашая задача змусіць рэжым да сапраўднага дыялёгу, да зьмены сваёй палітыкі. А для гэтага неабходна працягваць ціск, каб рэжыму было таксама балюча, як і людзям, якія цяпер незаконна сядзяць у турме. І тады, я ўпэўненая, мы зможам пабачыць і больш людзей на волі, і дабіцца спыненьня рэпрэсій і вяртаньня ўсіх дадому», — перакананая Ціханоўская.

Яна таксама нагадала, што «рэжым дапамагае ў вайне супраць Украіны».

«Пры дапамозе рэжыму гінуць тысячы ўкраінцаў кожны тыдзень. І менавіта гэта вядзе да новых санкцый і ізаляцыі Беларусі ў першую чаргу — як краіны-агрэсара», — патлумачыла Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кошт свабоды: чаму зварот былых палітвязьняў выклікаў буру ў беларускай апазыцыі

Што папярэднічала

26 кастрычніка апублікаваны тэкст адкрытага ліста колішніх палітвязьняў да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.

Пад зваротам падпісаліся генэральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітычныя актывісты Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, грамадзкая актывістка Алана Гебрэмарыям, журналісты Ігар Карней, Вольга Лойка, Ірына Слаўнікава і іншыя.

Паводле аўтараў звароту, дыялёг «пра людзей і каштоўнасьці павінен весьціся разам з беларускім грамадзтвам».

«Мы заклікаем ЭЗ слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх досьвед пры выпрацоўцы рашэньняў. Мы не бяром на сябе ролю судзьдзяў у пытаньнях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаваньні сярод беларусаў пра тое, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэньнем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэньні пра будучыню адносін з Беларусьсю, і зрабіць вызваленьне людзей і спыненьне рэпрэсій прыярытэтам эўрапейскай палітыкі», — ідзецца ў звароце.

Аўтары звароту кажуць, што ён «адкрыты, да яго могуць далучыцца ўсе былыя палітвязьні».