Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт свабоды: чаму зварот былых палітвязьняў выклікаў буру ў беларускай апазыцыі

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Сьцісла

  • Вонкава выглядае, што зьмест ліста палітвязьняў знаходзіцца ў межах палітыкі апазыцыйнага мэйнстрыму. У ім гучыць заклік ня толькі вызваліць палітзьняволеных, але і спыніць рэпрэсіі.
  • Дыскусія ідзе вакол пытаньня, што важнейшае: вызваленьне палітвязьняў ці дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі.
  • Існуе даволі папулярная думка, што за гэтым лістом хаваюцца нейкія сілы, які выкарыстоўваюць тэму палітвязьняў, каб дэлегітымізаваць каманду Сьвятланы Ціханоўскай.

26 кастрычніка група былых палітвязьняў апублікавала адкрыты ліст да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі. Гэты ліст выклікаў выбух эмоцый, жарсьцяў у апазыцыйным асяродзьдзі. Дыскусія ідзе ня толькі пра канфлікт паміж задачамі дэмакратызацыі Беларусі і гуманітарнымі пытаньнямі. Існуюць падазрэньні, што хтосьці спэкулюе праваабарончай тэматыкай дзеля сваіх палітычных амбіцый.

Важны кантэкст, а ня тэкст

Інфармацыя пра тое, што неўзабаве павінен зьявіцца ліст ад часткі прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасьці да ЭЗ, была ўкінутая ў публічную прастору яшчэ напярэдадні. Маўляў нейкія людзі заклікаюць Эўразьвяз дзеля вызваленьня палітвязьняў пайсьці на перамовы і саступкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. І гэтая інфармацыя адразу выклікала дыскусію ў асяродзьдзі палітызаванай публікі.

Таму сам згаданы ліст, які зьявіўся 26 кастрычніка, упаў на падрыхтаваную глебу. І выклікаў выбух эмоцый, жарсьцяў, радыкальны раскол меркаваньняў у апазыцыйным асяродзьдзі.

Хоць, здавалася б, нічога крамольнага ні ў самім факце зьяўленьня такога ліста, ні ў зьмесьце там няма. Гэта пасланьне не палітыкаў ці актывістаў грамадзянскай супольнасьці, а былых палітвязьняў. Першапачаткова яго падпісалі 73 чалавекі, якія выйшлі з-за кратаў і заклікаюць эўрапейскіх лідараў ратаваць беларускіх зьняволеных. То бок на паверхні тут толькі праваабарончы, гуманітарны трэк.

Да таго ж зьмест ліста знаходзіцца ў межах палітыкі апазыцыйнага мэйнстрыму. У ім гучыць заклік ня толькі вызваліць палітвязьняў, але і спыніць рэпрэсіі. Гэта ідзе ў адной зьвязцы, у адным пакеце. «Пакуль затрымліваюць новых людзей, вызваленьні не вырашаюць праблему. Трэба дамагацца спыненьня палітычна матываванага перасьледу», — пішуць аўтары. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай ня мае публічных пярэчаньняў адносна зьяўленьня гэтага ліста.

Хоць пры жаданьні ў лісьце можна знайсьці нюансы, тэзы, якія могуць выклікаць спрэчкі. Напрыклад, заклік да ЭЗ выкарыстоўваць у перамовах з рэжымам Лукашэнкам «стымулы». Імаверна, маецца на ўвазе скасаваньне ці зьмяншэньне санкцыяў.

Тым ня менш, нявінны ліст з гуманітарным зьместам выклікаў буру эмоцый. Тут маем вядомую сытуацыю, калі больш важны кантэкст, чым тэкст пасланьня. Гэта сьведчаньне таго, якая наэлектрызаванная атмасфэра існуе ў беларускай дыяспары. Яе палітызацыя нікуды ня зьнікла. Яна захавалася ў замарожаным, лятэнтным стане. Ліст палітвязьняў зачапіў хваравіты нэрвовы вузел дэмакратычнай супольнасьці.

Іншы падыход у пытаньнях палітычнага курсу

Найперш, зьвяртае на сябе ўвагу фармат падрыхтоўкі гэтага ліста. Праваабаронца і былы палітвязень Уладзь Лабковіч адзначыў, што аб ініцыятыве даведаўся толькі пасьля публікацыі ліста. «Мне падаецца, гэта памылка з боку арганізатараў, што яны зрабілі гэта максымальна таемна і правялі такую сэпарацыю палітычных вязьняў на тых, хто падпісаў гэты ліст, і тых, хто не падпісаў», — заявіў ён.

І гэтая «таемнасьць» становіцца цалкам зразумелай, калі паслухаць камэнтары некаторых знакавых фігур, якія падпісалі гэты ліст. Яны жорстка палемізуюць з апанэнтамі, нібы апраўдваюцца. Прычым, з камэнтароў вынікае, што ў іх прынцыпова іншы падыход у пытаньнях палітычнага курсу дэмсіл. Хоць у самім лісьце такой палемікі з апазыцыйным мэйнстрымам няма.

  • Марыя Калесьнікава: «Можна спрачацца аб дыпляматыі, санкцыях, мэтадах і рашэньнях. Але як можна выступаць супраць вызваленьня людзей?»
  • Марына Золатава: «Можаце называць мяне „здраднікам“, „лабістам рэжыму“ і наогул — як вам хочацца... Я ўвесь час чую „толькі ціск“, „толькі санкцыі“. Мінула шэсьць гадоў. Што зьмянілася? Я вам скажу, што зьмянілася. Дзевяць чалавек ужо памерлі, у многіх разбурана здароўе, у многіх — сем’і».
  • Людміла Чэкіна: «Аргумэнт аб тым, што пасадзяць яшчэ больш, гэта проста дэмагагічная рыторыка, на мой погляд... Але ёсьць людзі, у якіх іншае меркаваньне. Хацелася б, каб нашае меркаваньне, меркаваньне тых, хто выступае за перамовы, няхай нават з вельмі складаным апанэнтам, і за больш хуткае вызваленьне канкрэтных палітвязьняў, якія ў цяперашні час пазбаўленыя волі і знаходзяцца ў вельмі цяжкіх умовах, было пачутае».


Пытаньне пра кошт свабоды

Сутнасьць рознагалосьсяў дакладна сфармуляваў Алесь Чайчыц: «Ключавая фраза сумнавядомага ліста — «Ніякая палітычная мэта ня вартая здароўя і жыцьця людзей». У перакладзе гэта азначае: «вызваленьне палітвязьняў важнейшае за канец дыктатуры і за дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі».

Зь ім салідарны былы палітвязень Эдуард Пальчыс, які піша, што пры такім падыходзе ў рэальнасьці гэта пакіне 9 мільёнаў беларусаў у «лякальным КНДР». Іншыя кажуць, што ў гэтым лісьце праглядваецца курс на «азэрбайджанізацыю Беларусі».

Праваабаронца Марфа Рабкова кажа, што ў гэтай дыскусіі «праходзіць прынцыповая мяжа паміж палітычнымі амбіцыямі і праваабарончай этыкай».

То бок беларуская дэмакратычная супольнасьць паўстала перад экзістэнцыйным пытаньнем пра кошт свабоды. Праблема даўно стала агульначалавечай. Тут можна спаслацца на знакамітую мэтафару з рамана Фёдара Дастаеўскага «Браты Карамазавы» пра «сьлязінку дзіцяці». Гаворка пра тое, ці можна чалавечыя пакуты апраўдаць нейкай вышэйшай мэтай.

У прынцыпе такая праблема заўсёды стаяла перад беларускай дэмакратыяй: на якія ахвяры варта ісьці дзеля перамогі над дыктатурай. Цяпер яна абвастрылася ў зьвязку з маштабам рэпрэсій, празь якія прайшлі дзясяткі тысяч людзей. Але рэч у тым, што на гэтае пытаньня няма адназначнага адказу. Кожны народ у любую эпоху паўстае перад падобнай дылемай і пакутліва шукае свой правільны адказ. Зрэшты гэтая дыскусія кажа пра тое, якім цяжкім будзе прымірэньне беларускага грамадзтва пасьля дыктатуры.

Падазрэньні ў палітычных амбіцыях

У той жа час да гэтай філязофскай дыскусіі прымешваюцца падазрэньні ў прыхаваных матывах апанэнтаў. Адныя падазраюцца ў нечульлівасьці да людзкіх пакутаў. Іншыя — у ці то лябіяваньні інтарэсаў рэжыму, ці то ў выкарыстаньні тэмы палітвязьняў дзеля ўласных палітычных амбіцый. Існуе даволі папулярная думка, што за гэтым лістом хаваюцца нейкія сілы з эгаістычнымі інтарэсамі. Пра гэта пішуць былыя палітвязьні Паліна Шарэнда-Панасюк, Эдуард Пальчыс, Уладзь Лабковіч.

З гэтага ж шэрагу падазрэньні, што былыя палітвязьні выкарыстоўваюцца дзеля дэлегітымізацыі каманды Сьвятланы Ціханоўскай. У згаданым лісьце ёсьць такая фраза: «Мы заклікаем ЭЗ слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх досьвед пры выпрацоўцы рашэньняў». То бок тут можна прачытаць заклік чуць ня толькі пазыцыю Ціханоўскай, але і яе апанэнтаў.

Ці будзе гэты ліст мець рэальныя практычныя наступствы? Цяжка сказаць. Бо ў лісьце за дужкі выносіцца роля Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Апэляцыя беларускіх дэмакратаў да ЭЗ з аповедам пра пакуты палітвязьняў на тле таго, што ва Ўкраіне кожны дзень гінуць дзясяткі людзей, а Эўропа рыхтуецца да вялікай вайны, выглядае пэўным дысанансам.

Але, калі ня грукацца ва ўсе дзьверы, то яны і не адчыняцца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG