Хроніка перасьледу 27 кастрычніка: у справе ByPol трох беларусаў асудзілі на вялікія тэрміны зьняволеньня

Менскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Менскі абласны суд 26 кастрычніка 2026 году вынес прысуд тром беларусам: палітзьняволеным Генрыху Агееву, Юрыю Васілеўскаму, а таксама Івану Балашэнку.

Як паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна», Юрыя Васілеўскага пакаралі 17 гадамі зьняволеньня, Генрыха Агеева — 21 гадамі, Івана Балашэнку — 25 гадамі зьняволеньня.

Агулам іх судзілі паводле дзевяці цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» і «здраду дзяржаве».

Генрых Агееў — былы сілавік з Берасьцейшчыны. У верасьні 2026 году яму споўнілася 32 гады. Палітвязьня затрымалі ў лютым 2024 году ў Крыме. У верасьні 2024 году Агеева экстрадавалі ў Беларусь, пры гэтым не аддалі ніякіх дакумэнтаў, таму час у СІЗА ФСБ не залічаць у тэрмін прысуду. На радзіму беларуса везьлі содні зь мехам на галаве.

Юры Васілеўскі скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. Працаваў у БНТУ спачатку як асыстэнт катэдры, а пасьля выкладчыкам і старшым выкладчыкам катэдры электразабесьпячэньня. З 2017 году Васілеўскага ўключылі ў Рэестар судовых экспэртаў. Яго профіль — судовая будаўніча-тэхнічная экспэртыза. Затрымалі ў верасьні 2025 году. Спачатку трымалі ў СІЗА КДБ, а з сакавіка 2026 году перавялі ў СІЗА № 1.

39-гадовы Іван Балашэнка — былы падпалкоўнік Вайсковай акадэміі, які пасьля 2021 году кінуў службу і пайшоў працаваць у таксі й лягістычныя кампаніі. Паводле BelPol, ён вучыўся ў Беларуска-расейскім унівэрсытэце ў Магілёве. Але, наколькі вядома, ня скончыў яго, пайшоў вучыцца ў Вайсковую акадэмію. Доўгі час мужчына будаваў пасьпяховую вайсковую кар’еру. Паводле «Кібэрпартызанаў», ён служыў у 103‑й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе Сілаў спэцыяльных апэрацыяў. Калі Балашэнка даслужыўся да старшых афіцэрскіх званьняў, перайшоў на выкладчыцкую працу ў Менску. У лістападзе 2021 году яго згадвалі ў афіцыйнай справаздачы Віцебскага кадэцкага вучылішча як ганаровага госьця і прадставілі падпалкоўнікам і выкладчыкам факультэту вайсковай выведкі Вайсковай акадэміі. Але ў сьнежні 2021 году Балашэнка звольніўся і працаваў толькі ў прыватных аўтапарках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Стаміліся чакаць». Беларускія палітвязьні, праваабаронцы і аналітыкі — пра зварот да лідэраў краін Эўропы

У беларускамоўнай IT-спэцыялісткі ў зьняволеньні пагоршыўся псыхалягічны стан

Марына Леановіч — беларускамоўная IT-спэцыялістка, працавала ў EPAM, знаходзіцца за кратамі з кастрычніка 2023 году. Як расказала праваабаронцам «Вясны» колішняя палітзьняволеная, якая адбывала пакараньне разам зь ёй у гомельскай калёніі № 4, Марына перажывала цяжкія крызісы — у яе былі панічныя атакі й частыя думкі пра суіцыд.

«Насамрэч стан у яе вельмі крытычны. [...] Мне ўвесь час даводзілася яе супакойваць, неяк натхняць... Мы зь ёю гадзінамі маглі абдымацца, абы ёй стала лягчэй. І ў гэты дзень я падышла да яе і зразумела, што яна ў вельмі цяжкім стане, бо яна перастала мяне пазнаваць. Яна глядзела на мяне, а ў вачах быў зусім іншы чалавек — яна нават не разумела, хто зь ёю размаўляе», — расказала колішняя палітзьняволеная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бяляцкі выступіў на Саміце свабоды ў Вільні: «Няма падставаў казаць пра адлігу ў Беларусі»

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 27 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 883 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 939.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спэцдакладчык ААН зрабіў агляд парушэньняў правоў жанчын у Беларусі