Эўропа аднавіла кантакты з Пуціным. Галоўная тэма — спыненьне вайны ва Ўкраіне

Сьцяг Фінляндыі. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм’ер-міністар Нарвэгіі Юнас Гар Стэрэ правялі тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Як паведаміла агенцтва Reuters, тэма размовы — вайна ва Ўкраіне. Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну лідэры заходнеэўрапейскіх краін пераважна ўнікалі кантактаў з расейскім прэзыдэнтам.

«Размова была адкрытай і зьмястоўнай. Мы — суседнія з Расеяй краіны. Вынік гэтай вайны будзе мець просты ўплыў на нашу бясьпеку і бясьпеку Эўропы ў цэлым. Каб спыніць вайну, неабходныя беспасярэднія перамовы», — працытавала агенцтва заяву Стуба.

Пазьней агенцтва паведаміла, што адразу пасьля гэтай размовы зь лідэрамі Фінляндыі і Нарвэгіі гутарыў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Дэталяў размовы не ўдакладнілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля перамоў у Осла Зяленскі падзякаваў ЗША: сыстэмы выяўленьня расейскіх ракет «ужо працуюць»

Рэакцыя Зяленскага

Пазьней Уладзімір Зяленскі ў сваім Telegram-канале ўдакладніў, што сёньняшняя ягоная размова стала працягам дыскусіяў, якія адбыліся ў Осла з прадстаўнікамі ЗША, Эўропы і NATO.

«Алекс і Юнас выразна сказалі расейскаму кіраўніку, што патрэбныя рэальныя дээскаляцыйныя крокі стасоўна нашай энэргетыкі й інфраструктуры. Абмеркавалі падрыхтоўку трохбаковай сустрэчы, заплянаванай на лістапад на ўзроўні камандаў — украінская, амэрыканская, расейская. Фінляндыя і Нарвэгія як краіны, памежныя з Расеяй, маюць асаблівы інтарэс у правільных і надзейных рашэньнях у пытаньнях бясьпекі», — адзначыў Зяленскі.

Апроч таго, паводле Зяленскага, абмеркавалі і розныя фарматы ўзаемадзеяньня Ўкраіны з партнэрамі ў Эўропе, якія могуць быць карыснымі для далейшай падтрымкі дыпляматыі, абароны і супольнай бясьпекі.

Рэакцыя Крамля

У Крамлі паведамілі, што ў размове з прэзыдэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам і прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Юнасам Гарам Стэрэ Пуцін выклаў сваю ацэнку сытуацыі ва Ўкраіне і «нагадаў аб першапрычынах» расейскага ўварваньня.

«Дасягненьне справядлівага доўгатэрміновага міру магчымае толькі пры поўным і безумоўным уліку законных інтарэсаў Расейскай Фэдэрацыі», — сказана ў афіцыйным паведамленьні Крамля.

Асобную ўвагу, як сьцьвярджаюць, Пуцін зьвярнуў на «канфрантацыйную палітыку краін ЭЗ і NATO, якая вядзе да зацягваньня баявых дзеяньняў». Паводле расейскай афіцыйнай інфармацыі, бакі таксама абмяняліся думкамі ў пытаньнях урэгуляваньня «ўкраінскага крызісу з улікам перамоваў Пуціна з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Стывам Уіткафам у Санкт-Пецярбургу 21 кастрычніка» і прывіталі дамоўленасьць аб аднаўленьні ў пачатку лістапада трохбаковых перамоваў.

У Крамлі таксама паведамілі, што ў размове бакі закраналі пытаньні «бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёнах Балтыйскага мора і Поўначы Эўропы». Асобна адзначылі, што размова адбылася з ініцыятывы фінскага і нарвэскага бакоў.

Што папярэднічала

Расея часта абвінавачвала эўрапейскія ўрады ў тым, што яны распальваюць вайну, пастаўляючы зброю Ўкраіне і адмаўляючыся весьці дыялёг з Масквой. Пры гэтым Масква супрацьпастаўляла пазыцыю эўрапейскіх краін падыходу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які кантактаваў з Пуціным і спрабаваў, хоць пакуль і марна, спрыяць дасягненьню мірнага пагадненьня.

На мінулым тыдні ў Осла Стэрэ і Стуб сустрэліся з спэцыяльным пасланьнікам ЗША Стывам Уіткафам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім — за дзень да сустрэчы Ўіткафа з Пуціным у Санкт-Пецярбургу.

Пасьля перамоваў Пуціна і Ўіткафа ў Крамлі заявілі, што Расея гатовая ў лістападзе аднавіць мірныя перамовы з Украінай пры пасярэдніцтве ЗША — упершыню зь лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Перад сустрэчай Уіткафа з Пуціным Расея вызваліла амэрыканца, які ваяваў за Ўкраіну


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.