Фатаздымак сярэдзіны 1920-х гадоў зьявіўся на адным з тэматычных польскіх рэсурсаў. Яго ўласьнік выставіў пачатковую цану 2000 злотых, што прыкладна роўна 500 эўра. На фота бачныя футбалісты міжваеннага часу. Яны адзетыя ў паласатую форму, разам з камандай два польскія вайскоўцы ў мундурах. Галкіпэр сядзіць на мячы. «WKS Grodno 76 PP. U-L-T-R-A unikat!», — падпісаў лот яго ўласьнік. Гэта азначае, што на здымку можна пабачыць футбалістаў клюбу WKS (Wojskowy klub sportowy — вайсковы спартовы клюб. — РС) з Горадні, у якім гулялі жаўнеры 76-га Лідзкага пяхотнага палку імя Людвіка Нарбута. Полк быў раскватараваны ў Горадні; напачатку футбольны клюб пры ім называўся проста WKS, а пасьля аб’яднаньня ў 1934 годзе з таксама мясцовым «цывільным» футбольным клюбам Cresovia атрымаў назву WKS Grodno.
100-гадовае фота
З словаў горадзенскага журналіста, краязнаўцы і гісторыка футболу Руслана Кулевіча, на фота, хутчэй за ўсё, менавіта вайсковы WKS, яшчэ да аб’яднаньня.
«Гэта арыгінальны фатаздымак, на ім горадзенскія футбалісты клюбу WKS, — расказвае Руслан Кулевіч у размове з Свабодай. — Фота зроблена ў 1920-х гадах. Імаверна, гэта 1926 год (да прыкладу, менскае „Дынама“ было створана толькі ў 1927 годзе. — РС). Я маю два фатаздымкі з горадзенскімі футбалістамі тых часоў у электронным фармаце. Агулам ужо больш за 10 гадоў шукаю зьвесткі пра футбол у Горадні тых часоў. Тыя фота, што я маю, — яны іншыя. Але ў арыгінале ўвогуле ня маю ніводнага. Таму вырашыў змагацца за гэтае фота».
Каб выкупіць здымак, Кулевіч абвесьціў адмысловы збор. Ён спадзяецца на падтрымку як гарадзенцаў, так і ўсіх цікаўных. З словаў Руслана, у Беларусі зараз увогуле няма ніводнага арыгінальнага фота з выявай гульцоў футбольных клюбаў тых часоў. Калі ў Горадні стваралі футбольны музэй, то яго арганізатары зьвярталіся да Руслана з просьбай дапамагчы стварыць экспазыцыю.
Так выглядае здымак горадзенскіх футбалістаў, за які просяць 500 эўра
«Мы тады разам з жыхарамі Горадні перадалі ім у музэй некалькі параў арыгінальных буцаў 1930-х гадоў, — расказвае Руслан. — На гэтым здымку ў футбалістаў такія ж. Мяч, пальчаткі брамніка таго пэрыяду мы перадалі. Яны зараз у горадзенскім музэі, у футбольным манэжы ў Пышках. Палякі тады ў той музэй перадалі копію футбольнай майкі WKS Grodno».
У Горадні перад вайной існавала адразу некалькі футбольных клюбаў, сярод якіх WKS (клюб 76-га пяхотнага палку, у якім у футбол гулялі вайскоўцы), Cresovia (у ім зьбіраліся цывільныя футбалісты), «Макабі Гродна» (габрэйскі футбольны клюб) і іншыя. Першыя два ў выніку аб’ядналіся пад назвай WKS Grodno ў 1934 годзе — гэты клюб да самага пачатку вайны ў 1939-м быў адным з наймацнейшых у сваёй акрузе.
«У Горадні былі вядомыя футбалісты ў той час, мясцовыя, — расказвае Руслан. — Браты Мельнікавы, браты Адамчыкі. Гэта ўсё мясцовыя хлопцы. Я шмат гадоў шукаў зьвесткі пра іх. Адамчыкаў было трое, пра іх мала вядома. А Мельнікавых я знайшоў, зрабіў інтэрвію з сынам Канстанціна Мельнікава, які быў капітанам WKS Grodno. Маю фатаздымкі. Я зьбіраў усё гэта, хацеў выдаць кнігу пра даваенны горадзенскі футбол. Усё неяк адкладваў, але гэты аўкцыён — ён як штуршок. Лічу, што і далей буду займацца гэтай справай. Наколькі ведаю, зараз ніхто ў Горадні не вывучае гісторыю футболу. Усе думаюць, што першая горадзенская каманда — гэта „Нёман“. Але былі яшчэ і да „Нёмана“ клюбы».
«Жонка скажа — „Ты што, здурэў?“»
З словаў Руслана, існуюць усе падставы меркаваць, што арганізаваны футбол у Горадні зьявіўся ў самым пачатку ХХ стагодзьдзя. Тымчасам зараз афіцыйна прынята лічыць месцам нараджэньня футболу на тэрыторыі Беларусі Гомель, дзе першы зафіксаваны футбольны матч адбыўся ў 1909 годзе. Дасьледнік кажа, што далейшыя пошукі могуць дазволіць высьветліць, дзе насамрэч адбыўся першы матч на тэрыторыі Беларусі, і зь вялікай доляй імавернасьці гэта будзе акурат Горадня.
Міжваенны футбольны клуб WKS Grodno. Фота з асабістага архіву Руслана Кулевіча
«2000 злотых за такі фатаздымак — гэта вельмі і вельмі дорага, — працягвае Руслан. — Такіх цэнаў на падобныя здымкі раней не было. Пяць гадоў таму яго б прадавалі за 100–200 злотых. А зараз вось нехта за 2000 выклаў. Але за яго трэба змагацца: я ўпершыню бачу на аўкцыёне фота горадзенскіх футбалістаў. Сам я столькі не магу выдаць. Ня тое каб грошай зусім не было. Але жонка скажа: „Ты што, здурэў?“ І я вырашыў зьвярнуцца да чытачоў, да гарадзенцаў, прапанаваць разам зрабіць. За першы дзень мы ўжо тысячу злотых назьбіралі. Клясна, што людзі дапамагаюць зрабіць першы крок».
Руслан ужо зарэгістраваўся на аукцыёне і гатовы змагацца за здымак. Таргі пачнуцца 31 кастрычніка. Кулевіч расказвае, што гісторыя даваенных горадзенскіх футбольных клюбаў скончылася ў верасьні 1939 году, калі на Польшчу адначасова напалі Трэці райх і СССР. Шмат хто з футбалістаў клюбу WKS Grodno пайшоў на фронт, 76-ы пяхотны полк удзельнічаў у баях у абароне Варшавы. Частка футбалістаў зь ліку мясцовых жыхароў засталася ў Горадні, яны ўдзельнічалі ў стварэньні новых клюбаў, ужо савецкіх. Адзін з братоў Мельнікавых, Канстанцін, гуляў за створаны саветамі горадзенскі «Лякаматыў», які пасьля стаў асновай для «Нёмана».
«Канстанцін Мельнікаў выступіў такім своеасаблівым правадніком ад старога даваеннага горадзенскага футболу да пасьляваеннага, — расказвае Руслан. — Ад WKS Grodno да „Нёмана“, створанага ў 1964 годзе. Пасьля вайны Мельнікаў так і застаўся жыць у Горадні, хоць яго запрашалі гуляць у Беласток, у „Ягелёнію“, але ён не паехаў. Ён жыў і аддаў усё жыцьцё на карысьць горадзенскага футболу».
Руслану і самому хай сымбалічна, але давялося згуляць адзін матч за WKS Grodno. Гэта адбылося ў межах створанай у Польшчы рэтра-лігі, дзе аматары футбольнай гісторыі рэканструююць даўнейшыя зьніклыя клюбы і праводзяць паміж імі матчы ў адноўленай футбольнай форме міжваенных часоў, паводле старых правілаў і з старымі мячамі.
Руслан Кулевіч (з паднятай рукой) у форме клюбу WKS Grodno падчас матча рэтра-лігі ў Беластоку
«Яны вырашылі стварыць таксама WKS Grodno і зьвярнуліся да мяне, — узгадвае Руслан. — Папрасілі інфармацыю, фатаздымкі, хацелі шыць форму. Я пачаў ім дапамагаць. І калі ў Беластоку быў матч паміж адноўленымі WKS Grodno I WKS Białystok (зь яго пазьней утварылася „Ягелёнія“, нядаўні чэмпіён Польшчы і адзін з наймацнейшых клюбаў краіны. — РС), я ў ім удзельнічаў як прадстаўнік Горадні. Гэта было вельмі сымбалічна. Апошні раз гэтыя каманды гулялі да 1939 году. Я адчуваў гэтую гісторыю. Стадыён быў стары, строі, буцы. Усё як трэба было. Вельмі клясна, згулялі 0:0, праўда. Я мог забіць гол, але не атрымалася. Каб атрымалася, была б гістарычная падзея».
На месцы стадыёну, дзе ў міжваеннай Горадні праходзілі матчы з удзелам мясцовых клюбаў WKS, Cresovia і «Макабі», гуляюць у футбол дагэтуль — гэта пляцоўка ля карпусоў фізкультурнага факультэту унівэрсытэту імя Янкі Купалы. Гарадзкі стадыён быў там нейкі час і пасьля вайны, пакуль яго не перанесьлі на месца цяперашняй арэны «Нёмана».
Ахвочых на выстаўлены на аукцыён здымак, акрамя Руслана Кулевіча, пакуль няма. Калі яго захоча выкупіць нехта, акрамя горадзенскага краязнаўцы, то цана стогадовай выявы горадзенскіх футбалістаў можа вырасьці яшчэ больш.