Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню жанчына судзіла матч найвышэйшага дывізіёну

Судзьдзі Юры Хомчанка, Вольга Блоцкая, Алеся Гутнік. Барысаў, 20 красавіка 2026 году. Кадар з трансьляцыі матча ў YouTube
Судзьдзі Юры Хомчанка, Вольга Блоцкая, Алеся Гутнік. Барысаў, 20 красавіка 2026 году. Кадар з трансьляцыі матча ў YouTube

Матч чацьвёртага тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж койданаўскім «Арсэналам» і бабруйскай «Белшынай» стаў гістарычным: упершыню галоўным арбітрам на гульні Вышэйшай лігі выступіла жанчына.

Галоўнай арбітаркай стала 36-гадовая Вольга Блоцкая з Маладэчна. Асістэнтамі арбітаркі працавалі Юры Хомчанка з Віцебску і Алеся Гутнік з Берасьця.

Блоцкая атрымала статус рэфэры ФІФА ў 2015 годзе. З таго моманту яна працуе на жаночых матчах міжнароднага ўзроўню пад эгідай УЕФА і ФІФА.

У 2019 годзе Блоцкая ўжо ўдзельнічала ў гістарычнай падзеі: тады яна судзіла матч другой лігі паміж «Івацэвічамі» і «Горкамі», дзе працавала цалкам жаночая брыгада арбітраў.

Як паведамляў Telegram-канал «Галявая перадача» са спасылкай на крыніцу, чакаецца, што ў будучыні цалкам жаночая судзейская брыгада можа зьявіцца і на матчах Вышэйшай лігі.

  • Жанчыны-судзьдзі ў футболе — гэта ўжо не выключэньне, а важная частка сусьветнага футбола. Першыя буйныя міжнародныя прызначэньні жанчын-арбітраў сталі прыкметнымі ў 1990-х. На першым жаночым чэмпіянаце сьвету FIFA 1991 года ўжо працавалі жанчыны-судзьдзі, а бразільянка Cláudia Vasconcelos стала першай жанчынай, якая судзіла турнір FIFA. Пазьней жаночыя чэмпіянаты сьвету цалкам абслугоўваліся жаночымі брыгадамі, а затым пачаўся рух у мужчынскі футбол.
  • Самы гучны момант адбыўся на чэмпіянаце сьвету 2022 года ў Катары: францужанка Stéphanie Frappart стала першай жанчынай-галоўным арбітрам матча мужчынскага чэмпіянату сьвету (Коста-Рыка — Германія).
  • У Беларусі маштаб меншы, чым у топ-краінах Эўропы, але тэндэнцыя такая ж: жанчыны ўжо працуюць у нацыянальных спаборніцтвах, у жаночым футболе і ўсё часьцей атрымліваюць прызначэньні на матчы мужчынскіх турніраў.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG