Два БХД замест аднаго. Пра што спрачаюцца Севярынец і Рымашэўскі напярэдадні зьезду ў Беластоку

Сьцяг БХД. Ілюстрацыйная выява

Да стагодзьдзя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ўдзельнікі гэтага руху ў выгнаньні падышлі не аб’яднанымі, а фактычна дзьвюма плынямі. 24 кастрычніка ў Беластоку адбываецца зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, які Павал Севярынец называе аб’яднаўчым.

На ім плянуюць абраць новае кіраўніцтва і прадставіць стратэгію партыі на наступныя тры гады. Дата сымбалічная: роўна сто гадоў таму, 24 кастрычніка 1926 году, у Вільні беларуская хрысьціянска-дэмакратычная арганізацыя атрымала назву БХД.

За тыдзень да беластоцкага зьезду, 17–18 кастрычніка, у Варшаве прайшоў сход руху «Беларуская салідарнасьць / Беларускія хрысьціянскія дэмакраты», зьвязанага зь Віталём Рымашэўскім. Яго сустаршынямі сталі сам Рымашэўскі, Вольга Алейнік, Дзяніс Садоўскі і Ксенія Палуэктава. У сходзе, паводле арганізатараў, удзельнічалі больш за 80 чалавек.

Севярынец жа зьбірае ў Беластоку больш за сто дэлегатаў і прапануе абраць новае кіраўніцтва БХД таемным галасаваньнем.

Дык чаму, калі абодва бакі гавораць пра неабходнасьць яднаньня, яны праводзяць два розныя зьезды? Адказ на гэтае пытаньне мы шукалі ў праграме «ПіК Свабоды. Вынікі тыдня» на YouTube-канале «Свабода. Падзеі і камэнтары».

Севярынец: большасьць БХД ужо аб’ядналася

Павал Севярынец кажа, што пасьля выхаду з турмы пабачыў БХД падзеленай на некалькі групаў, якія нават не хацелі размаўляць адна з адной.

Сваёй першай задачай ён называе менавіта аднаўленьне адзінства.
«Калі я выйшаў з турмы, тут былі разваленыя некалькі кавалкаў, якія не хацелі нават размаўляць адзін з адным. Зараз, дзякуй Богу, большасьць дамовілася, і большасьць будзе на зьезьдзе ў Беластоку», — сказаў Севярынец у інтэрвію Свабодзе.

Паводле яго, у падрыхтоўцы зьезду ўдзельнічаюць каля 200 чалавек, у тым ліку прыкладна 80 прадстаўнікоў «старой гвардыі» БХД. Севярынец лічыць, што на гэтай аснове паўстае фактычна новая палітычная сіла, якая адначасова захоўвае пераемнасьць з ранейшай БХД.

Рымашэўскага і ягоных паплечнікаў Севярынец таксама запрашае ў Беласток. Ён прапанаваў Рымашэўскаму «ня проста прыехаць, але і ўдзельнічаць у выбарах кіраўніцтва».

«Калі шэсьць гадоў Віталь Рымашэўскі ўзначальваў, то якія праблемы прыйсьці і сказаць усім хрысьціянскім дэмакратам: вось вынікі працы. [...] Таму запрашаем Віталя вылучацца на старшыню ці намесьніка старшыні на зьезьдзе ў Беластоку», — кажа Севярынец.

Паводле яго, кіраўніцтва будуць выбіраць таемна, а празрыстая скрыня для галасаваньня будзе стаяць на сцэне.

Рымашэўскі: мы не расколваемся, мы розныя

Рымашэўскі глядзіць на сытуацыю інакш. Ён ня лічыць, што бакі ня здолелі дамовіцца.

Паводле яго, цяпер рыхтуецца пагадненьне аб супрацоўніцтве «двух ідэалягічна розных крылаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі». Рымашэўскі прапануе не абавязкова зьліваць іх у адну структуру, а супрацоўнічаць, захоўваючы адрозьненьні.

У якасьці магчымага ўзору ён згадвае нямецкую мадэль ХДС і ХСС — асобных хрысьціянска-дэмакратычных сілаў, якія выступаюць палітычнымі партнэрамі.

«Мы разглядаем іх, гэтую частку БХД, якую сёньня ўзначальвае Павал Севярынец і Георгі Дзьмітрук, як ідэалягічна трошкі розных, але ўсё ж такі нашых хаўрусьнікаў у адным хрысьціянска-дэмакратычным руху», — сказаў Рымашэўскі.

Але менавіта слова «ідэалягічна» тут ключавое.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рымашэўскі папрасіў прабачэньня ў ЛГБТ і заявіў пра ідэалягічныя разыходжаньні зь Севярынцам

Рэлігійная ці адкрытая хрысьціянская дэмакратыя

Адно з галоўных разыходжаньняў — у разуменьні самой хрысьціянскай дэмакратыі.

Рымашэўскі лічыць, што сучасная хрысьціянска-дэмакратычная партыя ня мусіць займацца хрысьціянізацыяй грамадзтва ці прадстаўляць перадусім інтарэсы вернікаў.

«Тыя лёзунгі і тая сутнасьць, якая сёньня прапаведуецца ад імя хрысьціянскай дэмакратыі, напрыклад, беларусізацыя хрысьціянаў, хрысьціянізацыя Беларусі — гэта ня ёсьць місія палітычнай партыі», — кажа Рымашэўскі.

Паводле яго, БХД павінна быць адкрытая для чалавека незалежна ад яго веравызнаньня:

«Сёньня хрысьціянская дэмакратыя — гэта не рэлігійны рух, гэта рух, у якім нікога не дыскрымінуюць, у якім ніхто не пытае, да якой групы — рэлігійнай альбо іншай — ты належыш».

Севярынец, аднак, не пагаджаецца з тым, што ягонае крыло можна проста назваць рэлігійна-кансэрватыўным. Ён называе сябе і сваіх паплечнікаў цэнтрыстамі і кажа, што ў адноўленай БХД павінна знайсьціся месца ўсім — ад рэлігійных фундамэнталістаў і кансэрватараў да рэфармістаў і лібэралаў.

«Мая частка БХД, якая пачынала аб’яднаньне, — гэта цэнтрысты. Мы гатовыя размаўляць і зь лібэраламі, і з кансэрватарамі. Мы цудоўна разумеем, што сьвет зараз мяняецца. Немагчыма стварыць толькі кансэрватыўную хрысьціянска-дэмакратычную партыю альбо толькі лібэральную», — кажа Севярынец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Час аб’ядноўвацца». Павал Севярынец анансаваў зьезд партыі БХД, якая падзялілася, пакуль ён быў у турме

Гендэр стаў яшчэ адной лініяй падзелу

Рымашэўскі называе і больш канкрэтны прыклад ідэалягічнага канфлікту. Паводле яго, пасьля вызваленьня Севярынец настойваў на скасаваньні гендэрнай плятформы БХД, якую цягам пяці гадоў распрацоўвала жаночая арганізацыя хрысьціянскіх дэмакратаў.

«Павал настойваў на тым, каб, напрыклад, была прыбраная і скасаваная гендэрная плятформа хрысьціянскіх дэмакратаў, якая была распрацаваная нашай жаночай арганізацыяй цягам апошніх пяці гадоў. Безумоўна, мы ад гэтых каштоўнасьцяў адмаўляцца ня мусім», — кажа Рымашэўскі.

Ён таксама падкрэсьлівае, што сярод чатырох сустаршыняў ягонага руху цяпер дзьве жанчыны і двое мужчын, называючы гэта першым такім гендэрным балянсам у гісторыі беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў.
Рымашэўскі папрасіў прабачэньня перад ЛГБТ-супольнасьцю

Рымашэўскі канстатаваў і эвалюцыю сваіх поглядаў, згадаўшы пра стаўленьне да ЛГБТ. Ён прызнаў, што цяпер яму сорамна за некаторыя ўласныя заявы пятнаццацігадовай даўнасьці.

«Мне сёньня, я магу сказаць, сорамна за некаторыя выказваньні, якія я рабіў 15 гадоў таму, напрыклад, у дачыненьні да ЛГБТ-супольнасьцяў і царквы. [...] Некаторыя рэчы недапушчальныя, за іх я б хацеў папрасіць прабачэньня», — сказаў Рымашэўскі.

Ён дадаў, што «хрысьціянская дэмакратыя — гэта хрысьціянская дэмакратыя для ўсіх» і што прыналежнасьць чалавека да царквы ці ягоныя погляды ня могуць быць падставай для дыскрымінацыі.

Ёсьць і палітычныя разыходжаньні

Спрэчка паміж дзьвюма групамі, аднак, не абмяжоўваецца рэлігіяй, гендэрам ці ЛГБТ. Рымашэўскі кажа і пра розьніцу ў стаўленьні да іншых дэмакратычных структураў і санкцыяў. Ягоная група, паводле палітыка, крытычна ставілася да некаторых рашэньняў Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Асабліва ён вылучае санкцыйную палітыку: Рымашэўскі выступае супраць аўтаматычнай сынхранізацыі санкцыяў адносна Беларусі і Расеі.

На яго думку, такая палітыка прыводзіць да таго, што беларусаў за мяжой пачынаюць успрымаць нароўні з грамадзянамі Расеі. Ён таксама выступае супраць «жалезнай заслоны» паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, мяркуючы, што ізаляцыя беларускіх грамадзянаў будзе спрыяць яшчэ большаму кантролю Расеі над Беларусьсю.

Навошта наогул партыя, якая ня можа працаваць у Беларусі?

У адным пытаньні абодвум палітыкам даводзіцца адказваць на аднолькавы выклік: які сэнс мае беларуская палітычная партыя ў 2026 годзе, калі дзейнічаць у самой Беларусі практычна немагчыма?

Севярынец адказвае гістарычнымі паралелямі. Ён згадвае беларускіх палітыкаў пачатку ХХ стагодзьдзя і зьезд Беларускага Народнага Фронту ў Вільні ў 1989 годзе. На яго думку, галоўная задача цяпер — рыхтаваць людзей і каманды, якія змогуць вярнуцца ў Беларусь, калі адкрыецца «акно магчымасьцяў».

Ён гаворыць пра стварэньне рэгіянальных камандаў беларусаў у Беластоку, Вільні, Варшаве, Кракаве і іншых гарадах, распрацоўку плянаў рэформаў, адукацыю актывістаў і падрыхтоўку да будучых свабодных выбараў.

«Для тых, хто хоча вярнуцца ў Беларусь і пабудаваць Эўропу ў самой Беларусі, камфортнага змаганьня не бывае», — кажа Севярынец.
Рымашэўскі ставіць большы акцэнт на бясьпецы тых, хто застаўся ў краіне. Таму сваю мадэль ён бачыць хутчэй як спалучэньне грамадзкіх ініцыятываў, дапамогі беларусам унутры краіны і за мяжой, праваабарончай дзейнасьці, міжнароднага прадстаўніцтва і ідэалягічнай працы.

Два зьезды — але ня два ворагі

Нягледзячы на ўсе гэтыя разыходжаньні, ні Севярынец, ні Рымашэўскі пакуль не гавораць пра канчатковы разрыў.

Севярынец запрашае Рымашэўскага на зьезд у Беласток і нават прапануе яму балятавацца ў кіраўніцтва БХД.Рымашэўскі ў сваю чаргу кажа, што быў бы гатовы выступіць на зьезьдзе, але, паводле яго, пэрсанальнага запрашэньня выступіць не атрымаў. Ягонае крыло мае накіраваць у Беласток сваіх прадстаўнікоў і вітаньне ўдзельнікам. Больш за тое, Рымашэўскі прапануе ў 2027 годзе правесьці супольную канфэрэнцыю дзьвюх плыняў.

Мы спыталіся ў палітыкаў, якой павінна быць беларуская хрысьціянская дэмакратыя XXI стагодзьдзя.

Для Севярынца гэта шырокая партыя з выразным хрысьціянскім падмуркам, якая павінна сабраць разам і кансэрватараў, і цэнтрыстаў, і лібэралаў і рыхтавацца да вяртаньня ў Беларусь.

Для Рымашэўскага — сучасны праэўрапейскі хрысьціянска-дэмакратычны рух, адкрыты незалежна ад веравызнаньня, які прымае гендэрную роўнасьць, адмаўляецца ад дыскрымінацыі і робіць стаўку на практычную дапамогу беларусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусь у турме адчуваеш як страчаны рай». Павал Севярынец прэзэнтаваў у Вільні сваю новую кнігу