У суботу ў Беластоку адбудзецца зьезд Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, які Павал Севярынец называе аб’яднаўчым. Аднак на ім ня зьявіцца Віталь Рымашэўскі, які апошнімі гадамі быў сустаршынём БХД. Ён стварыў уласную арганізацыю і не плянуе браць удзел у суботнім зьезьдзе. Ягоныя паплечнікі будуць там у якасьці гасьцей.
Паводле Рымашэўскага, створаная ім арганізацыя «Беларуская салідарнасьць — Беларускія хрысьціянскія дэмакраты» ідэалягічна адрозьніваецца ад больш рэлігійна-кансэрватыўнай плыні, якую рэпрэзэнтуюць Павал Севярынец і Георгі Дзьмітрук.
«Сёньня хрысьціянская дэмакратыя — гэта не рэлігійны рух, гэта рух, у якім нікога не дыскрымінуюць, у якім ніхто не пытае, да якой групы — рэлігійнай або іншай — ты належыш», — сказаў Рымашэўскі. Паводле яго, хрысьціянскія каштоўнасьці павінны выяўляцца ў палітычных праграмах, рэформах і канкрэтных дзеяньнях, а не ў «лабіяваньні менавіта хрысьціянаў».
Адным з канкрэтных ідэалягічных разыходжаньняў зь Севярынцам Рымашэўскі назваў стаўленьне да гендэрнай праблематыкі. Паводле яго, пасьля вызваленьня Севярынец выступіў за скасаваньне гендэрнай плятформы хрысьціянскіх дэмакратаў.
«Павал настойваў на тым, каб, напрыклад, была прыбраная і скасаваная гендэрная плятформа хрысьціянскіх дэмакратаў, распрацаваная нашай жаночай арганізацыяй цягам апошніх пяці гадоў. Безумоўна, мы ад гэтых каштоўнасьцяў адмаўляцца ня мусім», — сказаў Рымашэўскі.
Ён таксама зьвярнуў увагу на тое, што ў кіраўніцтве ягонай плыні БХД упершыню забясьпечаны гендэрны балянс: з чатырох абраных сустаршыняў дзьве жанчыны і двое мужчын. Рымашэўскі таксама публічна перагледзеў свае ранейшыя выказваньні пра ЛГБТ-супольнасьць.
«Мне сёньня, я магу сказаць, сорамна за некаторыя выказваньні, якія я рабіў 15 гадоў таму, напрыклад, у дачыненьні да ЛГБТ-супольнасьцяў і царквы. [...] Я разумею, што некаторыя рэчы недапушчальныя. За іх я б хацеў папрасіць прабачэньня», — сказаў Рымашэўскі.
Паводле палітыка, сучасная хрысьціянская дэмакратыя павінна быць «для ўсіх», а хрысьціянства ці прыналежнасьць да царквы ня могуць быць падставай для таго, каб судзіць ці дыскрымінаваць людзей празь іхныя погляды.
Пры гэтым Рымашэўскі падкрэсьліў, што ідэалягічныя разыходжаньні не азначаюць разрыву паміж дзьвюма плынямі БХД. Ён назваў групу Севярынца і Дзьмітрука «хаўрусьнікамі ў адным хрысьціянска-дэмакратычным руху» і заявіў, што бакі рыхтуюць пагадненьне аб супрацы. Рымашэўскі таксама прапанаваў налета правесьці супольную канфэрэнцыю дзьвюх плыняў беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў.
Форум