Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь у турме адчуваеш як страчаны рай». Павал Севярынец прэзэнтаваў у Вільні сваю новую кнігу

Павал Севярынец падчас прэзэнтацыі ў Вільні
Павал Севярынец падчас прэзэнтацыі ў Вільні

На прэзэнтацыі Павал Севярынец заявіў, што выпрабаваньні, якія выпалі на долю беларусаў, азначаюць, што наперадзе «вялікія падзеі». «Гэта можа быць і падзеньне рэжыму Лукашэнкі, і акупацыя Беларусі, і партызанская вайна. Нам давядзецца ўступаць у справу», — сказаў Севярынец.

Кніга «Беларусь — гэта сьвятое» складаецца з 22 вершаў, і 71 малюнка, якія Павал Севярынец стварыў у няволі. Кожны малюнак суправаджае выслоўе. Прыкладам, выява бажніцы ў Пінску дапоўнена фразай «Вера, мова і памяць — тое, на чым трымаецца нацыя». Гэтым клопатам пра беларусаў як пра нацыю і частку чалавецтва прасякнутая ўся кніга аўтара. А словамі, вынесенымі ў загаловак, Павал Севярынец пачаў аўтарскую прадмову да кнігі, напісаную сёлета на Вялікдзень.

На прэзэнтацыі ў Цэнтры наведнікаў сэйму Літвы выступілі дэпутаты Русланас Баранавас і Жыгімантас Павілёніс.

Русланас Баранавас назваў Севярынца сапраўдным палітыкам і з задавальненьнем адзначыў, што ён ужо піша яму па-літоўску, хоць толькі летась прыехаў у Літву . «Гэта найлепшы патрыятызм — паважаць і любіць іншыя нацыі», — зазначыў літоўскі дэпутат.

Жыгімантас Павілёніс высока ацаніў упартасьць Севярынца як творцы і ягоную нацэленасьць на служэньне беларускай справе. Ён заклікаў працягваць барацьбу за дэмакратызацыю Беларусі і не скарацца перад пагрозай агрэсіі з боку імпэрскіх колаў Расеі.

Айцец Георгі Рой назваў кнігу Севярынца «беларускім працягам Псалтыра». Бо ў вершах «захаваныя пачуцьці, якія перажывалі многія беларусы ў апошнія складаныя гады», — патлумачыў Георгі Рой.

Зьмітра Дашкевіча закранула прызнаньне Севярынца, што кніга нарадзілася са «сьлёз дзіцяці» — сына Францішка. Аднойчы трохгадовы хлопчык замаркоціўся, што ад таты прыйшоў ліст толькі для мамы, а для яго асобна — не.

«Тады я вырашыў пісаць сыну кожны тыдзень і суправаджаць лісты малюнкамі і вершамі», — расказаў Павал Севярынец.

Аднак пасьля пераводу зь СІЗА ў шклоўскую калёнію Паўлу дасылаць малюнкі і вершы на волю забаранілі.

«Але я працягваў складаць вершы, толькі што мусіў іх запамінаць на памяць. Штодня па некалькі разоў паўтараў — і гэтак запомніў усе 22 вершы».

Сям’я Севярынцаў: Вольга, Францішак і Павал
Сям’я Севярынцаў: Вольга, Францішак і Павал

Падчас прэзэнтацыі людзі хвалілі й малюнкі. Севярынец патлумачыў, што скончыў школу з мастацкім ухілам у Віцебску, настаўнікам якой ён дагэтуль вельмі ўдзячны. У зьняволеньні ён маляваў паводле паштовак з выявамі беларускіх храмаў, якія яму дасылалі з волі:

«Дадаваў сваё тым, што часам мяняў ракурс і сьвятло».

Павал Севярынец лічыць, што выпрабаваньні, якія выпалі на долю многіх беларусаў цягам апошніх гадоў, азначаюць, што Бог рыхтуе іх да новых цяжкасьцяў.

«Нічога не бывае проста так. Для мяне гэта знак таго, што вялікія падзеі неўзабаве, — сказаў Севярынец. — Гэта можа быць і падзеньне рэжыму Лукашэнкі, і акупацыя Беларусі, і партызанская вайна. Нам давядзецца ўступаць у справу».

Ён мяркуе, што «расейская імпэрыя пачынае валіцца», а Лукашэнка «кусае локці».

У Паўла Севярынца таксама спыталі, якія кнігі, прачытаныя ў няволі, яго асабліва ўразілі.

«Часьцей перачытваў Біблію, але таксама перачытаў Быкава і Караткевіча. Там вельмі чытаецца Быкаў, бо ягоная проза заўсёды пра мяжу жыцьця чалавека», — адказаў ён.

«Беларусь — гэта сьвятое» — 14-я кніга Паўла Севярынца і першая, выдадзеная за мяжой.

Павал Севярынец — ляўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2007) за публіцыстычны цыкль «Лісты зь лесу», прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава (2008), прэміі імя Францішка Аляхновіча (2014) за кнігу «Беларуская глыбіня», напісаную падчас адбываньня пакараньня на «хіміі».

7 чэрвеня 2020 году яго затрымалі і пазьней асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. 13 сьнежня 2025 году яго з горадзенскай турмы прымусова вывезьлі ва Ўкраіну. Адтуль ён пераехаў у Літву, дзе неўзабаве ўзьяднаўся зь сям’ёй.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG