Беларускі дзяржаўны лялечны тэатар быў створаны 15 ліпеня 1938 году ў Гомлі. У 1950 годзе калектыў пераехаў у Менск. Цягам 30 гадоў (з 1956 па 1986) галоўным рэжысэрам Лялечнага был Анатоль Ляляўскі, потым пасаду пераняў ягоны сын Аляксей (з 1986 па 2023). Але ў 2023-м Ляляўскаму-малодшаму не працягнулі кантракт.
1 сакавіка 2024 году галоўным рэжысэрам Лялечнага тэатру быў прызначаны Яўген Карняг, які і раней ставіў спэктаклі ў ім, але больш працаваў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Неўзабаве пасьля прызначэньня Карняга здарылася нечаканае. Тэатар стаў настолькі папулярным сярод менчукоў усіх узростаў, што вось ужо 2 гады квіткі ў Лялечны не купіць.
Вядомы беларускі рэжысэр Аляксандар Гарцуеў, які працаваў акторам і рэжысэрам у Купалаўскім, а з 2012 і да канца 2021 году быў мастацкім кіраўніком РТБД, у размове з Свабоадй такім чынам тлумачыць раптоўную цікавасьць цяперашняга беларускага гледача да Лялечнага.
«Бо там цяпер працуе яскравая асоба — рэжысэр Яўген Карняг. Яго тэатар вельмі цікавы. Зьнікне Карняг — зьнікнуць і гэтыя чэргі. Я яго даўно ведаю, яшчэ зь ягонай студэнцкай пары — Жэня Карняг вельмі таленавіты чалавек. Ён і у Маскве ставіць спэктаклі, і ў Піцеры, і ў Адэсе ставіў, шмат дзе», — кажа Аляксандар Гарцуеў.
Хто такі Яўген Карняг?
Яўген Карняг вучыўся ў менскай школе, дзе была тэатральная студыя, а потым спэцыяльная кляса з адмысловымі прадметамі: сцэнічнае маўленьне, акторскае майстэрства, танцы, вакал.
Яўген Карняг. Фота з афіцыйнага сайта puppet-minsk.by
Аднак конкурс у Акадэмію мастацтваў на спэцыяльнасьць «драматычны актор» ён не прайшоў і мусіў пайсьці вучыцца на актора лялечнага тэатру. Праз год плянаваў перавесьціся на спэцыяльнасьць «драматычны актор». Карнягу пашанцавала з настаўнікам — тагачасным галоўным рэжысэрам Лялечнага тэатру Аляксеем Ляляўскім, сынам знакамітага Анатоля Ляляўскага. Яўген захапіўся харэаграфіяй і плястыкай і стаў вядомым дзякуючы спэктаклю «Ня танцы». У 2010-м арганізаваў уласны калектыў — KorniagTHEATRE.
Менавіта ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, дзе Гарцуеў быў мастацкім кіраўніком, малады рэжысэр Яўген Карняг паставіў свае «зорныя» спэктаклі: «Бэтон» (2017); «Шлюб зь ветрам» (2019); «Пачупкі» (2022); «Забалоцьце» (2023), якія заўсёды ішлі з аншлягам.
Паралельна Яўген Карняг працаваў і ў Лялечным. У 2015 годзе выпусьціў там спэктакль «Інтэрвію зь ведзьмамі» — «чорную камэдыю», плястычны спэктакль для дарослых пра жахі, страхі й асабістыя гісторыі. У 2021 годзе ён паставіў «Запіскі юнага доктара» паводле Міхаіла Булгакава.
Афіша спектакля менскага лялечнага тэатра "Нататкі маладога лекара"
Стаўшы мастацкім кіраўніком Лялечнага тэатру ў 2024 годзе, Яўген Карняг паставіў там спэктаклі для дарослых: «Мроіва» пра паміраньне вёскі і «На чорнай-чорнай вуліцы» — дзе ўвасобіў улюбленыя дзіцячыя пужалкі і казкі Ганса Крыстыяна Андэрсэна. У 2025 годзе — спэктакль «Хутар» паводле «Знаку бяды» Васіля Быкава.
Апошняя прэм’ера, якая адбылася ў ліпені 2026 году, — «Лэдзі М.цэнскага павету» паводле Мікалая Ляскова. Прэм’еру тэатар нават не анансаваў — і без таго быў аншляг.
Яўген Карняг запатрабаваны ў іншых краінах: у Санкт-Пецярбургу ў тэатры Karlsson House ён паставіў спэктаклі «Сад асалодаў», «Пясочніца», «Твой Віні-П», «Сарцаед». Нядаўна ў маскоўскім габрэйскім тэатры «Шалом» Яўген Карняг паставіў п’есу «Магда» (жанр — «калыханка, якая пераходзіць у горар») — пра жонку Гёбэльса.
12 верасьня 2026 году галоўнага рэжысэра менскага Лялечнага тэатру Яўгена Карняга назвалі «менчуком году» ў намінацыі «Культура».
«Цяпер ні ў Купалаўскі, ні у РТБД — ні нагой!»
Мы пагаварылі зь менскімі аматаркамі тэатру, якія раней былі прыхільніцамі Купалаўскага і РТБД, а цяпер імкнуцца трапіць у Лялечны. Адной пашанцавала, другой пакуль не.
Алена (імя зьменена дзеля бясьпекі. — РС) хадзіла на ўсе прэм’еры Купалаўскага і РТБД. У Купалаўскі нават па два-тры разы на адзін і той жа спэктакль, каб параўнаць, як розныя акторы выконваюць адну і тую ролю.
«Я хадзіла на „Рэвізора“ ў Купалаўскі двойчы, каб паглядзець і на Паўла Харланчука, і на майго любімага Аляксандра Казелу ў ролі Хлестакова. Цяпер ні ў Купалаўскі, ні у РТБД — ні нагой! РТБД паставіў „Маленькія трагедыі“ па-расейску! Хоць канцэпцыя тэатру — творчая лябараторыя менавіта беларускай драматургіі! А Купалаўскі пасьля сыходу амаль усёй трупы ў 2020-м на знак пратэсту супраць гвалту набраў процьму маладых актораў з расейскай правінцыі. Вымаўленьне ў іх — трындзец! Яны нібыта і стараюцца, але завучаныя фразы гучаць так ненатуральна, гэта проста зьдзек зь беларускай мовы», — абураецца Алена.
Пастаноўка менскага лялечнага тэатра. Фота з афіцыйнага сайта
Яна расказала, што летась пад ціскам дачкі, якой на працы далі бясплатныя квіткі, усё ж схадзіла ў Купалаўскі.
«Прабачце, як казаў той клясык: „Паскудзтва, брат, і не пытайся“, — я пра мову і маўленьне. Мы сышлі пасьля першага акту», — кажа суразмоўца.
Не падабаецца ёй і рэпэртуар: «Вечар» і «Чорная панна Нясьвіжу» паводле Аляксея Дударава ідуць на сцэне Купалаўскага ўжо пару дзясяткаў гадоў.
«Ніводнага сучаснага аўтара! Зь якога нафталіну нядаўна дасталі „Сэрца на далоні“ Шамякіна?» Мне, сталаму чалавеку, гэта ўжо нецікава. А маім 20-гадовым унукам наагул давялося тлумачыць, хто такі Шамякін», — эмацыйна кажа Алена.
Цяпер яна сапраўды «палюе» на квіткі ў Лялечны, бо раней захаплялася спэктаклямі Яўгена Карняга, якія ён ставіў ў РТБД.
«Асабліва запомніліся спэктаклі „Пачупкі“ і „Шлюб зь ветрам“. Там такая харэаграфія! Мне вельмі падабаўся актор Арцём Курань, зь якім не працягнулі кантракт, звольнілі яшчэ некалькі маладых актораў. І самыя топавыя спэктаклі зьніклі — няма каму граць!
А вось лялечныя спэктаклі Яўгена Карняга я, на жаль, яшчэ не глядзела — не магу дастаць квіткі. Ужо і дачку, і ўнукаў залучыла, каб „лавілі“ квіткі ў Лялечны тэатар. Спрабавала стаяць у жывой чарзе — квіткоў не хапіла», — расказвае Алена.
Пастаноўка менскага лялечнага тэатра. Фота з афіцыйнага сайта
Яна ўзгадала, што глядзела некалі ў менскім лялечным «Пансіён „Бэльвэдэр“», а на пачатку 1990-х адмыслова езьдзіла ў Горадню, у тэатар лялек, які паставіў «Тутэйшых» Янкі Купалы.
«У маладосьці мы зь сябрамі захапляліся песьнямі Віктара Шалкевіча і ім самім, а ён граў у „Тутэйшых“. Ну і паехалі мы глядзець спэктакль. Былі ў захапленьні!» — узгадвае жанчына.
«Мроіва» пра паміраньне вёскі — гэта наагул «космас»
Яшчэ адной суразмоўцы Свабоды Вользе (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) пашанцавала больш — летась яна трапіла на два спэктаклі Яўгена Карняга ў Лялечным: «Запіскі юнага доктара» і «Мроіва». Прызналася, што дастала квіткі «па блату», але што за «блат», ня кажа.
«Я абагаўляю Міхаіла Булгакава. А тут такое незвычайнае спалучэньне: апавяданьне „Морфій“ і цыкль „Нататкі юнага доктара“! Там чорны гумар: мэдсёстры шпурляюць шпрыцы як дроцікі, доктар скача па сківіцы, каб выбіць пацыенту зуб, робіць акрабатычныя выкрунтасы. І ўсё гэта пад шансон Аляксандра Вярцінскага. Неймаверна — тры гадзіны на адным дыханьні», — узгадвае Вольга.
«Мроіва» пра паміраньне вёскі суразмоўца характарызуе ўвогуле як «космас». Хоць на спэктакль на такую тэму наагул не хацела ісьці.
«Уявіце сабе: за акторамі ходзіць апэратар і здымае онлайн тое, што адбываецца на сцэне. Гэтае відэа выводзіцца на вялікі экран, і ты бачыш, што ў руках у актора — вясковая хатка, у якой сьвецяцца вокны, бачна, што ўсярэдзіне… Там столькі ўсяго наварочана: успаміны палешукоў, „Адвечная песьня“ Янкі Купалы, „Песьня пра зубра“ Міколы Гусоўскага! Ведаю, што Яўген Карняг нядаўна паставіў „Лэдзі Макбэт“. Праўда, маёй сяброўцы спэктакль не спадабаўся. Таму сама хачу паглядзець, але таго „блату“ на квіткі, які ў мяне быў раней, ужо няма… Таму цяпер праблема — як трапіць?» — задаецца рытарычным пытаньнем Вольга.