«Усіх павыганялі, усё закрылі». Ці магчымая легалізацыя не прызнанага Менскам Саюзу палякаў Беларусі?

Суд па справе журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, 2011 год. Ілюстрацыйнае фота

Расказваем гісторыю Саюзу палякаў Беларусі: ад дазволу на яго ў савецкія часы праз падзелы і перасьлед аж да размоваў пра ягоную легалізацыю пасьля пэрыяду змаганьня з польскасьцю ў краіне.


У Беларусі загаварылі пра рэгістрацыю Саюзу палякаў. Гэта адбываецца на фоне нядаўняга прыезду ў краіну былога палітвязьня і актывіста польскай меншасьці Анджэя Пачобута і анансаванай адлігі ў адносінах паміж дзьвюма дзяржавамі.

Зарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі ўжо ёсьць. Але гэта не ад яго імя выступаюць той самы Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс. Бо ў Беларусі два Саюзы палякаў. Адзін зь іх не прызнаюць улады ў Менску, але прызнае афіцыйная Варшава, а другі — наадварот.

Гісторыя Саюзу палякаў Беларусі пачалася амаль сорак гадоў таму. Тады, у чэрвені 1990 году, актывісты заснавалі арганізацыю польскай нацыянальнай меншасьці. Дазвол даваў яшчэ тагачасны кіраўнік СССР Міхаіл Гарбачоў. Але ў 2005 годзе ўнутры структуры адбыўся раскол. З таго часу адзін Саюз палякаў, з цэнтрам у Менску, супрацоўнічае з уладамі Беларусі. А другі, з цэнтрам у Горадні, забаронены і рэгулярна трапляе пад рэпрэсіі.

Праўладную арганізацыю зь сядзібай у Менску прадстаўляе педагог і навуковец Мечыслаў Лысы. Падпольную — ужо згаданая Анжаліка Борыс. Рыхтуючы гэтую публікацыю, Свабода зьвярнулася з просьбай аб размове да абаіх лідэраў. Абодва нашыя запыты засталіся без адказу.

Дазвол Гарбачова

Глебу для Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) пачалі рыхтаваць яшчэ ў 1987 годзе, успамінае сябра незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі Катажына* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), ангажаванай у дзейнасьць польскай меншасьці ў Беларусі з канца 1980-х. У размове яна сумяшчае польскую і беларускую мовы.

«Гарбачоў прыйшоў у 85-м, праўда? У нас тады заварушыліся палякі — старыя. Яны паехалі да Гарбачова. І ім дазволілі стварыць гэтую арганізацыю», — згадвае суразмоўца.

Шыльда на Польскім доме ў Горадні. Архіўнае фота

Але афіцыйнай датай стварэньня Саюзу палякаў Беларусі лічыцца 16 чэрвеня 1990 году, калі прайшоў яго першы зьезд. Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала СПБ ў 1991 годзе. Арганізацыя клапацілася пра польскую мову, культуру, традыцыі, асьвету, месцы памяці, пахаваньні, зьвязаныя з палякамі. Яна мелася спрыяць захаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці палякаў у Беларусі.

«Пасьля Другой усясьветнай вайны — як была Польшча да 1939 году — шмат было гэтых палякаў (на захадзе Беларусі. — РС). І ім хацелася, ім важна было, каб былі палякі. Як мой тата казаў: „Гаварыце хоць як, па-простаму, толькі не па-руску“. Баяліся рускіх, не хацелі», — тлумачыць Катажына, навошта заснавальнікі стваралі асобную польскую арганізацыю.

Суразмоўца ўспамінае, што ейныя бацькі змагаліся за польскасьць у савецкі час, адзначалі сьвяты паводле польскіх традыцыяў, мелі дома каталіцкія абразы, дзяцей маглі нават пакараць за расейскую мову. Дачку прынцыпова запісалі ў дакумэнтах «Катажына», а не «Кацярына». Дзяўчынка зьвярталася да таты ня «папа», як большасьць аднаклясьнікаў, а па-польску, называла яго «татусь» (tatuś).

Гэта мела свае наступствы. Катажына ўспамінае, што зь яе сьмяяліся ў школе і праз тое, як яна гаворыць, і праз тое, што хадзіла з бацькамі ў касьцёл. У дзяцінстве яна саромелася сваіх каранёў. Некаторыя знаёмыя палякі, з успамінаў суразмоўцы, баяліся прызнавацца ў сваёй прыналежнасьці да польскай нацыянальнасьці. Інакш бы ім было складаней паступіць вучыцца, атрымаць добрую працу, уступіць у камуністычную партыю.

«Але людзі трымаліся польскасьці. Некаторыя баяліся. Як мне мой тата расказваў: „Прыходзілі: „Не пішы нацыю, не пішы“. — „Не, я паляк“». Ён змагаўся за польскасьць. Некаторыя здраджвалі, казалі, што яны не палякі, ставілі прочыркі (у савецкіх дакумэнтах. — РС), бо ты ня выедзеш зь вёскі ў горад», — расказвае Катажына.

Польскамоўная ўлётка «Я памятаю, хто я». Іх распаўсюджвалі перад перапісам насельніцтва ў Беларусі ў 2019 годзе. Архіўнае фота

Саюз палякаў у новай незалежнай Беларусі будавалі на падмурку польскіх арганізацый, якія зьявіліся на пару гадоў раней. Гэта былі Польскае культурна-асьветніцкае таварыства імя Адама Міцкевіча і Polonia. Яны дзейнічалі ў Горадні, Баранавічах, Лідзе, Менску. Паступова дзясяткі аддзяленьняў Саюзу палякаў адкрылі па ўсёй краіне, найбольш — на Горадзеншчыне.

«Цяпер кожны кажа, што і ў іх быў (аддзел. — РС), і ў іх быў», — камэнтуе Катажына тое, што праз гады ўжо цяжка разабрацца, дзе структуры СПБ пачыналі працаваць у самым пачатку.

Сталіцай польскасьці ў Беларусі была і застаецца Горадня. Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 2019 году, амаль 78% этнічных палякаў Беларусі жывуць у Горадзенскай вобласьці.

«Цэнтар перанесьлі ў Горадню (сфармавалі там. — РС). Ня ведаю, чаму так адбылося. Калі ўжо зьявілася ў Горадні, то кропкавыя былі паўсюль», — успамінае Катажына пра заснаваньне першых структураў.

Тадэвуш Гавін. Архіўнае фота

Першым старшынём Саюзу палякаў стаў польскі дзяяч Тадэвуш Гавін. Ён заступіў на пасаду, маючы 40 гадоў. Перад гэтым узначальваў ужо згаданае Таварыства імя Адама Міцкевіча. Гавін паходзіў зь мястэчка Ласосна пад Горадняй. Атрымаў вышэйшую вайсковую адукацыю ў расейскіх Арле і Ленінградзе. Служыў у памежных войсках на Далёкім Усходзе, а потым у Горадні. Выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. У 1990-я быў дарадцам старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча ў справах нацыянальнасьцяў.

Тадэвуш Гавін кіраваў Саюзам палякаў дзесяць гадоў. Калі ў 1999 годзе ў школах Беларусі хацелі зьліквідаваць польскамоўныя клясы, ён арганізаваў пратэсты ў Горадні і Менску. Гавіна ня раз арыштоўвалі і штрафавалі.

«Шануйце нас! Мы тут ёсьць, маем мець тут голас. Мы хочам быць з вамі нароўні, дапамагаць, усё разам разьвіваць. Пасьля 1939 году, паўстаньняў, войнаў хацелася ведаць сваю гісторыю, адраджаць помнікі, тую культуру сваю, каб нешта перадаць. Ніколі беларусы не сварыліся з палякамі, а разам змагаліся. Я вырасла ў такой атмасфэры», — разважае Катажына, чаму ў Беларусі паўстала польская арганізацыя.

У 1990-я гады Саюз палякаў стаў адной з найбуйнейшых грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі. У 1999 годзе ён налічваў 30 тысяч сяброў. Па ўсёй краіне адкрылі 15 Польскіх дамоў — асяродкаў, у якіх палякі сустракаліся, ладзілі польскія імпрэзы.

«Палякі зьбіраліся, сьпявалі, танцавалі, успаміналі, як нашыя дзяды танцавалі і сьпявалі, як жылі. Людзі цешыліся гэтым», — успамінае сябра Саюзу палякаў.

Пры СПБ утварылі іншыя польскія арганізацыі, у тым ліку жаўнераў Арміі Краёвай і Войска Польскага, ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якіх высылалі ў Сібір, таварыствы польскіх мэдыкаў, творцаў, моладзі.

«Вучылі польскую мову. Вучылі сапраўдную гісторыю, былі сустрэчы, клюбы. У нас быў моладзевы клюб, гарцэрскія каманды (гарцэры — польскія скаўты. — РС), „Унівэрсытэт залатога веку“, сустрэчы рэпрэсаваных і вывезеных у Сібір. Апекаваліся жаўнерамі Арміі Краёвай, пахаваньнямі. Польскія сьвяты арганізоўвалі, Божае Нараджэньне, Тры каралі, калядкі сьпявалі. Тое, што маглі рабіць, — патаемна або не патаемна. Усё адно быў кантроль», — расказвае пра дзейнасьць Саюзу палякаў Катажына.

Бацькі вучняў польскамоўнай школы № 36 у Горадні спрабуюць абараніць школу ад русыфікацыі, 2014 год. Архіўнае фота

У Беларусі пачалі працаваць дзьве школы з польскай мовай навучаньня — у Горадні і Ваўкавыску. Дзейнічалі прыватныя школкі польскай мовы ў выглядзе моўных курсаў. Дзякуючы СПБ дзясяткі тысяч дзяцей у Беларусі маглі вучыцца па-польску. Саюз палякаў Беларусі выдаваў польскі штотыднёвік Głos znad Niemna («Голас з-над Нёмана») і Magazyn Polski («Польскі часопіс»).

«Пачалі добра жыць з уладамі. А потым яны пачалі зьнішчаць адно, другое», — сьцісла расказвае Катажына пра пэрыяд дазволенай дзейнасьці, а потым перасьледу.

Раскол

Праз 15 гадоў у Беларусі стала два Саюзы палякаў. На зьезьдзе СПБ у Горадні ў сакавіку 2005 году старшынёй арганізацыі абралі Анжаліку Борыс, якая перад гэтым у СПБ адказвала за адукацыйны кірунак. Але ўлады Беларусі адмовіліся прызнаць вынікі гэтых выбараў, спаслаўшыся на парушэньні працэдуры. У гэтым жа годзе, у жніўні, яны правялі яшчэ адныя выбары старшыні — ужо на зьезьдзе ў Ваўкавыску, на якіх перамог настаўнік і школьны дырэктар Юзаф Лучнік.

Анжаліка Борыс на зьезьдзе Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні. 2016 год

Арганізацыя падзялілася. Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс перасталі прызнаваць улады Беларусі, але прызнавалі ўлады Польшчы. А структуру пад кіраўніцтвам Лучніка, наадварот, не прызнавала Варшава.

«Я так разумею, што прыйшоў кантроль, КДБ. Яны, напэўна, хацелі свае ўлады паставіць, сваіх людзей. Яны, напэўна, паглядзелі, што палякаў шмат. Яны замянілі ўладу. Яшчэ была моцная жменя гэтых людзей, палякаў. Яны не пагадзіліся з гэтым. Гісторыя пакажа, што там было», — разважае Катажына пра тое, што адбылося падчас расколу.

Дзявяты зьезд Саюзу палякаў Беларусі ў новым памяшканьні, у “сотцы” на вуліцы Будзённага ў Горадні, 2016 год. Архіўнае фота

Пасьля падзелу Польскія дамы, якія калісьці дапамагала арганізаваць Польшча, у розных гарадах перайшлі да праўладнага Саюзу палякаў, а незарэгістраваны СПБ вымушаны быў шукаць новыя памяшканьні і працягнуў дзейнасьць ужо без рэгістрацыі.

«У нас не было доступу ў Польскія дамы. Туды ніхто не хадзіў. Ня ведаю, што там адбывалася. Мне здаецца, што такой дзейнасьці там не было. Можа быць, была камэрцыйная дзейнасьць: здавалі памяшканьне пад прыватныя фірмы. Яны проста на гэтым зараблялі грошы», — камэнтуе суразмоўца сытуацыю альтэрнатыўнага Саюзу палякаў.

Перасьлед пасьля падзелу

Незарэгістраваны Саюз палякаў працягваў вучыць дзяцей польскай мове, ладзіць імпрэзы. Падобную дзейнасьць вёў і праўладны СПБ. Часам імпрэзы да нейкай падзеі, прыкладам, традыцыйнага сьвята Казюкі, абедзьве арганізацыі ладзілі асобна. Аднак для незарэгістраванага Саюзу такая дзейнасьць азначала рэгулярны перасьлед яго чальцоў.

Суразмоўца Свабоды Катажына кажа, што і пасьля 2005 году незарэгістраваны Саюз палякаў, на ейную думку, нічога кепскага не рабіў. Працягвалі выхоўваць дзяцей, ладзіць гарцэрскія (скаўцкія) клюбы, адзначаць польскія сьвяты, ставіць спэктаклі.

«Я заўсёды ўважала, што я раблю дабро», — камэнтуе яна.

Пры гэтым Катажына разумела, што за дзейнасьцю іхнага аддзяленьня сочаць прадстаўнікі ўладаў Беларусі, наведваюць іхныя імпрэзы дзеля кантролю.

Палякі прыйшлі падтрымаць кіраўніцу Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс падчас суду ў Горадні, 2019 год. Архіўнае фота

Так у ліпені 2005 году, праз чатыры месяцы пасьля «раскольнага» зьезду, у сядзібу Саюзу палякаў у Горадні ўварваліся каля трыццаці амапаўцаў, узламаўшы дзьверы. Затрымалі два дзясяткі чалавек, у тым ліку не прызнаную ўладамі старшыню Анжаліку Борыс, журналістаў і фатографаў зь Беларусі і Польшчы Анджэя Пісальніка, Сяргея Грыца, Юлію Дарашкевіч, Вацлава Радзівіновіча, Робэрта Кавалеўскага. Пасьля гэтага сядзіба перайшла да праўладнага СПБ.

Пазьней у тым жа 2005 годзе Тадэвуш Гавін правёў 30 дзён у ізалятары за «несанкцыянаваную акцыю» падчас прыезду ў Горадню Дональда Туска, тагачаснага віцэ-маршалка польскага Сэйму. Актывістаў Саюзу палякаў у тым годзе неаднаразова не выпускалі за мяжу ў Польшчу.

Анжаліку Борыс выклікалі ў міліцыю ў 2005 годзе 50 разоў. Пазьней яе аштрафавалі агулам на 1400 эўра за арганізацыю канцэрту польскага гурту ў 2008 годзе і «нелегальную дабрачынную дзейнасьць» у 2010-м. У 2019-м Борыс судзілі за арганізацыю Казюкоў, аднак апраўдалі праз «малазначнасьць парушэньня».

Адзін з буйных канфліктаў адбыўся ў 2010 годзе вакол Польскага дому ў Івянцы. Яго не маглі падзяліць праўладны і незарэгістраваны Саюзы палякаў. Некалькіх чальцоў апошняга праз гэта затрымлівалі ў Горадні за акцыю салідарнасьці з паплечнікамі з Івянца. У выніку дом дастаўся зарэгістраванай арганізацыі.

Аксана Пачобут ускараскалася на плот, каб убачыць мужа пасьля закрытага судовага паседжаньня, 2012 год. Архіўнае фота

На журналіста і грамадзкага дзеяча Анджэя Пачобута яшчэ ў 2011 і 2012 гадах завялі крымінальныя справы за «паклёп і абразу Лукашэнкі». Праз гэта ён некалькі месяцаў правёў пад вартай. У той жа пэрыяд на мірных акцыях пратэсту ў Горадні затрымлівалі некалькіх польскіх дзеячоў, у тым ліку за салідарнасьць з Пачобутам, над якім тады ішоў судовы працэс.

Аднак, нягледзячы на перасьлед, незарэгістраваная арганізацыя працягвала дзейнічаць, надалей праводзіла выбары старшыні. На зьмену Борыс прыйшла Анжаліка Арэхва, а потым Мечыслаў Яськевіч. Аднак у 2016 годзе пасьля чарговых выбараў адбыўся падзел ужо ўнутры незарэгістраванага Саюзу палякаў. У выніку Яськевіч выйшаў з гэтай арганізацыі і заснаваў новую — «Супольнасьць палякаў Беларусі». Туды перайшлі каля 70 чалавек.

Мечыслаў Яськевіч, архіўнае фота

Зьнішчэньне польскасьці пасьля 2020 году

У першыя дні пратэстаў 2020 году Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў тым, што яна нібыта дапамагла арганізаваць пратэсты ў Беларусі. Пазьней ён ня раз выказваўся пра палякаў нэгатыўна. Праява ягонага супрацьстаяньня Польшчы і іншым краінам Эўразьвязу — штучны «міграцыйны крызіс» на межах зь імі, калі сотні мігрантаў з Азіі і Афрыкі спрабуюць незаконна перакрочыць мяжу. Крызіс трывае дагэтуль.

Катажына ўспамінае, што падчас перадвыбарнай кампаніі 2020 году, калі жаночае трыё на чале зь Сьвятланай Ціханоўскай езьдзіла па беларускіх гарадах, этнічныя палякі таксама прыходзілі на акцыі з польскімі сьцягамі.

«Паказаць, што палякаў шмат, што мы разам, што на нас можна разьлічваць», — тлумачыць суразмоўца.

У сакавіку 2021 году ўлады пачалі так званую «польскую справу». Затрымалі пяць чальцоў незарэгістраванага Саюзу палякаў: тагачасную кіраўніцу арганізацыі Анжаліку Борыс, журналіста Анджэя Пачобута, кіраўніц рэгіянальных аддзяленьняў СПБ Ірэну Бярнацкую зь Ліды, Марыю Цішкоўскую з Ваўкавыску, Ганну Панішаву зь Берасьця. Іх вінавацілі ў «распальваньні нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці» за імпрэзы, якія СПБ ладзіў яшчэ ў 2018 годзе.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сустракаецца з вывезенымі зь Беларусі актывісткамі Саюзу палякаў Ірэнай Бярнацкай, Марыяй Цішкоўскай, Ганнай Панішавай. Варшава, 4 чэрвеня 2021 году

Праз два месяцы трох кіраўніц рэгіянальных аддзяленьняў вызвалілі і прымусова вывезьлі ў Польшчу без дакумэнтаў. Анжаліку Борыс праз год выпусьцілі зь сьледчага ізалятару пад хатні арышт. Яшчэ праз год стала вядома, што справу супраць яе закрылі. Яна застаецца жыць у Беларусі. Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калёніі. Польшча на знак пратэсту закрыла пераходны пункт «Баброўнікі — Бераставіца» на польска-беларускай мяжы. Пачобут правёў за кратамі больш за пяць гадоў. Сёлета ў красавіку яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу. Але ў верасьні ён наведаў Беларусь і заявіў, што плянуе прыяжджаць яшчэ.

Пасьля 2020 году абедзьве дзяржаўныя польскамоўныя школы ў Горадні і Ваўкавыску перайшлі на расейскамоўнае навучаньне.

«Нічога няма. Усё па-расейску», — Катажына запэўнівае, што ў былых польскіх школах не засталося ні факультатываў польскай мовы, ні падручнікаў у бібліятэцы.

Польскае асьветніцкае таварыства (Polska Macierz Szkolna) у Горадні, архіўнае фота

Прыватныя школы польскай мовы зьліквідавалі, сярод іх і адну з старэйшых польскіх арганізацый у Беларусі — Польскае асьветніцкае таварыства (Polska Macierz Szkolna) у Горадні. У ягоным будынку пазьней адкрылі расейскае консульства. Газэту польскай меншасьці Głos znad Niemna закрылі, а ў 2024 годзе прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

У 2022 годзе пачаліся масавыя зьнішчэньні і пашкоджаньні польскіх пахаваньняў у Беларусі. Людзі зафіксавалі з тузін такіх выпадкаў за год. Часам гэта рабілі прадстаўнікі органаў улады, часам вандалы заставаліся невядомымі. З дапамогаю цяжкой тэхнікі зьнішчылі могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну і ў вёсцы Сурконты Воранаўскага. У вёсцы Ёдкавічы Бераставіцкага раёну невядомыя выкапалі парэшткі нябожчыкаў. Падобныя выпадкі руйнаваньня польскіх могілак адбываліся і раней, прыкладам, у вёсцы Каралеўшчына Докшыцкага раёну ў 2019 годзе.

«Саюз палякаў на Беларусі»

Пра дзейнасьць праўладнага Саюзу палякаў вядома няшмат. У 2021 годзе, яшчэ да затрыманьняў польскіх дзеячоў, старшыня арганізацыі Мечыслаў Лысы заяўляў, што ў іх 4,5 тысячы чальцоў, яны валодаюць 14 Польскімі дамамі ў розных гарадах Беларусі. Раней адным з кіраўнікоў праўладнай польскай арганізацыі з 2009 па 2012 гады быў буйны горадзенскі бізнэсовец Станіслаў Сямашка, уласьнік гатэляў і рэстарацыяў.

Станіслаў Сямашка, старшыня праўладнага Саюзу палякаў, прамаўляе на адкрыцьці памятнай табліцы на доме Чэслава Немэна ў Васілішках, 2011 год

«Саюз палякаў на Беларусі», як яго называюць праўладныя СМІ, падтрымлівае палітыку рэжыму Лукашэнкі. Летась старшыня арганізацыі не хаваў, што ў іх склаліся добрыя адносіны з органамі дзяржаўнай улады, Аляксандра Лукашэнку ён ад імя палякаў у сваім выступе называў «прэзыдэнтам», хоць Польшча не прызнала афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі, як і легітымнасьці Лукашэнкі на гэтай пасадзе.

Мечыслаў Лысы, архіўнае фота

Сёлета Лысы заявіў, што 17 верасьня, «Дзень народнага адзінства», як яго называюць фактычныя ўлады Беларусі, аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў. У той жа час Польшча адзначае гэтую дату як трагічны дзень уварваньня Чырвонай арміі на тэрыторыю дзяржавы.

Помнік палеглым на Ўсходзе ў Варшаве. Ілюстрацыйнае фота

У 2021 годзе Лысы даваў справаздачу пра імпрэзы, якія ладзіць іхняя арганізацыя: сьвята Казюкі, фэстываль «Палянэз» у Слоніме, праект «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў», фэстываль польскай песьні, імпрэзы да гадавіны бітвы пад Ленінам на Магілёўшчыне ў 1943 годзе, дні і фэстывалі польскай культуры. Польская меншасьць брала ўдзел таксама ў традыцыйным Фэстывалі нацыянальных культураў у Горадні.

Легалізацыя?

Сёлета ў верасьні ў Горадні плянавалі правесьці зьезд незарэгістраванага Саюзу палякаў. Тады ж пачалі абмяркоўваць магчымую легалізацыю арганізацыі, але нібыта пры ўмове стварэньня новага Саюзу. На гэты зьезд першапачаткова і зьбіраўся Анджэй Пачобут падчас візыту ў Беларусь. Аднак у апошні момант улады Беларусі не ўхвалілі правядзеньня зьезду, і яго перанесьлі на сакавік 2027 году. Апошні зьезд незарэгістраванага Саюзу палякаў, пра які вядома публічна, праходзіў у Беларусі ў 2016-м. На ім старшынёй абралі Анжаліку Борыс. Сёлета 5 верасьня зьезд СПБ праходзіў за межамі Беларусі, у Беластоку.

Анджэй Пачобут у Горадні пасьля вызваленьня з турмы і прыезду з Польшчы, верасень 2026 году

У 2025 годзе праўладнае выданьне ў Беларусі прадставіла Анжаліку Борыс як «былую старшыню незарэгістраванага аб’яднаньня», хоць некаторыя мэдыя дагэтуль называюць Борыс кіраўніцай СПБ, у тым ліку пішучы пра апошні зьезд СПБ у Беластоку сёлета ў верасьні.

Катажына расказвае, што многіх чальцоў незарэгістраванага Саюзу палякаў пасьля 2021 году выклікалі ў КДБ, саджалі на «суткі». Яна мяркуе, што да прадстаўнікоў польскай меншасьці ўлады Беларусі дагэтуль ставяцца насьцярожана. І адзначае, што чальцы СПБ ня ведаюць, каму можна давяраць нават з паплечнікаў, бо, можа, хтосьці зь іх супрацоўнічае з уладамі. Суразмоўца кажа, што некаторых чальцоў Саюзу палякаў, якія цяпер жывуць за мяжой, запрашаюць вярнуцца ў Беларусь, імаверна, цераз працэдуру «пакаяньня».

«Людзі — палякі — баяцца, бо ўсе сядзелі, усе перасядзелі. Таму нікуды не высоўваюцца, паціху робяць нешта. Нікуды не ідуць. Людзі кажуць, што ня хочуць нікуды, пакуль усе (палітвязьні. — РС) ня выйдуць з турмы», — кажа яна.

Катажына ня ведае, чаго можна чакаць ад ідэі легалізаваць незарэгістраваны Саюз палякаў у Беларусі.

«Гэтай уладзе (рэжыму Лукашэнкі. — РС) ужо 30 гадоў. Думаю, будзе так, як і было. Легалізуюць, потым зноў забяруць. Пабачым. Маем ужо адзін легальны, будзе яшчэ адзін легальны. Ня ведаю, але добрых прадчуваньняў у мяне няма. Цяпер я ня ведаю, ці ёсьць увогуле той Саюз палякаў. Можа быць, савецкі легальны Саюз палякаў цяпер? Як можа быць цяпер легальны Саюз палякаў? Усіх павыганялі, усё закрылі — там адзін толькі ходзіць Саюз палякаў», — разважае яна пра магчымую рэгістрацыю Саюзу палякаў.

«Я не веру, што гэта можа так добра зараз скончыцца»

З словаў рэдактара аўтарытэтнага выданьня Dziennik Gazeta Prawna публіцыста Міхала Патоцкага, тэма Саюзу палякаў Беларусі ў самой Польшчы падымаецца пераважна тады, калі ўлады Беларусі аказваюць на беларускіх палякаў ціск. Сам СПБ пры гэтым застаецца чымсьці сымбалічным.

«Агулам у грамадзкай прасторы Польшчы тэма Саюзу палякаў у Беларусі зьяўляецца пераважна тады, калі там адбываецца нешта дрэннае, — кажа Міхал Патоцкі. — Так было, калі за краты трапіў Анджэй Пачобут, так раней было з арыштам Анжалікі Борыс. Так было, калі ўлады (Беларусі. — РС) пераймалі кантроль над чарговымі Польскімі дамамі, абмяжоўвалі адукацыйныя магчымасьці і гэтак далей».

Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут на пасяджэньні Вышэйшай рады Саюза палякаў Беларусі ў Беластоку. 5 верасьня 2026 году

Міхал Патоцкі гаворыць, што апошнім часам у Польшчы насамрэч заўважна, што ўлады Беларусі спрабуюць разыграць карту СПБ, дамаўляючыся з афіцыйнай Варшавай і нібыта прапаноўваючы «псэўдалегалізацыю» падпольнага Саюзу палякаў. Ці можна ставіцца да гэтага як да нечага сур’ёзнага і як успрымаюць такую магчымасьць у Польшчы?

«Я ня веру, што гэта можа так добра зараз скончыцца, — мяркуе Міхал Патоцкі. — Што проста будуць дзейнічаць у Беларусі два Саюзы палякаў — і ўсё. Бо згода на гэта адначасова і з боку Менску, і з боку Варшавы супярэчыць лёгіцы абедзьвюх гэтых палітычных сыстэмаў. Калі б Менск пагадзіўся на легалізацыю СПБ Анжалікі Борыс, то адначасова пагадзіўся б на дзейнасьць найбольшай незалежнай грамадзкай арганізацыі ў Беларусі. У сытуацыі, калі цалкам забароненая дзейнасьць нават арганізацыяў назіраньня за птушкамі, гэта не выглядае нечым арганічным. Зь іншага боку, з гледзішча Варшавы, рэгістрацыя новага СПБ і перадача яму актываў і рэсурсаў Саюзу на чале з Борыс выглядае як перадача падпольнага СПБ уладам Беларусі пад іх абяцаньне нічога дрэннага не рабіць. Паверыць у гэта было б найвялікшай наіўнасьцю ў вялікай чарадзе наіўнасьцяў, якія польскія ўлады праяўлялі ў дачыненьні да рэжыму ў Беларусі».

З словаў Міхала Патоцкага, замірэньне і легалізацыя незалежнага Саюзу палякаў Беларусі маглі б адбыцца ў лютым 2020 году, калі адносіны паміж Менскам і Варшавай былі адносна цёплымі, а ўлады ў Польшчы нават усталёўвалі афіцыйныя кантакты зь беларускай Палатай прадстаўнікоў, правамоцнасьць якой заставалася пад сумневам у Брусэлі.

Анджэй Пачобут выступае на пасяджэньні Вышэйшай рады Саюза палякаў Беларусі ў Беластоку. 5 верасьня 2026 году

«Тады гэта магло б адбыцца як лягічны фінал працэсу лібэралізацыі, візытаў, — гаворыць Міхал Патоцкі. — Не было палітвязьняў, адбываліся кантакты з ЗША, былі нейкія ўзаемныя жэсты і гэтак далей. Цяпер дыялёг толькі пачынаецца нанова, пачатак працэсу. Няма даверу паміж бакамі. Ня толькі з боку ўладаў Польшчы, але і з боку рэжыму ў Беларусі, калі казаць проста».

Суразмоўца працягвае, што, як кажа яму інтуіцыя, прапановы ўладаў Беларусі наконт арганізацыі яшчэ аднаго легальнага Саюзу палякаў выглядаюць як пастка, куды яны хочуць завабіць дзеячоў падпольнай арганізацыі.

«Яны хочуць арганізаваць новыя выбары старшыні, пасадзіць туды кагосьці свайго замест Анжалікі Борыс, — мяркуе Міхал Патоцкі. — То бок зрабіць дакладна тое самае, што ўжо рабілі ў 2006 годзе. Таму я ня веру, што гэта (стварэньне яшчэ адной польскай арганізацыі ў Беларусі. — РС) нечым скончыцца».

Ці не ператвараецца незалежны Саюз палякаў Беларусі ў сытуацыі, калі формы яго дзейнасьці абмежаваныя, а кіраўніцтва пазьбягае палітычных заяваў, у арганізацыю, падобную да праўладнага саюзу Мечыслава Лысага?

«Я думаю, што і так і не, — гаворыць Міхал Патоцкі. — Бо калі Лукашэнка раптам прачнецца і вырашыць загадаць Мечыславу Лысаму згарнуць навучаньне польскай мове, бо ўсе, хто вывучае польскую мову, цяпер экстрэмісты і пятая калёна NATO, то Мечыслаў Лысы гэта зробіць у той самы дзень. Таму я ўсё ж бачу розьніцу паміж афіцыйнай і неафіцыйнай польскімі арганізацыямі ў Беларусі. І розьніца гэта досыць фундамэнтальная».