Як паведамляе Беларуская служба Польскага радыё, «Сэйм Польшчы падтрымаў папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць частковую дэкрыміналізацыю абортаў, а таксама закон, які дазваляе перарываць цяжарнасьць у выпадку цяжкіх заганаў разьвіцьця плода — за папраўкі да Крымінальнага кодэксу прагаласавалі 217 дэпутатаў, супраць — 213, яшчэ трое ўстрымаліся».
Адна з паправак дазваляе перарываць цяжарнасьць, калі маюцца цяжкія і незваротныя паражэньні плоду. Таксама вызваляюцца ад пакараньня блізкія жанчын і няўрадавыя структуры за дапамогу ў арганізацыі аборту, піша Gazeta.pl.
Зьмены ў заканадаўстве прадугледжваюць скасаваньне крымінальнага пакараньня за перарываньне цяжарнасьці пры згодзе жанчыны з парушэньнем патрабаваньняў заканадаўства, скасаваньне пакараньня для людзей, якія дапамагаюць жанчыне зрабіць аборт, абарону мэдычных работнікаў ад крымінальнага перасьледу ў вызначаных выпадках, калі аборт патрэбны для захаваньня жыцьця або здароўя жанчыны ці зьвязаны зь цяжкімі паталёгіямі плода.
Галасаваньне ў Сэйме само па сабе яшчэ не азначае ўступленьня законаў у сілу: ім трэба прайсьці ўсе прадугледжаныя працэдуры, — піша Беларуская служба Польскага радыё.
У Беларусі аборты дазволеныя.
Што папярэднічала
Сэйм Польшы зрабіў крок да пашырэньня правоў жанчын, дазволіўшы рабіць аборт пры цяжкіх і незваротных паталёгіях плода.
Найбольш вядомым аргумэнтам для гэтага рашэньня стаў выпадак з 30-гадовай Ізабэляй ў 2021 годзе, якой лекары, баючыся крымінальнай адказнасьці, адмовіліся надаць кваліфікаваную мэдычную дапамогу пры заўчасных родах: плод быў з шматлікімі паталёгіямі, але дактары чакалі, пакуль дзіця памрэ ва ўлоньні маці.
Дзіця нарадзілася мёртвым, а на наступны дзень памерла і Ізабэля. Сьмерць наступіла праз боязь дактароў уратаваць яе жыцьцё, каб ня трапіць пад крымінальны перасьлед. Яны былі прызнаныя вінаватымі. Гэты выпадак выклікаў масавыя пратэсты жанчын па ўсёй краіне.
У Польшчы ўзаконены адзін з найбольш радыкальных падыходаў да перарываньня цяжарнасьці. Рабіць аборт тут дазваляецца толькі ў выключных выпадках, сродкі тэрміновай кантрацэпцыі прадаюцца паводле рэцэпту, а правыя палітыкі і Каталіцкая царква час ад часу спрабуюць увесьці крымінальную адказнасьць для жанчын, якія зрабілі аборт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ахрысьціць і пахаваць. Да чаго прывяла забарона абортаў у Польшчы«Чорныя пратэсты»
У 2016 годзе польскі Сэйм пасьля першага чытаньня перадаў на далейшы разгляд праект грамадзянскай ініцыятывы Stop aborcji, які прадугледжваў поўную забарону абортаў (акрамя выпадкаў пагрозы жыцьцю цяжарнай) і крымінальную адказнасьць для жанчын, якія іх рабілі. Пасьля гэтага ў краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія атрымалі назву «Чорны панядзелак». Іх падтрымалі жанчыны ў іншых краінах.
Пратэсты мелі вялікі ўплыў. Праект, які цалкам забараняе аборты, быў адхілены, а ўзровень падтрымкі іх легалізацыі значна вырас.
«Чорныя пратэсты» вельмі паўплывалі на польскае грамадзтва. Дзякуючы масавым дэманстрацыям, публічным выступам і гісторыям жанчын, якія перарывалі цяжарнасьць, узровень падтрымкі даступных абортаў вырас у два разы — з 20% да 40% — і з 2016 году расьце. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што большасьць палякаў хацела б больш лібэральнага закону.