Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахрысьціць і пахаваць. Да чаго прывяла забарона абортаў у Польшчы


Пратэст супраць закону аб поўнай забароне абортаў у Польшчы, 2016 год

Польшча мае адзін з найбольш радыкальных падыходаў да перарываньня цяжарнасьці. Рабіць аборт тут дазваляецца толькі ў выключных выпадках, сродкі экстранай кантрацэпцыі прадаюцца па рэцэпце, а правыя палітыкі і Каталіцкая царква час ад часу робяць спробы ўвесьці крымінальную адказнасьць для жанчын, якія зрабілі аборт.

Піша Дарына Мельнік з тэлеканалу «Настоящее время».

«Гэта быў іншы, цывілізаваны сьвет, дзе да жанчын ставяцца як да людзей, а не як да інкубатараў», — успамінае Патрыцыя. Ёй 23 гады, яна жыве ў Польшчы. Некалькі месяцаў таму яна зрабіла аборт, для чаго на сёмым тыдні цяжарнасьці ёй давялося ехаць у Чэхію.

У Польшчы аборт дапускаецца толькі ў трох выпадках: калі цяжарнасьць пагражае жыцьцю або здароўю жанчыны, калі выявілі цяжкую загану разьвіцьця плоду і ў выпадку згвалтаваньня. Ва ўсіх астатніх выпадках гэта забаронена.

«Гэта было адно з найцяжэйшых рашэньняў у маім жыцьці, але я не шкадавала ні хвіліны, — працягвае Патрыцыя. — Я працавала неафіцыйна, у мяне не было фінансавых магчымасьцяў, мае стасункі віселі на валаску, я баялася, што застануся адзінокай маці. Калі ж усё скончылася, я адчула велізарную палёгку, быццам атрымала новае жыцьцё».

Каб зрабіць аборт у абыход афіцыйнай сыстэмы, Патрыцыя скарысталася адным з даступных мэтадаў, пра якія расказвае Ліліяна Рэліга, прадстаўніца грамадзкай арганізацыі «Фэдэрацыя жанчын і плянаваньня сям’і».

«Жанчыны ў Польшчы маюць на выбар тры варыянты, — кажа Ліліяна. — Па-першае, знайсьці нелегальны кабінэт, але гэта страчвае сваю папулярнасьць, бо вельмі дорага, даражэй нават, чым выезд за мяжу, які зьяўляецца другой магчымасьцю. Мы наўмысна гаворым пра „абортныя міграцыі“, а не пра „турызм“, каб падкрэсьліць, якія праблемы стварае цяперашні закон, прымушаюць жанчын да неабходнасьці выезду з краіны. Трэці варыянт, які ўсё часьцей выкарыстоўваюць у Польшчы, — гэта заказ таблетак для аборту».

«Пракурор пытаўся, як я займаюся сэксам»

Замовіць таблеткі для перапыненьня цяжарнасьці вырашыла Вераніка. Гэта было значна таньней, чым ехаць у іншую краіну. «Я не хачу мець дзяцей. Калі я даведалася пра сваю цяжарнасьць, спачатку быў велізарны адчай, сьлёзы, злосьць, недавер. Я адразу хацела яе перапыніць, таму пачала шукаць у інтэрнэце, дзе можна атрымаць дапамогу».

Таблеткі Вераніка замовіла адначасова ў дзьвюх міжнародных арганізацый: WHW (Women Helps Women) і WOW (Women on Web). «Чаму ў дзьвюх? У Польшчы часта памежны кантроль затрымлівае пасылкі з мэдыкамэнтознымі прэпаратамі. Так было і ў маім выпадку. Першую пасылку затрымалі ў Варшаве, аднак другая дайшла да мяне без праблемаў», — кажа яна.

«Спачатку я павінна была прыняць адну таблетку, а праз 24 гадзіны яшчэ тры пад язык — гэта, уласна, і быў аборт», — успамінае Вераніка, якая была тады на пятым тыдні цяжарнасьці.

«Гэта было невыносна. Я плакала, кідалася па ложку. Мой партнэр пачаў плакаць са мной. Ён хацеў выклікаць хуткую дапамогу, але я не хацела. Немагчыма апісаць той боль, можна толькі параўнаць з тым, як быццам бы хтосьці знутры зрываў зь мяне пласт маткі», — апавядае яна.

Аднак для Веранікі галоўнае выпрабаваньне было яшчэ наперадзе. Калі яна рассталася са сваім партнэрам, ён пачаў патрабаваць вяртаньня грошай за таблеткі для аборту, якія яны куплялі разам.

«Ягоная маці данесла на мяне ў паліцыю, быццам гэта мая мама, якая працуе за мяжой, выслала мне прэпараты. Я вельмі баялася, калі мяне выклікалі для дачы паказаньняў у паліцэйскі ўчастак. Баялася, што магу трапіць у турму», — успамінае Вераніка.

«Згодна з законам, жанчына, якая перарывае ўласную цяжарнасьць, не падлягае крымінальнаму пакараньню, — тлумачыць Ліліяна Рэліга. — Але службы спрабуюць прадухіліць абарачэньне пігулак для аборту. Такую жанчыну могуць выклікаць для таго, каб гэтыя службы маглі ідэнтыфікаваць людзей, якія ёй дапамаглі, — прадалі таблеткі ці, уласна, падказалі, у якую клініку яна можа зьвярнуцца».

Нягледзячы на тое, што крымінальная адказнасьць Вераніцы не пагражае, ёй цяжка ў думках вяртацца да таго, што адбылося. «Я проста хацела зьехаць вучыцца ў іншы горад і пра ўсё забыць», — кажа яна.

Праз два тыдні ёй патэлефанаваў пракурор, на наступны дзень яна давала паказаньні: «Ён пытаўся ў мяне пра вельмі інтымныя рэчы. Напрыклад, ці я засьцерагаюся, калі займаюся сэксам, ці сплю зь іншымі мужчынамі. Я мала што памятаю з той размовы, хоць яна працягвалася дзьве гадзіны. У мяне быў вялікі стрэс».

Цяпер Вераніка ў чаканьні суду. Яна ня ўтойвае, што баіцца, хоць і будзе выступаць як сьведка, а не абвінавачаная: «Мне зноў давядзецца расказваць пра тое, а я хачу нармальна жыць. Не хачу хадзіць у паліцыю, да пракурораў і ў суды».

«Назвала мяне забойцам і заклікала да сумленьня»

Аднак нават тады, калі закон дазваляе рабіць аборт, гэта бывае праблематычна.

«Гэта нейкая дзірка, а не XXI стагодзьдзе! Вельмі многім людзям усё роўна, як сябе адчувае жанчына, што пагражае яе псыхічнаму здароўю», — абураецца Аніта.

Яна рабіла аборт у Польшчы легальна. Гэта была яе другая цяжарнасьць. Першае яе дзіця памерла праз тры месяцы пасьля нараджэньня з прычыны цяжкіх заган разьвіцьця. Тады перарываць цяжарнасьць ёй не прапаноўвалі. Толькі на 32-м тыдні адзін зь лепшых гінэколягаў заўважыў атрэзію страваводу, потым ня мог знайсьці ў дзіцяці страўнік. «Мяне выслалі ў варшаўскі шпіталь, дзе на другія суткі сэрца дзіцяці перастала біцца. У мяне была зялёная каляплодавая вадкасьць. Было вырашана рабіць кесарава сячэньне», — успамінае Аніта.

Лекары былі ўпэўненыя на 90%, што другое яе дзіця будзе здаровае, але гэтага не адбылося. Пасьля ўзяцьця пробаў каляплодавай вадкасьці для дасьледаваньня Аніта атрымала пасьведчаньне аб цяжкай загане разьвіцьця плоду і дазвол на аборт. «Я ўжо ведала, што пашкоджаныя ўсе клеткі цела. Што дзіця зможа пражыць толькі тры месяцы, і будзе гэта жыцьцё ў жахлівых пакутах. Я ведала, што аборт — гэта добрае рашэньне», — распавядае яна.

Але нягледзячы на заключэньне ад гінэколяга і генэтыка аб цяжкай загане разьвіцьця плоду, Аніта сутыкнулася з праблемамі: «Час ішоў, трэба было рабіць гэта неадкладна. Я сустрэлася з акушэрам-гінэколягам, жанчынай, якая спачатку спрабавала мяне вучыць і маралізаваць, а потым амаль крычала на мяне. У твар назвала мяне забойцам, заклікала да сумленьня».

Толькі атрымаўшы ўсе патрэбныя даведкі і здаўшы ўсе аналізы, Аніта змагла перапыніць другую цяжарнасьць на 23 тыдні.

«Калі аднойчы мне будзе дадзена мець дзяцей, я не хачу, каб яны расьлі ў краіне нянавісьці да жанчын. Гэта самы жудасны спосаб паказаць нянавісьць. Якая маці, што носіць пад сэрцам дзіцяці, хацела б пачуць, што яна забойца? Гэта ненармальна. Самае галоўнае — гэта нарадзіць. А што далей будзе з гэтым дзіцём — ці атрымае яно правільную апеку, колькі будзе жыць і якой якасьці будзе яго жыцьцё, — пра гэта пытаюцца нешматлікія», — кажа яна.

Схаваць заганы плоду, каб не рабіць аборту

Выпадак з Анітай не выключэньне, адзначаюць праваабаронцы. Часьцей за ўсё гэта адбываецца з прычыны страху крымінальнай адказнасьці, паколькі лекара ці чалавека, які дапамог жанчыне ў перапыненьні цяжарнасьці, могуць пазбавіць волі на тры гады. Лекары баяцца, што выпадак можа аказацца «неадназначным».

«Стварэньне бар’ераў або зацягваньне з патрэбнымі працэдурамі так, каб нельга было скарыстацца магчымасьцю перапыніць цяжарнасьць, — сітуацыя паўсюдная, — кажа Ліліяна Рэліга. — Нашы зьвесткі, якія атрымала фэдэрацыя, паказваюць, што толькі 10% шпіталёў падпарадкоўваюцца закону і перарываюць цяжарнасьць. Гэта значыць, што ўсе астатнія адмаўляюць. Звычайна яны не тлумачаць свайго рашэньня. Проста гавораць: не, мы такіх рэчаў ня робім. Калі не гавораць наўпрост, то ствараюць розныя перашкоды: кажуць, што можна перапыніць цяжарнасьць, толькі калі жанчына жыве менавіта ў гэтым ваяводзтве, патрабуюць згоды ваяводзкага кансультанта, камісіі па біяэтыцы, патрабуюць прапіску. Карацей кажучы, ставяць звышнарматыўныя патрабаваньні, хочуць папераў, якія не прадбачыцца законам».

Таксама, паводле Ліліяны Рэлігі, здараецца, што пацыенткі ня ведаюць поўнай клінічнай карціны, што ў плоду ёьсць сур’ёзныя заганы разьвіцьця, якія даюць права на перапыненьне цяжарнасьці: «Нам вядома некалькі выпадкаў з Падкарпацкага ваяводзтва. Там лекары, убачыўшы на ультрагукавым сканэры цяжкія заганы разьвіцьця, проста схавалі гэты факт — і пацыенткі даведаліся пра гэта толькі пасьля родаў».

Кіраўнік кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі ў 2016 годзе заявіў пра неабходнасьць нараджаць нават асуджаных на сьмерць дзяцей. «Мы будзем імкнуцца да таго, што нават вельмі цяжкія цяжарнасьці, калі дзіця асуджанае на сьмерць, моцна дэфармаванае, павінны завяршыцца родамі, каб дзіця магло быць ахрышчанае, насіла імя і было пахаванае». Тады заява Качыньскага выклікала чарговую хвалю пратэстаў у Польшчы.

Экстраная кантрацэпцыя па рэцэпце

У 2017 годзе ў Польшчы забаранілі прадаваць без рэцэпту экстраныя контрацэптывы (іх прымаюць у першыя 24 гадзіны пасьля неабароненага палавога акту). Многім жанчынам, у якіх няма магчымасьці купіць іх, дапамагаюць лекары з валантэрскіх арганізацый або фэміністычныя актывісткі.

Актывістка Мая Стаська апісала свой дзень барацьбы за таблетку экстранай кантрацэпцыі. Яна атрымала паведамленьне ад непаўналетняй дзяўчыны з просьбай аб дапамозе: каб атрымаць рэцэпт, той прыйшлося б ісьці да лекара з апекуном. Але дзяўчына не хацела, каб пра гэта даведаліся бацькі.

Спачатку Мая вырашыла пайсьці ў пункт першаснай мэдычнай дапамогі і ўзяць электронны рэцэпт на сваё імя, каб потым яго пераслаць непаўналетняй дзяўчыне, якая ўвесь гэты час чакала ў іншым горадзе. Аднак дзяжурная лекарка сказала, што не выпісвае рэцэпты на таблеткі экстранай кантрацэпцыі, і дадала, што яна кардыёляг, а не гінэколяг. Яна не пагадзілася даць пісьмовую адмову і назваць сваё імя і прозьвішча.

Пасьля гэтага Мая зьвярнулася ў гінэкалягічную клініку, дзе для таго, каб атрымаць электронны рэцэпт, спачатку трэба было зарэгістравацца, а потым здаць аналіз крыві.

«Лекар хацеў праверыць, ці я не цяжарная. У рэшце рэшт, як можна давяраць жанчыне ў пытаньні яе цяжарнасьці, праўда?» — камэнтуе Мая дзеяньні лекара.

Выніку аналізу трэба было чакаць яшчэ некалькі гадзін, таму Мая вырашыла неадкладна ехаць у іншы горад да дзяўчыны, якая папрасіла аб дапамозе, і аддаць сваю таблетку, якую носіць заўсёды з сабой.

«Калі падводзіць краіна, мы не падводзім — застаецца ўзаемная падтрымка. Хоць гэта жудасна, што мы гадзінамі павінны змагацца за тое, што павінна быць даступна без рэцэпту», — адзначае Мая.

Статыстыка: афіцыйная і рэальная

Паводле афіцыйных зьвестак, за год у Польшчы робяць каля тысячы абортаў. Але гэта толькі выпадкі, калі закон дазваляе перарываць цяжарнасьць. Праваабаронцы запэўніваюць, што рэальныя лічбы значна вышэйшыя.

«Паводле нашых ацэнак, у Польшчы каля 80–120 тысяч жанчын кожны год перарываюць цяжарнасьць па-за афіцыйнай сыстэмай, — адзначае Ліліяна Рэліга. — Гэтыя зьвесткі грунтуюцца, па-першае, на апытаньнях грамадзкай думкі, з якіх вынікае, што 25–33% жанчын хоць бы раз у жыцьці рабілі аборт. Па-другое, на зьвестках, атрыманых да ўвядзеньня забароны на перапыненьне цяжарнасьці. Па-трэцяе, на параўнальным аналізе з лічбамі з краінаў з падобнай дэмаграфічнай структурай».

Арганізацыі, якія выступаюць за забарону абортаў, не давяраюць гэтым лічбам і прыводзяць свае аргумэнты. «Зьвесткі пра сотні тысяч полек, якія робяць нелегальныя аборты, высмактаныя з пальца. Падчас нелегальных абортаў жанчыны выстаўляюць сябе на вельмі вялікую небясьпеку. Пры гэтым у Польшчы не фіксавалі выпадкаў сьмерці жанчын падчас нелегальных абортаў, тады як у ЗША яны здараюцца часта. Адсюль выснова, што ў Польшчы нелегальныя аборты робяць рэдка. Жанчыны, якія рашаюцца на забойства свайго дзіцяці, зьдзяйсьняюць злачынства», — упэўнены Марыюш Дзяржаўскі з праўленьня арганізацыі Fundacja Pro, якая змагаецца за поўную забарону абортаў.

Бескампрамісны кампраміс

Дыскусіі пра аборты вядуцца ў Польшчы шмат гадоў і ўспыхваюць з новай сілай напярэдадні выбараў. Галоўным праціўнікам легалізацыі абортаў была і застаецца Царква.

«Каталіцкая царква заўсёды вучыла, што аборт зьяўляецца забойствам нявіннага чалавека. Дазвол на забойства людзей, таму што яны маленькія і ня могуць сябе абараніць, — гэта ганьба для кожнай краіны, якая гэта злачынства легалізуе», — упэўнены Марыюш Дзяржаўскі.

Прыняты ў 1993 годзе закон, які дазваляе перарываць цяжарнасьць ў трох выпадках, стаў кампрамісам.

«Каталіцкая царква зьяўляецца магутнай палітычнай сілай з моманту дэмакратычнага прарыву ў 1989 годзе. Прыняцьце закону, які абмяжоўвае аборты, стала вынікам пагадненьня паміж эпіскапатам і тагачаснымі палітыкамі. Цяпер пры ўладзе кансэрватыўная партыя. Але нават цэнтрысты ў выглядзе Грамадзянскай платформы лічаць гэты закон „кампрамісам“ і не зьбіраюцца яго мяняць», — адзначае Ліліяна Рэліга.

«Чорныя» пратэсты

У 2016 годзе польскі Сэйм пасьля першага чытаньня перадаў на далейшы разгляд праект грамадзянскай ініцыятывы «Stop aborcji», які прадугледжваў поўную забарону абортаў (акрамя выпадкаў пагрозы жыцьцю цяжарнай) і крымінальную адказнасьць для жанчын, якія іх рабілі. Пасьля гэтага ў краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія атрымалі назву «Czarny poniedziałek». Іх падтрымалі жанчыны ў іншых краінах.

Гэтыя пратэсты мелі вялікі ўплыў. Праект, які цалкам забараняе аборты, быў адхілены, а ўзровень падтрымкі іх легалізацыі значна вырас.

«Чорныя пратэсты» вельмі паўплывалі на польскае грамадзтва. Дзякуючы масавым дэманстрацыям, публічным выступам і гісторыям жанчын, якія перарывалі цяжарнасьць, узровень падтрымкі даступных абортаў вырас у два разы — з 20% да 40% — і з 2016 году расьце. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што 55%-69% палякаў лічыць, што закон павінен быць больш лібэральным», — кажа прадстаўніца грамадзкай арганізацыі «Фэдэрацыя жанчын і плянаваньня сям’і» Ліліяна Рэліга.

Але пакуль што права выбару ў польскіх жанчын няма, яны лічаць за лепшае маўчаць пра свой досьвед пад страхам стыгматызацыі і публічных асуджэньняў. «Мая сям’я вельмі рэлігійная, яны сапраўды б мне гэтага не даравалі. Я пра гэта не ўспамінаю, паколькі аборт у Польшчы — гэта вельмі цяжкая тэма», — прызнаецца Патрыцыя і просіць зьмяніць яе імя. Зрэшты, як і іншыя гераіні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG