Як паведаміла выданьне delfi.lt, прэзыдэнт Фэдэрацыі сучаснага пяціборства Літвы Юсьцінас Кіндзярыс заявіў, што гэтая навіна ня стала нечаканай.
«Мы рэгулярна атрымлівалі ад кіраўніцтва UIPM пытаньні аб тым, што будзем рабіць з расейцамі і беларусамі. Мы заўсёды дастаткова адкрыта працавалі зь міжнароднай фэдэрацыяй, аднак гэтым разам давялося прасіць, аб рашэньні выканаўчага камітэту нас праінфармавалі лістом. Сумна, бо хацелася б, каб нашу шматгадовую працу для арганізацыі чэмпіянатаў і заваяваньня мэдалёў больш паважалі і разумелі. Мы чакалі простага людзкога стаўленьня, аднак не пабачылі разуменьня стану нашай фэдэрацыі», — працытавала Кіндзярыса выданьне.
Кіраўнік літоўскай фэдэрацыі ня выключыў, што пад пагрозай таксама застаецца правядзеньне этапу Кубку сьвету 2028 году, а таксама чэмпіянаты сярод юніёраў і моладзі, права на правядзеньне якіх у Коўне фэдэрацыя ўжо атрымала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міжнародная фэдэрацыя тэнісу не падтрымала вяртаньня зборных Расеі і Беларусі ў спаборніцтвыШто папярэднічала і чаму гэта важна
Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.
7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і ад 28 сакавіка 2023 году для Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.
Пасьля гэтага абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў зьнялі фэдэрацыі ў наступных відах спорту: аўтамабільныя гонкі, барацьба, бокс, валейбол, веславаньне на байдарках і каноэ (з 2027 году), гандбол, гімнастыка, конны спорт, настольны тэніс, ветразевы спорт, роварны спорт, стральба з лука, студэнцкі спорт (унівэрсіяды), сучаснае пяціборства, фэхтаваньне, хакей на траве, цяжкая атлетыка, шахматы.
У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца толькі ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў: мужчынскага юніёрскага чэмпіянату сьвету ў найвышэйшым дывізіёне, жаночага юніёрскага ў трэцім дывізіёне і жаночага дарослага — у чацьвёртым. Да галоўных турніраў — мужчынскага чэмпіянату сьвету і моладзевага (для гульцоў да 20 гадоў) чэмпіянату сьвету — доступу не далі.
У скалалажаньні і тэнісе беларусам дазволілі выступаць толькі паасобку і ў нэўтральным статусе. У стралецкім спорце ў нацыянальным статусе могуць выступаць толькі юніёры.
Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам забараняе беларускім спартоўцам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах — нават паасобку і ў нэўтральным статусе.
Літва асудзіла рашэньні міжнародных спартовых арганізацый аб скасаваньні абмежаваньняў для спартоўцаў зь Беларусі і Расеі.