Польскія памежнікі адправілі дадому каманду беларускіх каратыстаў за нямэтавае выкарыстаньне візаў

Каратэ, архіўны здымак

Скандал адбыўся не на мяжы, а ўжо на турніры, калі арганізатары выклікалі Памежную варту.

У Польшчу на першынство сьвету сярод кадэтаў і юніёраў (да 21 году) у каратэ прыехалі 11 беларускіх спартоўцаў. Турнір адбываўся ў горадзе Бельска-Бяла на поўдні Польшчы.

Цікава тут тое, што арганізатары не запрашалі спартоўцаў ані зь Беларусі, ані з Расеі, супраць якіх дзейнічаюць абмежаваньні. Удзел каратыстаў з грамадзянствам гэтых дзьвюх дзяржаў у міжнародных спаборніцтвах забаронены ўсясьветнай фэдэрацыяй гэтага віду спорту.

Як піша навінная старонка bielsko.biala.pl, першым сыгналам было зьяўленьне расейца на курсе для судзьдзяў. Падобна, што беларусы і расейцы меркавалі, раз прыехалі на турнір, іх дапусьцяць да старту. Аднак на расейца выклікалі памежнікаў, якія й затрымалі яго.

Памежнікі праверылі і пашпарты спартоўцаў, дзе высьветлілі, што ў Польшчу яны трапілі дзякуючы турыстычным візам. Гэта не адпавядала сапраўднай мэце візыту, таму катарыстам выдалі загад пакінуць тэрыторыю Польшчы цягам 8 дзён.

Адметна, што Польшча ў сьвятле апошніх палітычных падзей ужо не выдае такі тып візаў грамадзянам Расеі. Падобна, у расейцаў былі візы іншай краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Італьянскія візы — усё? Што зараз будзе з шэнгенам для беларусаў

Чаму гэта важна

Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.

7 траўня 2026 году выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.

Пасьля гэтага абмежаваньні зь беларускіх спартоўцаў ужо зьнялі фэдэрацыі ў наступных відах спорту: аўтамабільныя гонкі, барацьба, бокс, валейбол, веславаньне на байдарках і каноэ (з 2027 году), гандбол, гімнастыка, конны спорт, настольны тэніс, парусны спорт, роварны спорт, стральба з лука, студэнцкі спорт (унівэрсіяды), сучаснае пяцібор’е, фэхтаваньне, хакей на траве, цяжкая атлетыка, шахматы.

У хакеі беларускім камандам дазволілі вярнуцца толькі ў тры турніры сэзону 2026–2027 гадоў: мужчынскага юніёрскага чэмпіянату сьвету ў найвышэйшым дывізіёне, жаночага юніёрскага ў трэцім дывізіёне і жаночага дарослага — у чацьвёртым. Да галоўных турніраў — мужчынскага чэмпіянату сьвету году і моладзевага чэмпіянату сьвету (для гульцоў да 20 гадоў) — доступу не далі.

У скалалажаньні і тэнісе беларусам дазволілі выступаць толькі паасобку і ў нэўтральным статусе. У стралковым спорце ў нацыянальным статусе могуць выступаць толькі юніёры.

Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі па-ранейшаму цалкам забараняе беларускім спартоўцам удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах — нават паасобку і ў нэўтральным статусе.

У той жа момант шэраг відаў спорту не ўваходзіць у алімпійскую праграму, але таксама пільна рэгулюе ўдзел спаборнікаў з розных краін у сваіх турнірах. У каратэ міжнародная фэдэрацыя яшчэ не дазваляла беларускім удзельнікам вярнуцца на міжнародную арэну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародная фэдэрацыя тэнісу не падтрымала вяртаньня зборных Расеі і Беларусі ў спаборніцтвы