У Кіеве ёсьць загінулыя і пацярпелыя ад расейскага абстрэлу. Пашкоджаныя жылыя дамы, мэдычны цэнтар, мэтро і дата-цэнтар

Расейскі дрон, які ўпаў у цэнтры Кіева. Ілюстрацыйнае фота

У выніку расейскага ракетнага абстрэлу ў Кіеве загінуў адзін чалавек і яшчэ восем атрымалі раненьні.

Як паведамілі гарадзкія ўлады, пацярпелі тры раёны ўкраінскай сталіцы — аскепкі лучылі ў жылыя дамы, мэдычны цэнтар, наземную станцыю мэтро і гандлёвы цэнтар. У Кіеўскім мэтрапалітэне паведамілі, што сама меней дзьве станцыі будуць закрытыя на выхад і ўваход, пакуль не адновяць каляіны і кабэльную сетку.

Тым часам крыніцы журналіста Радыё Свабода Алекса Раўфоглу паведамілі, што балістычны ўдар адбыўся без папярэджаньня. «Зноў не было ніводнага папярэдняга паведамленьня аб балістычнай атацы на Кіеў», — паведаміў карэспандэнт Свабоды на плятформе Х.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп прыпыніў санкцыі супраць Расеі паводле закону Грэма яшчэ да таго, як яны набылі моц

У Ірпяні пад Кіевам спынілі вучобу ў школах праз расейскі абстрэл. Расейскія войскі пацэлілі ў жылы сэктар і ў прадпрыемства. Там пачаўся пажар, падняўся густы чорны дым, улады рэкамэндавалі гараджанам не выходзіць на вуліцы і зачыніць вокны. Траўмы атрымалі 6 чалавек, у тым ліку трое дзяцей.

Кіеўская кампанія «Датагруп» ня зможа аднавіць дзейнасьць

У кампаніі «Датагруп», адной з найбольшых на ўкраінскім рынку тэлекамунікацыяў, дзе яна працуе больш за 25 гадоў, паведамілі аб зьнішчэньні ў выніку расейскіх абстрэлаў яе дата-цэнтру.

«У выніку начной балістычнай атакі цалкам вывелі з ладу абсталяваньне і інфраструктуру дата-цэнтру „Датагруп“. На жаль, яго аднаўленьне і далейшая праца немагчымыя. Нашыя супрацоўнікі не пацярпелі. Працягваем надаваць сэрвісы кліентам з рэзэрвовых пляцовак», — паведамляе кампанія.

У Харкаве 11 параненых

Улады Харкаўскай вобласьці паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі абласны цэнтар і яшчэ 17 населеных пунктаў. Раненьні атрымалі 11 чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

Расейскія войскі атакавалі рэгіён дронамі і ракетамі. Пашкоджаныя і зруйнаваныя аб’екты цывільнай інфраструктуры, жылыя дамы, гаражы і аўтамабілі.

Улады Ўкраіны таксама паведамілі аб расейскіх ударах па Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай вобласьцях Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.