«Канапа» з Гарцуевай — пра «гэбістаў» на кастынгу, падпольле ў Беларусі і «тры гады ў сьне»

Валянціна Гарцуева

Актрыса Валянціна Гарцуева, якая сышла з Купалаўскага тэатру разам з большасьцю трупы ў 2020 годзе, прызналася, што амаль перастала сачыць за тым, што цяпер адбываецца ў тэатры. Спачатку, паводле яе, цікавасьць яшчэ заставалася і нават было «маленькае зларадзтва», але пазьней яно зьнікла.

Пра гэта Гарцуева расказала ў інтэрв’ю праекту «Канапа» на YouTube-канале Радыё Свабодаы.

01:05 – Ці вярнулася б у Беларусь: «Купалаўскі тэатр памёр?»
04:45 – Звальненьне ў 2020 годзе: ці шкадуюць купалаўцы пра свой выбар
07:45 – Чаму нельга было маўчаць і застацца ў сыстэме
09:15 – «Гэбісты на кастынгу»: што зараз адбываецца ў Купалаўскім
11:20 – «Гэта чорная метка»: чаму сумленныя акторы не ідуць у тэатр
12:35 – Творчасьць у сучаснай Беларусі ці эміграцыя?
14:26 – Павал Латушка як дырэктар Купалаўскага: цэнзура ці росквіт?
16:40 – Ці магчыма тэатральнае падпольле ў Беларусі
20:00 – Сваркі паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся
21:08 – Тэатр купалаўцаў у эміграцыі: чаканьні супраць рэальнасьці
23:00 – Чаму складана стварыць сталы беларускі тэатр у Варшаве
27:00 – Як і на што жывуць беларускія акторы ў эміграцыі
29:20 – Здымкі ў расейскіх серыялах і пэрспэктывы беларускага кіно
31:35 – Лукашэнка і тэатр: цэнзура, датацыі і «страна-партызанка»
34:25 – Які беларускі серыял патрэбны
36:25 – Ідэалягічная камісія перад прэм’ерамі і БЧБ-хусткі
37:20 – Лепшыя гады ў Купалаўскім тэатры
38:45 – Тэатральная дынастыя Гарцуевых: пакліканьне ці прысуд?
41:05 – Адваротны бок акторства: страчанае здароўе і нэрвы
43:20 – «Ці ўсё па блаце»: пра бацькоў і выхаваньне
45:13 – Жыцьцё на дзве краіны: чаму не пераязджае ў Нямеччыну да мужа
47:12 – Як муж-немец жыў у Беларусі: «Беларусы — коцікі»
49:40 – Каханьне і шлюб на адлегласьці
51:32 – Вяртаньне дадому: што прыцягвае ў Беларусь больш за ўсё
54:40 – Сындром адкладзенага жыцця: «Тры гады ў Польшчы прайшлі як у сне»
56:35 – Чаму не спрабуе рабіць кар’еру ў польскім тэатры
59:06 – Ці ёсьць будучыня ў тэатра ў эпоху Netflix і сацсетак
01:01:20 – Чаму хацела памерці на сцэне Купалаўскага
01:03:06 – Ролі, выгараньне і шкодныя звычкі
01:05:30 – Што зробіць Валянціну Гарцуеву па-сапраўднаму шчаслівай

«Пакуль я жыла яшчэ ў Менску, мне было цікава. Я глядзела, было нейкае такое маленькае зларадзтва — гэта няправільныя пачуцьці, але я сачыла за імі. Потым гэтая цікавасьць цалкам зьнікла, таму што я зразумела, што там адбываецца нейкі, я не ведаю, як гэта нават назваць, трэш. Гэта проста непрафэсійна, мне здаецца, прабачце», — сказала актрыса.

Нядаўна, аднак, альгарытмы Instagram зноў паказалі Гарцуевай старонку Купалаўскага тэатру. Там яна пабачыла відэа з чарговага кастынгу.

«Я ўжо ня ведаю, які там у іх кастынг, соты. Я ня стала доўга разьбірацца, але на відэа было бачна, што там сядзіць, відаць, мастацкі кіраўнік. Мне падалося, што нават людзі, якія выглядалі, прабачце, як гэбісты. Гэта ўсё вельмі сумна, гэта ўсё вельмі нецікава. І няма жаданьня сачыць».

На пытаньне, чаму ўлады за некалькі гадоў так і не здолелі сабраць у Купалаўскім новую моцную трупу, хаця ў Беларусі ёсьць тэатральныя навучальныя ўстановы і маладыя акторы, Гарцуева адказала:

«Гэта чорная метка. Таленавітыя, разумныя акторы, годныя людзі, нягледзячы на тое, што яны засталіся ў Беларусі, яны не пойдуць». На яе думку, сёньняшні Купалаўскі трэба «цалкам ігнараваць».

Пры гэтым Гарцуева не верыць, што ў цяперашняй беларускай сыстэме можна адкрыта стварыць нешта сапраўды новае і актуальнае ў мастацтве. «Калі няма свабоды слова, калі няма ўвогуле свабод, гэта ўсё вельмі цяжка ідзе. А цяпер і пагатоў. Таму я не веру, на жаль, не веру, што можна ўвогуле стварыць нешта ў Беларусі — непадпольнае, адкрытае, актуальнае, цудоўнае, новае», — сказала актрыса.

Пра праект «Канапа»

«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.